Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пачне КНДР ядзерную вайну з Паўднёвай Карэяй і ЗША?


Пагрозы Пхэньняну пачаць вайну з Рэспублікай Карэяй і са Злучанымі Штатамі — рэальная пагроза ці форма дыялёгу? Наколькі высока Кім Чэн Ын можа падымаць стаўкі і ці гатовы плаціць па іх?

Дракахруст: Паўночная Карэя выпусьціла прапагандысцкі відэаролік, у якім мадэлюецца ядзерны ўдар па Вашынгтоне. У роліку гучыць папярэджаньне «амэрыканскім імпэрыялістам» не правакаваць КНДР. У матэрыяле пад назвай «Апошні шанс» апісваецца гісторыя ўзаемаадносін ЗША і КНДР і дэманструюцца магчымасьці паўночнакарэйскай арміі. Відэа завяршаецца пускам балістычнай ракеты, якая нібыта падае на Вашынгтон, і кадрамі палаючага сьцяга ЗША. У выпадку правакацый з боку ЗША «мы без ваганьняў зьдзейсьнім прэвэнтыўны ядзерны ўдар», гаворыцца ў субтытрах да відэа. Раней КНДР паабяцала «пачаць вайну ў адказ» супраць прэзыдэнта Паўднёвай Карэі Пак Кын Хе.


«Пачынаючы з гэтага моманту, паўночнакарэйская армія і рэвалюцыйныя сілы настойваюць на вайне ў адказ, каб ліквідаваць паслугачоў ЗША ў імя справядлівасьці», — гаворыцца ў заяве афіцыйнага інфармацыйнага агенцтва Паўночнай Карэі.

Варта нагадаць, што Рада бясьпекі ААН 2 сакавіка ўхваліла самы строгі за апошнія 20 гадоў пакет санкцый у дачыненьні да Пхэньяну. Рэзалюцыя прадугледжвае забарону на імпарт з КНДР вугалю, жалезнай руды, каштоўных мэталяў, а таксама эмбарга на пастаўкі ў гэтую краіну ўсіх відаў авіяцыйнага паліва. Варта нагадаць, што гэтыя карысныя выкапні складаюць дзьве траціны экспарту Пхэньяну — і ўсё гэта будзе няма каму прадаваць. Гэтыя санкцыі, ўхваленыя РБ ААН, на якія пагадзіліся і Расея, і Кітай — вельмі балючы ўдар па эканоміцы КНДР. У гэта сытуацыі Пхэньнян падвышае стаўкі, гуляе ролю вар’ята, якога трэба ўлагоджваць, каб ён не абрынуў сьвет у ядзерную вайну.

калі Кім Чэн Ын ужыве ядзерную зброю, удар у адказ можа зьнішчыць усю яго краіну

Калі ўжо галоўны прапагандыст Расеі Дзьмітры Кісялёў мог публічна распавядаць пра магчымыя ядзерныя ўдары па ЗША, то чаму гэта не можа сабе дазволіць Кім Чэн Ын? Паводле экспэртаў, да ЗША КНДР не даб’е, нават калі захоча. А вось па Сэўлу — можа. 56 гадоў таму дзядуля сучаснага кіраўніка КНДР Кім Ір Сэн да Сэўлу дайшоў і толькі ўмяшаньне амэрыканцаў прадухіліла захоп Паўднёвай Карэі.

Зразумела, што калі Кім Чэн Ын ужыве ядзерную зброю, удар у адказ можа зьнішчыць усю яго краіну. Але ядзерная зброя — яна наагул не для ўжываньня, а для стрымліваньня. Кім сваёй тактыкай пагрозай спрабуе прымусіць сьвет, найперш Злучаныя Штаты, да перамоваў зь ім, сыгналізуе, што ён апынуўся ў становішчы пацука, загнанага ў кут. Так што мой адказ на маё пытаньне — не, КНДР ня будзе ваяваць з Сэўлам і Вашынгтонам. Гэта шантаж.

Цыганкоў: Такія паводзіны — безумоўна гульня на падвышэньне ставак. Аднак у мяне ўзьнікаюць сумневы ў правільнасьці такога падыходу. Кожны раз немагчыма гуляць на падвышэньне ставак. Наступны раз, пасьля таго, як пагразіў ужыць ядзерную зброю, што яшчэ можна зрабіць, каб цябе працягвалі ўспрымаць сур’ёзна? Пачынаць сапраўды нейкія перастрэлкі, ваенныя дзеяньні?

У любым выпадку сапраўды паўночнакарэйскі прыклад унікальны. КНДР разумее, што яна засталася адна

Кожны раз трэба адказваць усё мацней і больш рашуча, калі працягваць менавіта гэтую гульню. Няма ніякай лінейнай пэрспэктывы, трэба рабіць крок наперад — два назад, і падвышэньне ставак трэба будзе спалучаць зь нейкімі іншымі мяккімі крокамі, напрыклад, прапановай перамоваў ці нейкімі саступкамі ў адказ на саступкі сваіх партнэраў па замежнай палітыцы.

У любым выпадку сапраўды паўночнакарэйскі прыклад унікальны. КНДР разумее, што яна засталася адна. Нават традыцыйна саюзьніцкі Кітай усё менш падтрымлівае Пхэньян у ягоных выхадках, напрыклад, апошнія рэзалюцыі ААН паказалі, што Кітай галасуе разам з амэрыканцамі.

Кіраўніцтва КНДР добра навучылася блефаваць

Хацеў бы адзначыць яшчэ адзін момант. Як вядома, цяперашні кіраўнік Кім Чэн Ын вучыўся ў Швайцарыі. Вось гэта адзін з каменьчыкаў у вечную дыскусію наконт санкцыяў, у тым ліку датычна Беларусі — ці трэба беларускіх чыноўнікаў прывабліваць да жыцьця на Захадзе, вучобы там, нібыта яны ад гэтага памяняюцца, пабачаць Захад і стануць іншымі? Навучаньне Кіма ў Швайцарыі зусім не зрабіла яго носьбітам эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Мы ведаем, якую ўнутраную палітыку ён праводзіць — значна больш жорсткую, чым ягоныя папярэднікі. Ён расстрэльвае генэралаў без разбору. Вось чалавек, які вучыўся ў Швайцарыі, здольны на такое.

Дракахруст: Лепш бы вучыўся ў БДУ.

Карбалевіч: Кіраўнік Камбоджы, Пол Пот, які забіў палову свайго насельніцтва, вучыўся ў Сарбоне, у Парыжы. Такіх прыкладаў, дарэчы, можна прывесьці вельмі шмат.

Кіраўніцтва КНДР добра навучылася блефаваць. Гэта ў іх атрымліваецца рабіць таленавіта. Некалькі разоў рабіць адно і тое ж немагчыма — але атрымліваецца гэты шантаж. Ужо некалькі разоў Пхэньян пужаў сьвет, найперш, ЗША, Паўднёвую Карэю, Японію то ракетамі, то ядзернай зброяй, шантажаваў і патрабаваў кампэнсацыі. Па прынцыпу: хто дапаможа грашыма і харчаваньнем, таму нічога ня будзе. І, ў прынцыпе, эфэкт пэўны ёсьць. Гэта адбываецца рэгулярна. І сьвет рэагуе таксама аднолькава. Спрабуе, супакоіць, залагодзіць нахабнікаў.

кіраўніцтва КНДР не такое «адмарожанае», якім яно хоча здавацца

Увогуле, кіраўніцтва КНДР не такое «адмарожанае», якім яно хоча здавацца. Сытуацыя вакол КНДР выяўляе больш шырокую праблему — што рабіць з хуліганамі, якія ня хочуць жыць па ўзгодненых сусьветных правілах? Бо ня стала усясьветнага паліцэйскага, якімі былі у часы «халоднай вайны» СССР і ЗША, потым, першыя 10-15 год пасьля краху Савецкага Саюзу — адны ЗША. Цяпер паліцэйскага ня стала і на паверхню павылазілі то самалійскія піраты, то «Ісламская дзяржава», то КНДР. Ды і самі правілы ставяцца пад сумнеў. Вось гэта глябальная праблема, якая сёньня паўстала перад чалавецтвам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG