Вядомы музыка, лідэр гурту White Night Blues, дасьледчык беларускага шоў-бізнэсу Юры Несьцярэнка адзначыўся ў новай якасьці — як краязнаўца. Ягоная кніжка «Маё мястэчка ў часе і прасторы» прысьвечана аднаму з уладаньняў роду Сапегаў ва ўсходняй Беларусі — Бялынічам. Сам Несьцярэнка жыве там з маленства. У кніжцы, сыстэматызуючы розныя зьвесткі, ён прасочвае шлях Бялынічаў ад курганнага паселішча да раённага цэнтру.
Юры Несьцярэнка нарадзіўся 50 гадоў таму на Быхаўшчыне, але неўзабаве бацькі зьмянілі працу ды пераехалі на новае месца, і асноўную частку жыцьця ён правёў у Бялынічах. Дарэчы, толькі сёлета была гарадзкі пасёлак атрымаў статус горада:
«Так ці іначай, месца майго нараджэньня — Магілёўшчына. А вёскі Прыбар у Быхаўскім раёне, дзе я зьявіўся на сьвет, ужо няма, повязь засталася чыста віртуальная. Дарэчы, вядомы літаратар, філёляг Сяргей Украінка — мой аднавясковец, я ў яго пацікавіўся, што там цяпер адбываецца. Кажа, што пару дамкоў яшчэ выкарыстоўваюцца як лецішчы, але жывога паселішча ўжо не існуе. Застаецца яго ўзгадваць толькі тады, калі трэба падаваць месца нараджэньня. Гадоў ад шасьці я жыву ў Бялынічах і, па сутнасьці, усё сьвядомае жыцьцё зьвязанае з гэтым месцам. Цікавасьць да краязнаўства прыйшла ў больш сталым узросьце, але гэта не было мэтай напісаньня кнігі. Пісаў артыкулы для краязнаўчай, абласной, раённай прэсы, прычым на розныя тэмы. Урэшце тэмы аб’ядналіся, усё лішняе, што не адпавядала канцэпцыі, выкінулася, астатняе давялося дапрацаваць, адрэдагаваць, дапоўніць новымі зьвесткамі, фатаздымкамі. І атрымалася кніжка пра культавыя мясьціны, якія не прывязаныя да пэўнага часу».
Аўтар сваю працу называе зборам краязнаўчых нарысаў, прысьвечаных гісторыі Прыдруцкага краю. Ён прапануе паглядзець на гісторыю мястэчка і навакольля, грунтуючыся на забытых нцазвах вуліц, страчаных паселішчаў і гістарычных помнікаў. Даецца апісаньне культавых аб’ектаў, курганоў, вадаёмаў, вялікіх дарог і малых сьцежак:
«Цікавых фактаў вельмі шмат. Але пачынаць трэба, канечне, з кургана, дзе, уласна кажучы, зьявілася першае паселішча на беразе Друці. Дарэчы, ён і да сёньня захаваўся ў тым выглядзе, які паказвае на функцыі ўмацаваньня. Наперадзе, у якасьці натуральнага абароннага рова, — рэчка, потым паўкругам сам курган. Цікава, што мясцовая будаўнічая арганізацыя спрабавала яго зраўняць, беручы адтуль пясок. Але там аказалася столькі касьцей, што простыя работнікі адмовіліся працаваць — маўляў, ня ведаем, што насамрэч капаем. І ад ідэі кар’еру адмовіліся. Дзякуючы таму, што курган пакінулі ў спакоі, захаваўся каменны крыж — магчыма, адзінае пацьверджаньне зьвестак пра Ільлінскую царкву. Гэта, у сваю чаргу, дае адсылку ў дахрысьціянскую эпоху, бо калі Ільлінская гара, Ільля, — то гэта наўпрост паралель зь Перуном. То бок адпачатку гара магла быць Перунова, верагоднасьць чаго пацьвярджаюць і многія дасьледчыкі».
Адна з мэтаў кнігі — паказаць унікальнасьць беларускіх мястэчак, якія пачалі страчваць індывідуальнасьць толькі з прыходам бальшавікоў. На пачатку XVII стагодзьдзя гэта было паселішча з адметнай архітэктурай і талерантнымі жыхарамі, якія наведвалі касьцёл, царкву ці сынагогу. У той час гаспадарскія паўнамоцтвы набыў магнат і дзяржаўны дзеяч Леў Сапега, які ў 1624 годзе найперш заклаў касьцёл. А праз 10 гадоў Бялынічы, якія пачалі імкліва разьвівацца, атрымалі магдэбурскае права:
«У пазьнейшыя часы, з пабудовай касьцёла, цэнтар перамясьціўся ў іншае месца. Будаваў храм Леў Сапега. Спачатку пабудова была драўляная, пазьней іншыя гаспадары — Агінскія — узьвялі на яго падмурку каменны касьцёл і кляштар кармэлітаў. Тым часам у новым цэнтры арганізавалася рынкавая плошча, пачалі акрэсьлівацца вуліцы. Вядома, што была вуліца Віленская, былі вуліцы, названыя паводле іншых геаграфічных кірункаў. Месца першага паселішча пачалі зваць Слабадой — там, дзе жывуць вольныя людзі. Відаць, акурат там і засталіся тыя, хто нікуды не жадаў перасяляцца.
З другім падзелам Рэчы Паспалітай мястэчка таксама разьдзялілася: адна частка засталася ў Рэчы Паспалітай, а другая адышла да Расейскай імпэрыі. Дакладней, само мястэчка было на тэрыторыі Расеі, а Задруцкая Слабада аж 18 гадоў яшчэ заставалася ў Рэчы Паспалітай. То бок праходзіла мяжа, усё як мае быць».
Ці склалася ў Юрыя Несьцярэнкі цягам дасьледчай працы ўражаньне, што 300–400 гадоў таму Бялынічы мелі нашмат вышэйшы статус, чым цяпер? Прынамсі, у чытачоў ягонай кнігі разыходжаньняў на гэты конт практычна няма:
«Пачнём з таго, што былі гістарычна розныя кавалкі, што наўпрост уплывала на разьвіцьцё і далейшы заняпад мястэчка. Дапусьцім, валоданьне Магдэбурскім правам — сам па сабе паказьнік, статус вольнага гораду. Але да таго, як Бялынічамі зацікавіўся Леў Сапега, яны былі зусім дробным паселішчам і нейкага цэнтральнага значэньня ня мелі. Цяперашнія вёскі Галоўчын і Цяцерын былі значна большыя — з маёнткамі, з выразнымі цэнтрамі. Бялынічы на іх тле згадваліся толькі як невялікая вёсачка. Потым палітычны, адміністрацыйны, сацыяльны, рэлігійны цэнтар паступова зьмясьціўся ў бок Бялынічаў — дзякуючы перадусім Льву Сапегу, які стаў першым паўнавартасным гаспадаром мястэчка. Ён выкупіў, скажам так, калектыўную долю ў сваякоў і ўжо быў адзіным уладальнікам. Прычым цікавыя зьвесткі пра назвы вуліц і колькасьць жыхароў захаваліся якраз у закладной: калі Сапегу запатрабаваліся грошы, ён на тры гады заставіў Бялынічы пад грашовую пазыку. А потым, аддаўшы доўг, вярнуў сваю ўласнасьць назад».
Юры Несьцярэнка кажа, што вуліцы, за савецкім часам паназываныя ў гонар партыйных дзеячаў, якія ў бальшыні выпадкаў ня маюць да Беларусі ніякага дачыненьня, колісь адлюстроўвалі сваімі назвамі рэальны побыт. Таму некаторыя даўнейшыя назвы могуць дапамагчы разьвязаць спрэчкі, прыкладам, наконт таго, дзе хто жыў:
«Дзякуючы старым дакумэнтам захаваліся і сталі здабыткам галоснасьці ўнікальныя назвы вуліц. Скажам, была вуліца Татарская. Цяпер ніхто дакладна ня можа сказаць — жылі калі-небудзь татары ў Бялынічах ці не. Але наяўнасьць вуліцы Татарскай пацьвярджае, што, магчыма, нейкая дыяспара ў свой час тут усё ж была. Прынамсі, гэта нагода пільней пакалупацца ў архівах. Некаторыя назвы прывязаныя да мясцовых тэрыторыяў. Напрыклад, у кірунку глінішча вяла вуліца Глініцкая. Зноў жа, Слабада, якую цяпер ніхто так не называе. Але такі раён, як вынікае з дакумэнтаў, існаваў».
Колькі часу затраціў аўтар на сыстэматызацыю разрозьненых гістарычных зьвестак? І ці ёсьць у плянах спадара Несьцярэнкі працяг бялыніцкага дасьледаваньня? Дарэчы, кніга «Маё мястэчка ў часе і прасторы» надрукавана ў прыватным выдавецтве Зьмітра Коласа:
«Ідэя кніжкі ўзьнікла дзесьці за год да моманту яе выданьня. Што тычыцца артыкулаў, якія зьбіраліся і дапрацоўваліся, то яны пісаліся цягам гадоў дзесяці, можа крыху меней.
Само сабой, на гэтым гісторыя не сканчаецца, будуць і новыя адкрыцьці. Так, на нядаўняй прэзэнтацыі ў Менску сабралася шматлікая „дыяспара“ выхадцаў зь Бялынічаў — навукоўцы, выкладчыкі, дзяржаўныя службоўцы. Усе яны да мяне падыходзілі, дзяліліся інфармацыяй: маўляў, кавалак адной вуліцы некалі называўся так, кавалак іншай — таксама зусім ня так, як цяпер. Параўноўвалі, як было ў дарэвалюцыйныя часы і за гадамі будаўніцтва камунізму.
Я ўсьцешаны, што ёсьць такая зваротная сувязь, і ў далейшай працы абавязкова буду гэтыя зьвесткі ўлічваць і выкарыстоўваць. Зрэшты, я на гэта і разьлічваў, справакаваўшы абмен інфармацыяй, бо не магу ведаць усё. Спадзяваўся, што мяне будуць папраўляць, нешта дадаваць новае».
Юры Несьцярэнка кажа, што неўзабаве зьбіраецца засесьці ў архіў, каб паспрабаваць узьняць больш глыбокі пласт гісторыі. А пакуль выказвае падзяку аднадумцам, якія спрыялі ў ягоным памкненьні папулярызаваць унікальнасьць роднага краю:
«Унікальныя здымкі здабываў праз наша краязнаўчае таварыства, але збольшага празь людзей, якія прафэсійна гэтай тэмай цікавяцца. Гэта мясцовы журналіст Міхась Карпейчанка, гэта супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Алесь Вашанаў, таксама родам зь Бялынічаў, некаторыя іншыя знаўцы.
Так, ёсьць і канкрэтныя пляны працы ў архівах. Але што гэта азначае? Там жа табе па паліцах не раскладуць, што тут такая тэма, а тут такая. У архіве трэба сядзець і проста натрапляць на выпадковыя рэчы па тваёй тэме. Напрыклад, калі цікавісься вуліцамі, то найлепш разглядаць судовыя справы. Бо там будзе адрас, падзел участка, за які чалавек судзіцца. І вось такім чынам гэтыя зьвесткі здабываюцца. Праца ў архіве мае сваю спэцыфіку. Таму я да яе толькі рыхтуюся».
Юры Несьцярэнка. Літаратар, музыка, аўтар і выканаўца, стваральнік гуртоў Nestaryband і White Night Blues. Нарадзіўся ў 1965 годзе на Быхаўшчыне. У дзяцінстве пераехаў з бацькамі ў Бялынічы, туды пасьля шматгадовых вандровак вярнуўся і рэалізуе шэраг культурніцкіх праектаў. Скончыў Менскі інстытут культуры. Перакладае з ангельскай, польскай, украінскай, расейскай моваў. Піша прозу, публіцыстыку. Творы друкаваліся ў часопісах «Дзеяслоў», «Маладосць», «Бярозка», газэтах «Літаратура і мастацтва», «Літаратурная Беларусь» ды іншых. Летась выдаў празаічную кнігу «Звычайны шоў-бізнэс». Аўтар беларускага перакладу кампазыцыі «Сьнег» у выкананьні сьпевака зь беларускімі каранямі Андрэя Макарэвіча. Грамадзянскі актывіст, куратар праграмаў Народнага ўнівэрсытэту па Бялынічах.