Сёньня хачу напісаць пра салодка-сумную песеньку, якая, мабыць, канула б у забыцьцё на могільніку поп-культуры, як сотні і тысячы іншых салодка-сумных песенек, калі б...
Па-першае, калі б яе ня ўзяў як музычную ілюстрацыю свайго фільму адзін выдатны гішпанскі рэжысэр...
Па-другое, калі б у тым фільме не сыграла 9-гадовая Ана Торэнт...
Па-трэцяе, калі б той фільм ня стаў клясыкай гішпанскага кіно...
Я маю на ўвазе песеньку «Porque te vas» («Таму што ты сыходзіш»), якой у другой палове 1970-х падпявалі ня толькі аматары эўрапейскага кіно.
Дарэчы, на мой асабісты погляд, 1970-я — апошняе дзесяцігодзьдзе, калі эўрапейскі кінэматограф змагаўся з Галівудам яшчэ на роўных. У наступных дзесяцігодзьдзях эўрапейскае кіно бессаромна «амэрыканізавалася» і проста «выпарылася». Частка самых здольных эўрапейскіх рэжысэраў пераехала ў Галівуд, завабленая амэрыканскімі ганарарамі, і падладзілася пад густ амэрыканскіх гледачоў. Эўрапейскае кіно апынулася ў працяглым крызысе, які трывае па сёньняшні дзень.
А ў 1970-х выдатныя карціны ўсё яшчэ зьнімалі Люкіна Вісконці, Фэдэрыка Фэліні, Бэрнарда Бэрталючы, Эторэ Скола, Віторыё дэ Сіка, П’ер Паола Пазаліні (Італія); Інгмар Бэргман (Швэцыя); Анджэй Вайда (Польшча); Франсуа Труфо, Ален Рэнэ, Жан-Люк Гадар (Францыя); Джозэф Лоўзі (Вялікабрытанія); Фолькер Шлёндарф (Нямеччына)... Гэта — калі нагадаць толькі топавых эўрапейскіх кінэматаграфістаў.
У 1976 годзе зьявіўся фільм гішпанскага рэжысэра Карласа Саўры «Cría cuervos» («Выкармі крумкачоў»). Назва стужкі — частка гішпанскага выслоўя cría cuervos y te arrancarán los ojos (выкармі крумкачоў і яны выдзеўбуць табе вочы). Фільм распавядае змрочную гісторыю высьпяваньня 8-гадовай дзяўчынкі-сіраты, якая падсыпае атруту таму зь сямейнікаў, каго лічыць нявартым жыцьця. Ну, насамрэч не атруту, а бясшкодны парашок, які яна лічыць атрутай. Але болей нічога не скажу. Гэты фільм конча трэба паглядзець, каб ведаць, як адказваць на пытаньне: а ці было калі-небудзь эўрапейскае кіно?
У фільме дзьве фантастычныя ролі: 8-гадовай дзяўчынкі Аны, якую сыграла 9-гадовая Ана Торэнт зь бяздонна-сумнымі вачыма, і яе мамы, якую ўвасобіла амэрыканска-брытанская акторка Джэральдын Чаплін, на той час — жонка рэжысэра Карласа Саўры. Джэральдын Чаплін (яна ж — дачка славутага коміка Чарлі Чапліна) у фільме сыграла таксама ролю дарослай Аны, якая, азіраючыся ў мінулае, кажа пра свае дзяцінства: «Я ня веру ў райскі час дзяцінства, у нявіннасьць, у прыродную чысьціню дзяцей. Я памятаю сваё дзяцінства як доўгі час безвыходнасьці, смутку, страху».
Карацей, фільм атрымаўся шэдэўральны, але не для масавага гледача...
Ну а мэлёдыя «Таму што ты сыходзіш», якую 8-гадовая Ана ў фільме слухае некалькі разоў з кружэлкі? Як я ўжо сказаў, бяз фільму яна, хутчэй за ўсё, забылася б. Але вось фільм Карласа Саўры учыніў яе ці не самай славутай гішпанскамоўнай песьняй на сьвеце. Яе засьпявала гішпанская сьпявачка брытанска-мальтыйскага паходжаньня Жанэт. Кажуць, Саўра вырашыў узяць гэтую песьню як музычны ляйтматыў фільму перш за ўсё таму, што Жанэт сьпявала з брытанскім акцэнтам. У фільме з амэрыканскім акцэнтам гаварыла Джэральдзін Чаплін у ролі мамы 8-гадовай Аны. Так бы мовіць, Саўра выбраў «Porque te vas» дзеля сугучнасьці акцэнтаў, якія яму падабаліся.
«Сёньня за маім акном сьвеціць сонца / а маё сэрца смуткуе / калі я гляджу на горад / таму што ты адыходзіш / як і кожнай ночы я прачнулася / думаючы пра цябе / і назірала, як на гадзіньніку мінае час» — неяк так сьпявае Жанэт. Папса страшная. Але часам і папса, устаўленая ў адпаведную аправу, можа зазьзяць як брыльянт.