Спрабую зразумець, чаму галяндцы згулялі на карысьць пуцінскай Расеі і што з гэтага можа атрымацца. Пасьля Майдану, пасьля зьбітага расейцамі галяндзкага Боінга 737 зь дзецьмі на борце і няўклюдных спробаў выкруціцца. У часе крывапралітнага канфлікту на Данбасе...
Магчыма, галяндцы напалоханыя арабскімі й мусульманскімі ўцекачамі, выбухамі ў Брусэлі, тэрактамі ў Парыжы. Але Ўкраіна не мусульманская, і, пагатоў, не арабская краіна. Украіна – частка Эўропы. Дык у чым рэч?
Нідэрлянды – невялікае Каралеўства, тым больш, калі глядзіш на яго з вышыні. Карціна, якую ты бачыш з ілюмінатара таго самага Боінга 737, уражвае. Роўныя кавалкі ўробленай зямлі апасаваныя лініямі дамбаў. Гледзячы на ўсё гэта, ты разумееш, што халоднае мора, што навісае над краем, у любы момант гатовае абрынуцца з дамбаў і захлынуць маленькае Каралеўства.
Днямі прачытаў у фэйсбуку, як 23 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, польскі журналіст спытаў у старшыні Беларускага Дому ў Варшаве Алеся Зарамбюка: а якая карысьць Польшчы падтрымваць беларускую грамадзянскую супольнасьць, незалежныя СМІ і апазыцыю ў Беларусі. Апазыцыя разьяднаная, нават ня здолела выставіць адзінага кандыдата на апошніх прэзыдэнцкіх «выбарах».
Магчыма, пытаньне такога ж сэнсу задавалі сабе ў часе галасаваньня й грамадзяне Нідэрляндаў, і, ня бачачы канкрэтнай карысьці як для сваёй краіны, гэтак і для Эўразьвязу, галасавалі супраць, пакінуўшы Ўкраіну за эўрапейскім плотам.
Мне няма чым дакараць падданых каралевы Бэатрыкс, хоць я, безумоўна, парадаваўся б за нашых суседзяў, калі б вынік плебісцыту быў іншы. Але хочацца нагадаць трошкі не такой далёкай гісторыі.
Сто гадоў таму, пасьля распаду Расейскай імпэрыі, рэвалюцый, пачатку Грамадзянскай вайны ды абвяшчэньня незалежных Украіны й Беларусі, перад Эўропай стаяла такая самая праблема. Ці падтрымаць гэтую частку Эўропы альбо аддаць Маскве. Украінцы змагаліся даўжэй за беларусаў, але ўрэшце мы разам падзялілі незайздросны лёс. Вэнэцыянская й Парыскія канфэрэнцыі, а сьледам і Рыская дамова падвялі вынік: большая частка Ўкраіны й Беларусі апынуліся ў складзе СССР. З усімі наступствамі: камунізацыяй, калектывізацыяй, рэпрэсіямі, галадаморам, Курапатамі й зьяўленьнем новай пароды чалавека, якога з бляскам апісвае ў сваіх творах наш Нобэлеўскі ляўрэат Сьвятлана Алексіевіч.
Але, што ж атрымала Эўропа, здаўшы ўкраінцаў і беларусаў? Ды адно велізарныя праблемы.
Атрымаўшы аграмадны тэрытарыяльны, людзкі, інтэлектуальны, эканамічны й прыродны рэсурс, Савецкі Саюз разьвіў свой тэхнічны патэнцыял, бо заводы й працаздольнае насельніцтва былі перадусім у эўрапейскай частцы СССР, і разагнаў да глябальных маштабаў ідэю сусьветнай камуністычнай рэвалюцыі.
Спалоханае чырвонай навалай эўрапейскае грамадзтва вымушанае было шукаць моцную супрацьвагу і пачало паўсюль, ад Партугаліі да Латвіі, нараджаць дыктатарскія й фашысцкія рэжымы, апатэозам якіх было зьяўленьне расавай тэорыі і ўсталяваньне нацыянал-сацыялісцкага рэжыму ў Нямеччыне, што абрынула сьвет у новую, яшчэ больш крывавую і жахлівую вайну.
Дамбы ня вытрымалі, у тым ліку і ў Каралеўстве Нідэрлянды, якое неўзабаве захлынулася пад нямецкім акупацыйным рэжымам.
Пасьля была зацятая вайна, новы разьдзел Эўропы і адыход усёй цэнтральнай яе часткі (алё, польскі журналіст?!) на паўстагодзьдзя пад патранаж СССР.
Толькі ўявіце сабе, калі б тады, сто гадоў таму, Эўропа падтрымала Ўкраіну й Беларусь, увесь патэнцыял якіх працаваў бы не на камуністычную дыктатуру, але разьвіваўся б паводле цывілізаваных правілаў. Дзе б бралі саветы шматлікія рэсурсы для разьвіцьця свае экспансіі? Куды б быў скіраваны яе вэктар? Адпаведна, меншая чырвоная пагроза таксама засьцерагла б Эўропу ад крайнасьцяў.
Вядома, можна сказаць, што сёньня іншы час. Што ва Ўкраіне не праводзяцца рэформы й пануе карупцыя, што ступень зацікаўленасьці Ўкраінай у сьвеце зьнізілася, што нарэшце, у Расеі няма такой магутнай ідэі, якой была стагодзьдзе таму ідэя ўсеагульнае сацыяльнае роўнасьці. Так, няма. Затое у пераемніцы СССР ёсьць вялікая крыўда на ўсё і на ўсіх, якая ўжо ператварылася ў выседжанае яйка вялікай нянавісьці, таксама да ўсіх, а зь яйка нянавісьці вылупляюцца якія заўгодна цмокі. І калі гэты цмок раптам вылупіцца й паўстане, то не дадуць рады ніякія дамбы, яўныя і ўяўныя. Ні ў Каралеўстве Нідэрлянды, ні ў Рэспубліцы Польскай, нідзе. Варта памятаць гісторыю.
Знакавы рэфэрэндум адбыўся. Мне няма чаго сказаць ні грамадзянам Нідэрляндаў, ні асобным польскім журналістам. Мне ёсьць што сказаць украінцам. Я падхопліваю скіраваны да Ўкраіны кліч беларускіх футбольных фанаў (якіх, дарэчы, зараз неміласэрна пляжаць міліцыя й КГБ): Трымайцеся, браты! Разам і назаўжды!
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.