Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Погляд на Амэрыку не праз прыцэл


Чаму Беларусь пагадзілася на поўную нармалізацыю дачыненьняў са Злучанымі Штатамі Амэрыкі?

Абмяркоўваюць: Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст.


Глод: Беларусь і ЗША гатовыя да поўнай нармалізацыі двухбаковых адносінаў, заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей 25 красавіка. Пра гэта ён сказаў учора падчас цырымоніі адкрыцьця памятнай дошкі амэрыканскай супрацоўніцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Беларусі Рут Уолер, якая памерла, выратоўваючы жыцьці трох беларускіх дзетак.

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства падкрэсьліў: «Мы павінны глядзець адзін на аднаго не праз зброевыя прыцэлы, а павінны размаўляць, мець адкрыты дыялёг. Так, дыялёг можа быць цяжкім, але мы павінны шукаць кампрамісныя рашэньні тых складаных пытаньняў, якія здаюцца непераадольнымі».

Важнай часткай гэтага дыялёгу стане пытаньне пра ўзаемнае вяртаньне амбасадараў. Беларусь да гэтага ўжо гатовая — сказаў міністар Макей. А часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд назваў магчымае вяртаньне амбасадараў «вельмі добрым крокам наперад». Ён сказаў, што гэта можа быць тэмай для абмеркаваньняў зь Міністэрствам замежных спраў Беларусі ўжо сёлета.

Я думаю, што працэс нармалізацыі дачыненьняў паміж Менскам і Вашынгтонам ужо фактычна пачаўся.


Тут самы час вярнуцца да, як кажуць, гісторыі пытаньня. Да 2008 году ў Беларусі працавала паўнавартасная амбасада ЗША, гэтаксама, як у Вашынгтоне — беларуская. Але калі Злучаныя Штаты ўвялі эканамічныя санкцыі супраць беларускіх дзяржаўных кампаніяў, у прыватнасьці «Белнафтахіму», афіцыйны Менск запатрабаваў ад ЗША адклікаць амбасадара і большасьць дыпляматаў, скараціўшы амэрыканскую прысутнасьць у Менску і беларускую ў Вашынгтоне да мінімуму.

Лукашэнка так рэзка адрэагаваў на эканамічныя санкцыі таму, што на той час меў моцную эканамічную падтрымку ад Расеі. ЗША, зразумела, не маглі не адрэагаваць на патрабаваньне беларускага боку.

Цяперашняя сытуацыя істотна адрозьніваецца ад 2008 году. Амэрыканскія санкцыі зь беларускіх кампаніяў часткова зьнятыя. А палітыка «русского мира», якую праводзіць Уладзімер Пуцін, палохае Лукашэнку. Падзеі ва Ўкраіне паказалі, што Эўропа, нягледзячы на намаганьні кіраўнікоў Нямеччыны і Францыі, ня можа гарантаваць мір і незалежнасьць ад Крамля былых савецкіх рэспублік. Лукашэнка цудоўна разумее, што яму ў любы момант можа спатрэбіцца падтрымка самай магутнай краіны сьвету — Злучаных Штатаў Амэрыкі. Менавіта гэта і тлумачыць, на мой погляд, публічныя захады кіраўніцтва Беларусі да поўнага ўрэгуляваньня дачыненьняў з ЗША.

Я думаю, што працэс нармалізацыі дачыненьняў паміж Менскам і Вашынгтонам ужо фактычна пачаўся. А ад вас, калегі, хацеў бы пачуць, меркаваньні па двух яго аспэктах: што можа замінаць узнаўленьню нармальных дачыненьняў і колькі прыкладна часу гэта зойме?

Карбалевіч: Лукашэнка падчас выступу з пасланьнем, з аднаго боку пахваліў ЗША. Ён сказаў, што намесьнік памочніка міністра абароны ЗША Майкл Карпэнтэр — найразумнейшы чалавек. І што ЗША, у адрозьненьне ад Расеі, ня ставяць пытаньне рубам: Беларусь павінна быць з намі ці з Расеяй.

Менск больш зацікаўлены ў поўнай нармалізацыі адносінаў з США, вяртаньні амбасадараў, чым Вашынгтон.


А зь іншага боку, Лукашэнка адзначыў, што працэс адносінаў Беларусі з Захадам ператвараецца ў «гаварыльню». У перакладзе на нармальную мову, гэта можна сфармуляваць так: хопіць гаварыць, давайце грошы. Думаю, Менск больш зацікаўлены ў поўнай нармалізацыі адносінаў з США, вяртаньні амбасадараў, чым Вашынгтон. Для ЗША Беларусь далёка на пэрыфэрыі іх замежнай палітыкі. Думаю, прэзыдэнт Барак Абама можа і ня ведаць, ня памятаць, што ў Менску няма амэрыканскага амбасадара. А Беларусі важна мець нармальныя стасункі з ЗША ў кантэксьце агульнай лініі на балянсаваньне паміж рознымі цэнтрамі сілы, на нармалізацыю адносін з Захадам. Таму, калі Менск хоча вырашыць «пасольскае пытаньне», то павінен зрабіць першы крок, першую саступку. Тады, магчыма, у адказ ЗША зьменшыць эканамічныя санкцыі адносна Беларусі.

Дракахруст: Хачу падхапіць вашу апошнюю і думку і нагадаць, што Аляксандар Лукашэнка ў самыя канфліктныя гады, калі адносінаў амаль не было, неаднаразова падкрэсьліваў, што Злучаныя Штаты — гэта стабілізатар сытуацыі ў рэгіёне. Гэта, на першы погляд, даволі дзіўна зь яго вуснаў гучала, але сапраўды гэта такое меркаваньне чыста геапалітычнае. Маўляў, такая моцная дзяржава, здольная і сілу ўжыць, калі трэба — гэта вельмі важны фактар. У межах брутальнага, мачысцкага ўяўленьня пра палітыку Аляксандра Лукашэнкі ягоная варожасьць да ЗША спалучаецца з павагай, што яны супраць мяне, але сапраўдныя мужыкі. Памятаеце ягоную фразу ў інтэрвію Дарэнку, што ў гэтых эўрапейцаў яец няма. А пра амэрыканцаў ён ніколі такога не казаў — у іх усё, што патрэбна, ёсьць.

У амэрыканскага боку ёсьць матывы для паляпшэньня адносінаў. Гэта вынік зьмены сытуацыі ва Ўкраіне, тое, што рэгіён ператвараецца ў шахматную дошку геапалітычнай гульні.


І мець нармальныя адносіны з той сілай, якая шмат што вырашае, калі ня ўсё — гэта прамы інтарэс, нават у межах дыктатарскай лёгікі.

Але і ў амэрыканскага боку ёсьць матывы для гэтага паляпшэньня адносінаў. Гэта вынік зьмены сытуацыі ва Ўкраіне, тое, што рэгіён ператвараецца ў шахматную дошку геапалітычнай гульні. Таксама варта ўлічыць, якую палітыку зараз вядзе Эўразьвяз. ЗША заўсёды імкнуліся, каб увесь Захад — яны і Эўропа — выступалі адзіным фронтам. А калі лінія фронту зьмянілася, калі эўрапейскія краіны шмат у чым пайшлі насустрач Менску, то Злучаныя Штаты, калі б яны захоўвалі сваю пазыцыю, дык яны аказаліся б у пэўнай ізаляцыі — а не Менск. І вось пазыцыя карэктуецца. Гэта ня значыць, што Лукашэнку будуць у лобік цалаваць, усё яму даваць — не. Але пэўныя акцэнты зьмяшчаюцца. У рэшце рэшт мы гаворым усяго пра нармалізацыю адносінаў, а не пра якія саюзы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG