Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагоны КДБ праз цішотку


Ці сапраўды ўлады ствараюць квазінезалежныя арганізацыі і навошта ім гэта трэба?

Цыганкоў: У інтэрвію БелаПАН Мікалай Статкевіч заявіў, што сваёй няздольнасьцю аб’яднацца беларуская апазыцыя «адкрыла шлях да супрацы Лукашэнкі з Захадам».

Палітык лічыць, што Захад дзейнічае у дачыненьні да Беларусі паводле прынцыпу «абы ціха»: «няма вайны і ўжо добра».

«Добрую долю падтрымкі, якую меў няўрадавы дэмакратычны сэктар, будуць мець гэтак званыя дзяржаўныя недзяржаўныя арганізацыі. І гэта рэаліі», — заявіў Статкевіч.


Паводле палітыка, улады стварылі 2400 няўрадавых арганізацыяў, якія ўзялі пад кантроль «заходнія грошы».

Нельга праверыць дакладнасьць гэтых лічбаў, але паводле маіх кантактаў з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацый гэты працэс сапраўды ідзе даволі даўно. Улады актыўна ўмешваюцца ў дзейнасьць гэтак званага чацьвёртага сэктару, і ўсе адзначаюць, што апошнія гады недзяржаўныя арганізацыі досыць даўно ўжо падпалі пад тэндэнцыю адзяржаўленьня і часам становяцца залежнымі альбо ад дзяржавы, альбо ад розных напаўдзяржаўных нейкіх фондаў.

Многія адзначаюць, што самі НДА перастаюць быць «школай дэмакратыі»

Тут ідзе паралельны працэс. З аднаго боку, як заяўляў Мікола Статкевіч, ідзе стварэньне новых арганізацый, псэўданезалежных, ад адкрыта прадзяржаўных, якія адразу агалошваюць сваю прыналежнасьць да дзяржаўнай палітыкі да псэўданезалежных і нават часткова апазыцыйных. Калі незалежныя дзеячы ці аналітыкі часам выказваюць і апазыцыйныя меркаваньні, але ў патрэбны момант падтрымліваюць палітыку дзяржавы. Калі на рэальныя дэмакратычныя незалежныя арганізацыі апошні час можа быць і аслаб, але сэнс гэтага ціску быў, па-першае, каб увесьці гэткага ўнутранага цэнзара, каб гэтыя структуры разумелі межы дазволенага, па-другое, стварэньне сваіх прадзяржаўных структур.

Многія адзначаюць, што самі НДА перастаюць быць «школай дэмакратыі». Гэта калі людзі прыходзяць у арганізацыю, нешта там робяць, удзельнічаюць у дыскусіях, вучацца ўнутранай дэмакратыі. Але ёсьць такая форма як «установа». Там усяго гэтага няма бо яны ствараюцца адным чалавекам і ім кіруюцца. Можа існаваць установа, у якой задзейнічаны дзясяткі людзей, але фактычна кіруе адзін чалавек, а астатнія не праходзяць тую самую «школу дэмакратыі».

Калі традыцыйныя НДА захочуць існаваць гэтак сама, як раней, ім даводзіцца павялічваць нейкую ляяльнасьць уладам. Тым самым трэці сэктар часам губляе свой апазыцыйны і дэмакратычны характар.

Гэты працэс назіраецца даўно. Ён быў вельмі заўважны, калі дзяржава пайшла на стварэньне Грамадзка-кансультацыйнай Рады, у якую чыноўнікі самі вылучылі некаторых лідэраў грамадзянскай супольнасьці. Але апошні год нават пайшоў такі новы працэс, зьявіўся нават свой тэрмін стварэньне «гонг-арганізацый»? — недзяржаўных арганізацый, якімі кіруе дзяржава. Гэта падпадае пад такую тэндэнцыю, што апазыцыя і грамадзянскі сэктар былі адсунутыя ў патэнцыйных перамовах з Захадам, у іх усё больш месца займае афіцыйны Менск. Яшчэ раней недзяржаўныя арганізацыі былі жаданымі прамоўцамі і ўдзельнікамі розных сустрэч і канфэрэнцый.

Карбалевіч: Такая тактыка стварэньня псеўдаграмадзскіх арганізацый актыўна выкарыстоўваецца таталітарнымі рэжымамі, напрыклад, Крамлём. Там такія «пацёмкінскія вёскі» навучыліся ствараць даўно. Крэмль сам фарміруе сабе і левую апазыцыю (у выглядзе партыі «Справядлівая Расея») і правую апазыцыю, і праваабарончыя арганізацыі і шмат чаго іншага. У гэтым сэнсе беларускі рэжым дзейнічае больш проста і груба. Мог бы быць і больш гнуткім. Проста дасюль ва ўмовах жорсткага палітычнага канфлікту з Захадам у такіх структурах не было асаблівай патрэбы. Хоць падобнага кшталту арганізацыі існуюць даўно. Напрыклад, БРСМ, «Белая Русь», ФПБ, жаночыя, вэтэранскія арганізацыі, розныя спартыўныя партыі — гэтыя структуры фармальна зьяўляюцца грамадзкімі арганізацыямі, якія ўлады выдаюць за грамадзянскую супольнасьць, і якія актыўна выкарыстоўваюцца для фармаваньня выбарчых камісій. Хоць насамрэч гэта дзяржаўныя структуры, адмыслова створаныя ўладамі.

Думаю, будуць зьяўляцца новыя «пацёмкінскія вёскі» ў тым ліку для таго, каб прэзэнтаваць сябе перад Захадам і атрымліваць нават гранты

Цяпер, калі адбываецца нармалізацыя адносін Беларусі з Захадам, цалкам лягічна, што гэты працэс будзе актывізаваны. Думаю, будуць зьяўляцца новыя «пацёмкінскія вёскі» ў тым ліку для таго, каб прэзэнтаваць сябе перад Захадам і атрымліваць нават гранты. Ня думаю, што іх 2400, як кажа Стакевіч. Гэта была б заўважная кампанія па ўсёй краіне, дый столькі непатрэбна. Але, праблема існуе. І варта чакаць зьяўленьня і праваабарончых арганізацый, якія будуць даказваць, што з правамі чалавека ў Беларусі ўсё нармальна, і іншых. Дарэчы, гэтая тэма ўсплыла падчас аналізу праектаў, якія ладзіць прадстаўніцтва ААН у Беларусі: высьветлілася, што многія такія арганізацыі існуюць хутчэй фармальна.

Навумчык: Я таксама сумняваюся ў лічбе, якую назваў Мікола Статкевіч. Калі хаця б дзясятая частка тых 2400 рабіла нейкі выгляд дзейнасьці, дык натуральна б пра гэта было б ў незалежнай прэсе. Калі гаварыць пра гранты, абсалютная патрэба ў арганізацыі донараў да тых, каго яны фінансуюць -—гэта нейкая дзейнасьць і ў тым ліку асьвятленьне гэтай дзейнасьці ў сродках масавай інфармацыі. У такім разе кожны незалежны СМІ быў бы проста завалены просьбамі паведаміць пра тую ці іншую акцыю: гэтага няма.

ў КДБ, канешне, спэцыфіка іншая, чым у войску, але тым ня менш — пагоны прасьвечвалі прац цішотку

Але тое, што такія «недзяржаўныя» арганізацыі ствараюцца — гэта безумоўна, і гэта адкрыцьцё не сёньняшняга дня. Гады два ці тры таму я бачыў прэсавую канфэрэнцыю адной арганізацыі, і выступаў кіраўнік гэтай арганізацыі, і ў нейкі момант, калі журналісты задалі яму пытаньне, а вось што ў вас за арганізацыя, хто вас фінансуе, дзе вы зарэгістраваныя — ён адказаў вельмі коратка кшталту «Навошта вам гэта ведаць?». Вось гэтая фраза сказала мне ўсё пра сапраўдны род ягонай дзейнасьці. І нават ня зьместам (кожны НДАшнік зацікаўлены, каб прэса як мага больш пра яго пісала і каб мець добрыя адносіны з журналістамі), а танальнасьцю, як былы афіцэр, я ўбачыў чалавека, які прызвычаіўся слухаць каманды і аддаваць каманды, ну, ёсьць пэўныя нюансы, хаця ў КДБ, канешне, спэцыфіка іншая, чым у войску, але тым ня менш — пагоны прасьвечвалі прац цішотку.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Журналіст Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG