Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каханьне — гэта суцяшэньне ад Бога, каб ня страшна было паміраць.14 цытат Сьвятланы Алексіевіч


Сьвятлана Алексіевіч і вядоўца прэзэнтацыі Аляксандар Лукашук.
Сьвятлана Алексіевіч і вядоўца прэзэнтацыі Аляксандар Лукашук.

Выбранае зь першага публічнага выступу нобэлеўскай ляўрэаткі па літаратуры ў Менску на прэзэнтацыі кнігі «Алексіевіч на Свабодзе»

Я ня здраджу маленькаму чалавеку

«Я заўсёды шукаю чалавека ўзрушанага. Я застаю людзей альбо побач са сьмерцю, альбо ў стане каханьня. Тады чалавек уздымаецца на цырлы, ён вышэй за сябе, ён самы харошы — лепшы ён не бывае! І тады ён вельмі хораша гаворыць. І яшчэ ў мяне такі прынцып — ня браць у героі сваіх кніг людзей вядомых. Вось нават зараз у кнігу пра каханьне мне прапанавалі ўзяць гісторыю сям’і Гарбачовых. Я некалі сустракалася з Гарбачовым... Але, ведаеце — не. Не. Я ўсё ж такі ня здраджу маленькаму чалавеку. Я ўсё ж такі буду пісаць пра яго».

Вы ўбачыце залаты батон

«Вялікія людзі, якія яны? Гэта як лецішча Януковіча: здаецца, тоіцца там штосьці неверагоднае за гэтай аўрай улады, а потым вам адкрыюць дзьверы і пакажуць, як ён жыў. Вы ўбачыце гэты залаты батон, неверагодныя прасьціны з партрэтамі ўласнымі... Я думаю, мы такое ўбачым таксама... (аплядысмэнты). І вы проста ахнеце, наколькі гэта таксама маленькі чалавек...»

Цяпер зноў час кнігі

«За апошнія тры месяцы я была ў пяці эўрапейскіх краінах, і мне паўсюль казалі адну цікавую рэч: „Цяпер зноў час кнігі“. І ніхто ня можа знайсьці гэтаму тлумачэньне: людзі зноў пачалі чытаць кнігу. І не электронную. Я нават гэта бачу па сваіх накладах. Ня толькі „набэліянства“ адыграла ролю, а адыграла нейкае паветрые... Сьвет жа маленькі. Так што кніга пачала другое жыцьцё. Гэта кажуць выдаўцы, гэта кажуць пісьменьнікі. У нас, у нашага пакаленьня, я думаю, няма такога вялікага разрыву з кнігамі».

Не магу ўлезьці ў скуру мужчын

«Зараз я раблю кнігу пра каханьне, і мне цяжэй за ўсё зразумець маладых і мужчын. Вось расповеды мужчын пра каханьне — гэта складана... Або я не магу ўлезьці ў іх скуру?..»

Я ўжо стамілася ад самой сябе

«Я цяпер ня вельмі хачу выступаць (а выступаў шмат) — таму што я ўжо стамілася ад самой сябе. Мне патрэбны час, каб прыслухацца да сябе, неяк абжыць гэты стан, таму што Нобэлеўка існуе асобна, я існую асобна... Я ўсё ж такі не такая вар’ятка, каб думаць, што я такая вялікая, усё ж такі я адэкватны чалавек. А да чалавека нельга прыйсьці напалову пустым, з напрацаванымі прыёмамі, маўляў, „я ўжо прафэсіянал“. Але прафэсіяналізм — гэта тое, пра што на працы вы павінны забыцца. Вы павінны прыйсьці з тым, што называецца „трымценьнем тайны“. Вы павінны прыйсьці і вызваліцца да такой ступені, каб у чалавека зьявіўся і кураж, і азарт...»

Прыватнае жыцьцё — надзвычай цікавая рэч

«Моладзь, як яе назваў Платонаў, гэта сьвежы час. Яны на 40–50 гадоў маладзейшыя за цябе. Гэта зусім іншыя людзі. Сярод зусім іншага адзеньня, машын... У іх абсалютна свае каштоўнасьці, поўны разрыў з савецкімі каштоўнасьцямі, на якіх мы выраслі. І нават з каштоўнасьцямі нацыянальнымі, да якіх мы не прыйшлі. Яны ня ў стане ўсё гэта схапіць. І яны занятыя проста жыцьцём. І гэта культ прыватнага жыцьця. Я спачатку ставілася да яго з пагардай. Але пасьля зразумела, што гляджу на гэта не як мастак. Прыватнае жыцьцё — гэта надзвычай цікавая рэч. Проста мы ніколі не жылі прыватным жыцьцём. Мы заўсёды альбо ні з чым, альбо ў нас поўныя кішэні нейкага барахла. Тут, аказваецца, тваё, мэтафічнае — яно вельмі цікавае... У нашы смутныя часы важна захаваць у сабе чалавека, не схіліцца. Будуць новыя часы, і ім патрэбны будуць новыя людзі».

Кнігі, над якімі цяпер працую

«Дзьве кнігі, над якімі я цяпер працую — гэта пра каханьне мужчыны і жанчыны, і пра старасьць і сьмерць. Пра каханьне паспрабуй, распавядзі... Лёгка распытваць, і я заўсёды думаю: якія цудоўныя людзі, якіх я распытваю! А распытаў бы хто мяне, як гэта было б складана... А старасьць, і сьмерць — якая філязофія гэтага! Гэта не філязофія жыцьця. Цяпер мне значна складаней сабраць тое, што ёсьць кнігай, літаратурай. Працы хопіць яшчэ на гадоў 20».

Адамовіч — гэта наш Вацлаў Гавэл

«Нас затрымалі ў часе... Маса нямногае можа. Хтосьці адлівае ёй форму. І добра сказаў сам рускі народ, у яго ёсьць прыказка пра сябе: „З народа можна зрабіць і дубіну, і ікону, абраз“. Штосьці падобнае можна сказаць і пра нас. Хаця ў нас няма такой рашучасьці і мэнтальнасьці. Але можна сказаць, вось калі б у нас быў Вацлаў Гавэл... Альбо Алесь Адамовіч —я заўсёды лічу гэта наш Вацлаў Гавэл. Мне здаецца, ён пасаваў на гэтую ролю. У яго быў такі эўрапейскі погляд на сьвет. Ён з любым чалавекам быў на роўных. З эўрапейскім, з нашым простым. Вось толькі ў Алесю Адамовічу я гэта бачыла гэту эўрапейскасьць. Калі б такі чалавек быў на чале, то гэта было б другое грамадзтва. І за гэтыя 20 гадоў мы прайшлі б іншы шлях. Але, з другога боку, вось дэманізуюць Пуціна, а насамрэч гаворка вядзецца аб калектыўным Пуціну. Чалавек наверсе акумулюе тое, што схавана ў душы мільённых мас... Гэта адбылося і з намі. Адзін чалавек накрыў наш час. І мы ўсе апынуліся ня там, дзе думалі».

Пакуты памяншаюць чалавека

«Чаму нашы пакуты не канвэртуюцца ў свабоду? Я ня ведаю. Можа быць, пакуты, якія пачынаюцца з майго любімага Дастаеўскага... У нас такі культ асобы — пакуты. Пакуты і ў праваслаўі, і ў нашай літаратуры — сапраўды культ. Можа, я ня маю рацыі, але мне падаецца, што пакуты ламаюць, затрымліваюць, памяншаюць чалавека. І ў вялікай спрэчцы літаратуры, калі спрачаюцца Салжаніцын і Шаламаў, Салжаніцын лічыў, што пакуты, лягер чалавека ўзвышаюць, а Шаламаў казаў, што лагер разбэшчвае і ката, і ахвяру. Ахвяра і кат зьліпаюцца ў падзеньні. Нешта падобнае адбываецца і з намі...»

Мне цяжка жыць не на радзіме

«Чаму я вярнулася з Эўропы? Я б магла там застацца. Але я хацела б жыць дома. Мне цяжка жыць не на радзіме... Я радасна сустракаюся зь людзьмі, гэта мой сьвет, гэта мая зямля...»

Улада не існуе адна, гэта цэлы ланцужок

«Самая галоўная небясьпека ўлады — што яна прымітыўная. Яна спрашчае ўсе праблемы, якія паўстаюць перад ёй. У яе паўстае толькі адна праблема — гэта праблема ўлады. Ну як я магу сур’ёзна ставіцца да міністра інфармацыі Ананіч, у якой пытаюцца: „А чаму няма кніг Алексіевіч па-беларуску?“ А яна кажа: „А ўсе правы ў рускага выдавецтва“. Калі ты кіруеш, то ты павінна ведаць, што рускага выдаўца хвалююць рускія правы, яму зусім нz трэба беларускія правы. Ці калі ў галоўнага рэдактара „Мастацкай літаратуры“ пытаюцца, чаму няма кніг Алексіевіч, ён кажа: „Яна не прынесла рукапісаў“. Яму задаюць другое пытаньне: „А калі прынясе рукапісы?“ — „Ведаеце, у нас 500 рукапісаў, на 5 гадоў“. Улада ж не існуе адна, гэта цэлы ланцужок. Гэта вельмі складанае існаваньне».

Чарнобыль — праблема, якую мы не зразумелі

«Праблема Чарнобыля стане перад намі. Нядаўна я размаўляла зь японцамі, і яны сказалі, што многія рэчы ў нас падобныя: „У нас улада паводзіла сябе так жа, як паводзіць сябе ваша ўлада. Многага мы ня ведалі. Але мы былі ўзброеныя вашымі ведамі. Без Чарнобыля мы былі б ня так гатовыя да Фукусімы“. Усё ж такі Чарнобыльскі ўрок застаўся. Ёсьць такі анэкдот, крыху грубы: „Калі б Чарнобыль выбухнуў у папуасаў, усе б ведалі, акрамя папуасаў“. Наша ўлада часам мне нагадвае такіх папуасаў... Чарнобыль — гэта праблема, якую мы не зразумелі і мы ня вывучылі. Калі ўлада акультурыцца, то гэта будзе галоўнай нашай праблемай. Гэта праблема на некалькі пакаленьняў».

Нацыянальная праблема самая галоўная

«Нацыянальная праблема, натуральна, вельмі важная. Праблема мовы, літаратуры, культуры, каб мы сталі паўнавартаснай нацыяй. Ва Ўкраіне ў савецкі час усе размаўлялі па- руску, а цяпер, калі я была там нядаўна, усе гавораць па-ўкраінску. Па-украінску і па-ангельску. Значыць, гэта можна. Можа нацыя зрабіць такі рывок. Гэта магчыма. У нас з кім ні сустрэнься — дактары, таксісты, выпадковыя людзі — усе разумныя, усе ўсё разумеюць. Але кожны сядзіць, як крот, у сваім кутку. Што яны там рыюць, я ня ведаю. Так што нацыянальная праблема самая галоўная, і Чарнобыль».

Мне бліжэйшыя Гандзі і пацыфізм

«Гэта здорава — Майдан, але мне бліжэйшыя Гандзі, пацыфізм. Ці магла б я заклікаць людзей на Плошчу? Сама б я змагла пайсьці, а паклікаць дзяцей — ня ведаю. Для мяне гэта вялікае пытаньне. Калі б я пайшла, у мяне «корачка» Алексіевіч, мне дадуць па галаве, але на другі дзень, спадзяюся, выпусьцяць. Хаця таксама ўсё можа быцью Але дзеці... Дзеці, гэтыя пакуты... Калі я пісала «Час сэканд-хэнд, шукала герояў, то бачыла людзей, што зьязджаліся з усёй Беларусі, плакалі пад сьценамі турмы. Гэта было невыносна. Я баюся, што ў нас усё можа быць. Гэта відавочна. І Расея такая вялізная, яна можа ўцягнуць нас у варонку. Украіну ніхто не пускае ў Эўропу, а хто нас адпусціць? Часы трывожныя. Але гэта не адмяняе адзінае наша жыцьцё. Таму, канечне, трэба быць шчасьлівым, трэба паспрабаваць, пастарацца».

Каханьне як суцяшэньне ад Бога

«Што такое каханьне для мяне? Тое, што і для ўсіх. Гэта такое суцяшэньне ад Бога, каб ня страшна было паміраць».

Глядзіце поўнае відэа прэзэнтацыі кнігі «Алексіевіч на Свабодзе» на Youtube, слухайце аўдыё на Soundcloud, пампуйце гэтую кнігу і іншыя бясплатна зь «Бібліятэкі Свабоды»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG