Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы на дэмакратыю


Якія праекты замежнай дапамогі дзеля разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі аказаліся найбольш эфэктыўнымі? Гэтае пытаньне я задавала сваім суразмоўцам у Бэрліне, Брусэлі і Менску.

10 фактаў пра замежную дапамогу Беларусі

Хто насамрэч зьяўляецца грантасосам?

Як зарабляе на эўрапейскай дапамозе беларускі чыноўнік

Ці зьявіцца нямецкая дубінка ў беларускіх міліцыянтаў?

Нямецкая дапамога. Жыцьцё ці разьвіцьцё?

Ці магчымы аўдыт заходняй дапамогі для Беларусі?

Агульны адказ на гэтае пытаньне найчасьцей быў такі: калі казаць пра эфэктыўнасьць праектаў у сфэры дэмакратыі, то яе нельга вылічыць калькулятарам, укладаньні ў дэмакратычнае разьвіцьцё маюць доўгатэрміновую пэрспэктыву.

А больш канкрэтныя адказы на гэтае пытаньне найчасьцей былі такія: укладаньні ў незалежныя сродкі масавай інфармацыі і праекты, зьвязаныя з падвышэньнем нацыянальнай сьвядомасьці, такія, напрыклад, як кампанія «Будзьма» і фэстываль беларускамоўнай рэклямы «Аднак», чарнобыльскія праекты, дапамога ў сфэры мэдыцыны і адукацыі (калі гэта ня грант для новай паліклінікі прэзыдэнта, а для шпіталя ў Брагіне), экалягічныя праекты, а таксама незалежныя СМІ і найперш тэлеканал «Белсат», які вяшчае з Польшчы.

«Польшча фінансуе «Белсат» са сваіх сродкаў, але такі праект павінен фінансавацца ўсім Эўразьвязам», мяркуе Крыстаф Бэкер, палітычны дарадца дэпутаткі Бундэстагу Марылюізы Бэк.

Калі ж паглядзець на структуру замежнай дапамогі Беларусі з 2006 па 2012 гады, то вылучаюцца пяць асноўных донараў.

Інстытуты Эўразьвязу ($101,66 мільёна), тры краіны ЭЗ – Нямеччына ($129,17 мільёна), Польшча ($107,72 мільёна) і Швэцыя ($105,26 мільёна), а таксама Злучаныя Штаты Амэрыкі ($90 мільёнаў). Усе астатнія краіны ці арганізацыі выдзяляюць непараўнальна менш, чым гэтая пяцёрка.

Графіка Цэнтра эўрапейскай трансфармацыі
Графіка Цэнтра эўрапейскай трансфармацыі

Яшчэ два значныя для Беларусі донары – Глябальны фонд дзеля барацьбы са СНІДам, сухотамі і малярыяй, а таксама Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў, якая дзейнічае ў Беларусі праз розныя фонды і праграмы. Доля Глябальнага фонду ў зьнешняй дапамозе для Беларусі ў 2006–2012 гадах склала 7%, або больш за $51 мільён, у 2012 годзе – 10%. Зь бюджэту ААН за шэсьць гадоў паступіла прыблізна 4% усёй донарскай дапамогі (больш за $​30 мільёнаў).​

Графіка Цэнтра эўрапейскай трансфармацыі
Графіка Цэнтра эўрапейскай трансфармацыі

І тут варта прааналізаваць, на якія мэты і празь якія каналы выдзяляе дапамогу кожны з асноўных донараў і якая дынаміка гэтай дапамогі.

Швэцыя – найвялікшы эўрапейскі донар для грамадзянскай супольнасьці Беларусі

Адметна, што і ў 2011, і ў 2012 гадах найвялікшым донарам Беларусі была Швэцыя, прычым, паводле Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі, памер дапамогі вырас з 2006 году ўтрая. Менавіта Швэцыя была лідэрам у падтрымцы ў сфэры «Дэмакратычны ўдзел і грамадзянская супольнасьць» у 2011 годзе. На гэта Швэцыя выдзеліла амаль $10 мільёнаў у 2011 годзе і каля $3 мільёнаў – у 2010 годзе. Паводле Андрэя Ягорава, кіраўніка Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі, менавіта Швэцыя найбольш пасьлядоўна падтрымлівае грамадзянскую супольнасьць у Беларусі.

Паводле назіральнікаў, менавіта гэтая пасьлядоўная пазыцыя прывяла і да высылкі зь Беларусі швэдзкага амбасадара Стэфана Эрыксана, а ня толькі скандал з “плюшавым дэсантам”.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька тлумачыць гэта тым, што Швэцыя заўсёды была краінай з актыўнай зьнешняй палітыкай.

​«Гэта адлюстроўваецца нават у постацях, у асобах, якія ачольваюць МЗС Швэцыі. Напрыклад, Карл Більт – эўрапейскі палітык зь вялікай вядомасьцю. І тое, што ў Швэцыі актыўная зьнешняя палітыка, натуральна, выяўляецца і ў дапамозе, якую аказвае гэтая краіна. Сама краіна невялікая, але тое, што ў Швэцыі вельмі моцная дыпляматыя і ёсьць традыцыі, – гэта адбіваецца на зьнешняй дапамозе. Але трэба ўсьведамляць, што ў ЭЗ існуе падзел. Паўднёвыя краіны ЭЗ больш хіляцца да рэгіёну Магрыбу, Афрыкі, і доўгі час дапамога, якія ішла на поўдзень, моцна дамінавала над усходняй палітыкай. Швэцыя, Нямеччына і Польшча – гэта краіны, якія скіраваныя на ўсходнюю палітыку, і ў цэлым яны лабіруюць большую дапамогу на Ўсход».

Інстытуты ЭЗ выдзялялі на разьвіцьцё дэмакратыі 13% ад усёй дапамогі, ЗША – 71% (да 2012 году)

Нямецкую дапамогу Беларусі мы ўжо прааналізавалі ў папярэдняй частцы дасьледаваньня. Што тычыцца дапамогі інстытутаў Эўразьвязу, то можна гаварыць пра стабільную тэндэнцыю росту дапамогі ЭЗ на кірунак «Дэмакратычны ўдзел і грамадзянская супольнасьць» з 2006 па 2012 гады.

У 2012 годзе было выдзелена $1,8 мільёна, гэта на $600 тысяч болей, чым у 2011 годзе. Найбуйнейшыя донары Беларусі ўсё менш працуюць зь дзяржаўнымі інстытутамі і ўсё больш – з грамадзянскай супольнасьцю, паведаміў дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў на прэзэнтацыі справаздачы «Роля і месца грамадзянскай супольнасьці ў сыстэме донарскай дапамогі для Беларусі ў 2006–2012 гадах».

«Грамадзянская супольнасьць у Беларусі набывае ўсё большае значэньне і як канал атрыманьня донарскай дапамогі, і як сэктар разьмеркаваньня гэтай дапамогі», – сказаў Ягораў.

Калі з 2006 па 2011 гады 54% усяго аб’ёму донарскай дапамогі ад краін-сябраў і інстытутаў ЭЗ для Беларусі было разьмеркавана празь дзяржаўныя інстытуты і толькі 13% – праз грамадзянскую супольнасьць, то ў 2012 годзе – адпаведна 40 і 22%. «Зьніжэньне долі дзяржаўных інстытутаў – вынік палітыкі пераарыентацыі сродкаў пасьля падзеяў 2010 году», – кажа Андрэй Ягораў.

Аднак абсалютны лідэр тут – ЗША. У 2012 годзе гэтая краіна выдзеліла на кірунак «Дэмакратычны ўдзел і грамадзянская супольнасьць» утрая болей дапамогі, чым інстытуты ЭЗ: $6 мільёнаў.

Паводле Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі, у кірунку «Правы чалавека» абсалютны лідэр – інстытуты Эўразьвязу. Іх дапамога ў 2012 годзе склала $4,6 мільёна. Гэта ў чатыры разы болей, чым дапамога з боку краінаў-сябраў ЭЗ.

І яшчэ адзін важны кірунак дапамогі – «СМІ і свабодны абмен інфармацыяй». І тут лідэрам за пэрыяд 2006–2012 гадоў выступаюць ЗША ($17,4 мільёна). Адметна, што ў 2012 годзе інстытуты ЭЗ упершыню выдзелілі дапамогу незалежным мэдыям ($500 тысяч).

І калі падсумаваць памеры дапамогі па трох згаданых кірунках, то лідэрамі ў абсалютных велічынях будуць Эўразьвяз разам з краінамі-сябрамі ($65,88 мільёна, альбо 13% ад сукупнай донарскай дапамогі) і ЗША ($64,4 мільёна, альбо 71% сукупнай донарскай дапамогі ад ЗША).

Графіка Цэнтра эўрапейскай трансфармацыі
Графіка Цэнтра эўрапейскай трансфармацыі

Праграмы падтрымкі дэмакратыі

Што да мэханізму атрыманьня дапамогі на дэмакратычнае разьвіцьцё, то ў гэтай сфэры Эўразьвяз мае асобныя праграмы падтрымкі.​

NSA-LA (Non-state Actors and Local Authorities in Development) Недзяржаўныя суб’екты і мясцовыя органы ўлады ў дзейнасьці па разьвіцьці.​

У 2012 годзе на падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі праз гэтую праграму прайшло $1,8 мільёна, гэта 20 праектаў зь бюджэтам 50–150 тысяч.​


Civil (Society Stability for Belarus) Стабільнасьць грамадзянскай супольнасьці для Беларусі.

$1,4 мільёна ў 2012 годзе.


EIDHR (The European Instrument for Democracy and Human Rights) «Эўрапейскі інструмэнт спрыяньня дэмакратыі і правам чалавека»

10 праектаў зь бюджэтам $100–150 тысяч, $400 тысяч на падтрымку СМІ – разам $2 мільёны ў 2012 годзе.


Завялікая бюракратыя для Беларусі

Крыстаф Бэкер, палітычны дарадца дэпутаткі Бундэстагу Марылюізы Бэк, ускладае вялікія надзеі менавіта на разьвіцьцё фонду European Endowment For Democracy.

«Ёсьць вялікая надзея, што некаторыя праекты могуць праводзіцца безь вялікіх бюракратычных рамак, у тым ліку для тых людзей, якія ў няволі, альбо для палітычных сілаў, якія незарэгістраваныя ў Беларусі, альбо для многіх праектаў, для рэалізацыі якіх ня трэба ствараць структуры ў Беларусі».

Заўвага Крыстафа Бэкера зьвязаная з асаблівасьцю беларускай сытуацыі, калі ўся замежная дапамога, якая ідзе праз афіцыйныя каналы, кантралюецца беларускай дзяржавай. Відавочна, што праекты, накіраваныя на разьвіцьцё дэмакратыі ў Беларусі, ня маюць шанцаў быць зарэгістраванымі. Напрыклад, лічбы дапамогі ЭЗ на дэмакратычнае разьвіцьцё праз вышэйзгаданыя праграмы знаходзяцца ў адкрытым доступе. Лічбы ж праектаў, якая рэалізоўваюцца праз прыватныя фонды, напрыклад фонд Маршала ці фонд Форда, збольшага закрытыя. Але, напрыклад, адкрытая інфармацыя па фонду Конрада Адэнаўэра: як партыйны фонд ён атрымлівае грошы зь бюджэту Нямеччыны ў залежнасьці ад таго, які адсотак месцаў партыя мае ў парлямэнце.

Крыстаф Бэкер мяркуе, што пры рэалізацыі праектаў, накіраваных на дэмакратычнае разьвіцьцё, трэба ўлічваць спэцыфіку беларускай аўтарытарнай дзяржавы.

«Я лічу, што і праекты, якія фінансуюцца з палітычных фондаў, і праекты ЭЗ – вельмі бюракратычныя. І пралічыць іх эфэктыўнасьць, і правесьці аўдыт вельмі складана, бо ў Беларусі шмат якія арганізацыі не зарэгістраваныя. Тыя ўмовы, у якіх мы працуем у Беларусі, не адпавядаюць тым мэханізмам кантролю, якія дзейнічаюць у ЭЗ, у прыватнасьці ў Нямеччыне. Напрыклад, Разьліковая палата Нямеччыны патрабуе дэталёвага разьліку праектаў. А гэта зрабіць практычна немагчыма, калі мы маем справу з дыктатурай. Калі сем’і палітычна актыўных людзей страчваюць працу, то мы павінны знайсьці мэханізм, як мы можам падтрымаць гэтыя сем’і фінансава, нават калі гэта адбываецца без квітанцыі».

Як праверыць, ці эфэктыўныя праекты, накіраваныя на грамадзянскую супольнасьць Беларусі?

Андрэй Ягораў, кіраўнік Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі, перакананы, што эфэктыўнасьць выкарыстаньня грошай у грамадзянскай супольнасьці вышэйшая, чым у дзяржавы.

«Ёсьць канкрэтныя вынікі, дасягненьні, менш карупцыі. Але ўсё роўна прысутнічаюць і неэфэктыўнасьць, і нейкая карупцыя, і марнаваньне сродкаў, і рэалізацыя бессэнсоўных праектаў, якія не ідуць на карысьць разьвіцьця Беларусі. Асноўная праблема палягае ў тым, што грошы выдзяляюцца на вельмі розныя мэты, і розныя донары выдаюць гэтыя грошы па розных тэхнічных схемах і пад розныя задачы. Гэта стварае ў беларускай грамадзянскай супольнасьці ня нейкі скіраваны рух зьменаў у больш-менш адзіным напрамку, але стварае татальны хаос, канкурэнцыю паміж арганізацыямі. І мы маем такую максымальна дывэрсыфікаваную, максымальна разнастайную беларускую супольнасьць, якая ня можа вырашыць ніводнай нацыянальнай праблемы, якая б патрабавала кансалідацыі і ўзаемадзеяньня паміж арганізацыямі. І гэта тое, у чым вінаватыя ня толькі беларускія недзяржаўныя арганізацыі, але і сама структура замежнай дапамогі».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька лічыць важным вызначыць прыярытэты замежнай дапамогі, бо ўсім дапамагчы немагчыма. На думку Лябедзькі, гэта павінны быць найперш незалежныя СМІ (распаўсюд свабоднай інфармацыі); па-другое, усё, што зьвязана зь бясьпекай і падтрымкай людзей (дапамога падчас судовых працэсаў, аплата штрафаў, падтрымка палітвязьняў); і па-трэцяе, інвэстыцыі непасрэдна ў дэмакратыю, зьвязаныя з тым, каб абуджаць людзей, каб яны станавіліся непасрэднымі ўдзельнікамі палітычнага працэсу ў Беларусі.

Што да неэфэктыўных праектаў замежнай дапамогі ў кірунку дэмакратычнага разьвіцьця, Анатоль Лябедзька лічыць памылковым шлях падтрымкі апазыцыйных арганізацыяў, якія дзейнічаюць па-за межамі Беларусі.

«Так, ёсьць на рынку манапалісты, якія канцэнтруюць дапамогу ў сваіх руках, тым больш што ёсьць вялікая спакуса не працаваць з тымі, хто жыве і працуе ў Беларусі. Так ствараюцца пасярэднікі ў розных краінах, і многія на гэтым робяць бізнэс, трэба называць рэчы сваімі імёнамі».

Манапалісты замежнай дапамогі

Пазыцыю Анатоля Лябедзькі падтрымлівае і нямецкі бізнэс-аналітык Дэніэл Крутцына, які лічыць, што вялікая частка эўрапейскіх грошай неэфэктыўна траціцца па-за межамі Беларусі.

«Мяне заўсёды зьдзіўляла, як мала даходзіць да самой Беларусі. Арганізуюцца канфэрэнцыі ў Варшаве, у Вільні, Бэрліне, дзе заўсёды сустракаеш адных і тых жа людзей, прафэсійных апазыцыянэраў, часта яны нават ня ведаюць як мае быць, што насамрэч адбываецца ў Беларусі, бо зрэдку там бываюць. У 2011 годзе я браў удзел у праекце пра эканамічныя рэформы ў Беларусі, і ён быў накіраваны на дыялёг з выканаўчай уладай, з усімі людзьмі, хто ў гэтай сфэры, але толькі з тымі, хто рэальна знаходзіцца ў Беларусі. Самая жорсткая крытыка, якую мы атрымалі за праект, ішла не ад дзяржаўных структураў, якія аказаліся на дзіва адкрытыя для дыялёгу. Яна ішла ад апазыцыйных структураў з-за мяжы, які казалі, што мы супрацоўнічаем з дыктатурай. Людзей, якія спрабуюць працаваць у Беларусі ў гэтых умовах, засмучае, калі нейкія людзі, знаходзячыся ў Польшчы ці Літве, спрабуюць абмяркоўваць прыватызацыю ў Беларусі, бо яны рэальна слаба ўяўляюць сытуацыю ў Беларусі».

Дэніэл Крутцына кажа, што працаваў у розных краінах сьвету і можа параўноўваць, і таму, паводле яго, адметнасьць беларускай сытуацыі – найперш у манапалізьме.

«Часта ёсьць вельмі вузкае кола арганізацыяў, якія асвойваюць гэтыя бюджэты для пэўных кірункаў. Вельмі слабы мэханізм канкурэнцыі, вельмі часта праекты фінансуюцца не праз адкрыты конкурс, а проста донарская структура працуе з арганізацыямі, якія існуюць даўно, і новым вельмі складана прабіцца».

Паводле Крутцыны, найвялікшыя манапалісты ў Беларусі – гэта Менскі міжнародны адукацыйны цэнтар, які каардынуе нямецкую дапамогу, і “фабрыкі думкі”, структуры, створаныя Паўлам Данейкам (Інстытут прыватызацыі і мэнэджмэнту, Бізнэс-школа ІПМ ды іншыя), якія дамінуюць у атрыманьні дапамогі ў сфэры эканамічных рэформаў.

«Яны робяць карысныя рэчы, але ім удалося манапалізаваць тэму эканамічных рэформаў у Беларусі. Апошнім часам ім крыху зьявілася канкурэнцыя празь Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў. Але гэтага ўсё роўна недастаткова».

«Што гэтыя людзі будуць рабіць, калі ня будзе Лукашэнкі?»

Экс-кандыдат на прэзыдэнта эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што праблема палягае хутчэй у іншым – трэба праводзіць аўдыт ня толькі тых, хто атрымлівае дапамогу, але і перагледзець падыходы наконт таго, на каго накіраваныя праекты замежнай дапамогі ў сфэры дэмакратычнага разьвіцьця.

«Калі ў Беларусі, умоўна кажучы, 15–20% людзей супраць Лукашэнкі і 30% людзей, якія за Лукашэнку, то наша задача, каб 40–50% людзей, якія пасярэдзіне, рухаліся ў кірунку дэмакратызацыі і эканамічных рэформаў. А цяпер ільвіная частка дапамогі, 95%, ідзе на тое, каб пераконваць альбо інфармаваць 15% насельніцтва, якое супраць Лукашэнкі. Гэта ня можа быць эфэктыўна, калі сайты, газэты, незалежнае тэлебачаньне б’юцца за адну аўдыторыю. А трэба біцца за гэтыя 40–50%, за людзей, якія ня любяць апазыцыю і ня любяць Лукашэнку, але не бачаць альтэрнатывы. Іншая праблема, што калі адзін чалавек на адной пасадзе 10–15–20 гадоў, у яго ёсьць партнэр і ёсьць рыторыка кшталту “Луку на муку”. Што гэтыя людзі будуць рабіць, калі ня будзе Лукашэнкі?»

Яраслаў Раманчук таксама мае сваё азначэньне манапалістаў у атрыманьні замежнай дапамогі.

«Гэта адна група людзей, якая ўвогуле ў Беларусі не бывае і на Захадзе мае добрыя кантакты з донарамі, і яны для іх – барацьбіты за Беларусь. Дрэнна, што яны часта робяць аналітыку пра Беларусь як пра зусім іншую краіну, зусім не пра тую, у якой мы жывем. Беларусы замежжа, якія выехалі барацьбітамі, атрымліваюць дапамогу, якая павінна была б ісьці на працу з гэтымі 40–50% людзей, пра якіх я казаў. Але яны ніколі ня будуць працаваць зь імі, бо ім цяпер камфортна, шмат бюджэту, пра эфэктыўнасьць ніхто не пытаецца. Прапагандысцкія структуры кшталту „Хартыі” будуць існаваць столькі, колькі іх будуць донары падтрымліваць».

Андрэй Ягораў, кіраўнік Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі, кажа пра пэўныя спэкуляцыі на тэму замежнай дапамогі з усіх бакоў. З аднаго боку, ня першы год у Беларусі ад розных прадстаўнікоў палітычнай апазыцыі гучаць абвінавачаньні ў нямэтавым расходаваньні сродкаў замежнай дапамогі і заклікі да аўдыту. З другога боку, палітычна актыўная частка інтэрнэт-карыстальнікаў і камэнтатараў у сацыяльных сетках крытыкуе грамадзкія і палітычныя рухі за бессэнсоўнае «праяданьне» грантаў. І з трэцяга боку, дзяржаўныя чыноўнікі і праўладныя палітыкі спрабуюць давесьці, што вонкавая дапамога ад дзяржаваў і міжнародных інстытутаў накіроўваецца выключна на так званую «пятую калёну» і «скіданьне палітычнага рэжыму». Як правіла, усе гэтыя спэкуляцыі не грунтуюцца на рэальных фактах, лічыць Андрэй Ягораў.

* * *

Што трэба рабіць, каб замежная дапамога Беларусі дзейнічала найбольш эфэктыўна і была накіраваная ня толькі на эканамічную, сацыяльную і экалягічную падтрымку беларускай дзяржавы, але і на падтрымку дэмакратыі? Што трэба мяняць? На гэтыя пытаньні адкажуць мае суразмоўцы ў Бэрліне, Брусэлі і Менску ў заключнай частцы дасьледаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG