Так, я трынаццацігадовы вучыў сваю бабулю «разговаривать правильно». На што мая бабка з заўсёднай усьмешкай адказвала, што, маўляў, позна мне, унучак, перавучвацца.
Так працягвалася час ад часу, пакуль аднойчы сьведкай гэтае размовы ня стала мая маці. Яе рэакцыя мяне зьбянтэжыла, бо ад маці, якая ўвесь час са мной і паўсюль размаўляла па-расейску, а па-беларуску ня ўмела (таму што пад час вайны й па вайне гадавалася ў горадзе Горкім), разьятрана гарлала:
– Кого ты учишь, сопляк? Хлеб белорусский ешь, бульбу белорусскую ешь, от бабушкиной полендвицы не оттянуть и мова белорусская ему неправильная. Езжай туда, где «разговаривают правильно»!
Мяне ўзрушылі не аргумэнты, а эмоцыі, якіх я не чакаў. Паўсюль была мода на «правільную мову», ішоў 1976 год. У школе мы кпілі з тых, хто меў беларускі акцэнт. Я неяк не задумваўся, што да сямі гадоў, пакуль я гадаваўся ў бабкі, беларуская мова была абсалютна натуральнай у прыватным сэктары каля старога аэрапорту. Гэта была першая засечка ў мазгах, калі мазгі пачынаюць задумвацца над праблемай і неяк асэнсоўваць яе. Прынамсі ад гэтага часу, я больш не спрабаваў вучыць сваю бабку «разговаривать правильно».
Другая засечка здарылася на ўроку беларускай мовы ў дзявятым класе. Яна таксама была зьвязаная перадусім з эмоцыямі. Даведзеная да адчаю нашымі кпінамі і ўхмылкамі што да беларускай мовы, настаўніца Тамара Іванаўна выдала такі эмацыйны сьпіч, што я зноў моцна задумаўся над сабой і мовай.
– Кретины! – крычэла яна па-расейску, – что вы ухмыляетесь. Вы своей головой дебильной так и проживете всю жизнь, не поняв ничего. Что для каждого человека значит свая мова.
Па класу лёталі падручнікі й сшыткі, зь яе вачэй білі маланкі. Ухмылкі застылі на нашых тварах.
– Всё, придурки, урок окончен, – пракрычэла яна зь нейкай невыноснай пагардай да нас. Сьледам ляснулі дзьверы, у калідоры рэха гулка адбівала яе крокі.
У той 1979 год я ўжо старанна падбіраў на гітары акорды да песьняроўскай Алесі.
«Бывай, абуджаная, сэрцу дарагая. Чаму так горка, не магу я зразумець…», – стагнаў хто-ніхто з нас пад пад'ездам у зарасьцях бэзу.
Наступнай засечкай стаўся выпадак у войску. Тое, што паміж сабой на сваёй мове размаўлялі грузіны Давід і Гія, ці нават украінскія Васылі-галычане Баланюк і Ерэмыця, было зразумелым. Грузіны ёсьць грузіны, а вясковыя Васылі – такія ж звычайныя калхозьнікі, як у нас. Але я страшна злаваў, калі на ўкраінскую пераходзіў мой прыяцель з Крыму Валодзя Петрычук. Прасунуты, як бы цяпер сказалі, гарадзкі пацан.
– Ты спэцыяльна так гаворыш, каб мяне пазлаваць, – закідаў я яму, калі той пераходзіў на ўкраінскую са сваімі крымскімі землякамі.
Той глядзеў на мяне дзівосным позіркам, абсалютна не разумеючы маіх крыўдаў і прэтэнзій, чым злаваў мяне яшчэ болей.
Урэшце аднойчы ён спытаў: а ты что, на белорусском не умееш? – чым канчаткова прыбіў мяне маральна. Я «на белорусском не умел». Было лета 1982 году.
Апошняя засечка здарылася на трэцім курсе інстытуту фізкультуры, дзе я вучыўся. Вакол імкліва ляцела «перестройка». Тэлевізар паказваў нечуваныя раней рэчы: праграму «Взгляд», зьезд народных дэпутатаў, фільм «Сабачае сэрца»… У Менску на слыху быў дыскусійны клюб «Талака» на чале зь Віктарам Івашкевічам і Сяргеем Вітушкам, куды некалькі разоў трапляў і я. Мова нечакана набыла статус папулярнай зьявы.
Мой аднагрупнік Андрэй Вікторчык сустракаўся зь дзяўчынай Валяй з тэатральна-мастацкага інстытуту, якая размаўляла на мове. Аднойчы ён заявіўся на заняткі зь незвычайным значкам у выглядзе паласатага бел-чырвона-белага сьцяга. На маё пытаньне «Что это за ерунда у тебя на пиджаке?» ён, пераможна пазіраючы на мяне, адказаў: «Это же ваш белорусский флаг», – чым увёў мяне ў ступар. Андрэй прыехаў з Мурманску і ня мог ведаць лепш за мяне беларускі сьцяг. Я пачаў спрачацца, але Андрэй даводзіў, што менавіта гэты самы сапраўдны беларускі сьцяг, а ня той, што лунае над Домам ураду. І яшчэ распавёў, што сёньня, 30 кастрычніка 1988 году, адбудзецца мітынг «Дзяды», дзе я сам магу пабачыць гэтыя сапраўдныя сьцягі. Мы дамовіліся, што сустрэнемся пасьля трэніроўкі ў раёне мэтро Усход, дзе меўся адбыцца той мітынг. Але жыцьцё, як звычайна, скарэктавала мае пляны.
На трэніроўцы абвесьцілі спарынг, формула бою тры раўнды па тры хвіліны. Мы з партнэрам зайшлі ў рынг і пачалі баксіраваць. Бой быў суворы й экспрэсіўны, у нейкі момант у запале мы неасьцярожна адначасова рушылі наперад, сутыкнуліся лбамі і пасякліся. Мне дасталося болей, з брыва пырснула кроў, вакол вока набягаў сур'ёзны фінгал. У разьдзявальні, як на зло, разьбілася ампула з замарозкай. Пакуль я прыводзіў сябе да ладу, ішоў час. На мітынг я спазьніўся, прыехаўшы, калі ўсе асноўныя падзеі скончыліся. У небе яшчэ вісела воблака «чаромхі», але ўзбударажаны міліцэйскай атакай натоўп ужо рушыў назад да мэтро. Да мяне штораз падыходзілі розныя людзі і пыталіся, гледзячы на сіняк і пасечанае брыво: гэта так ты ад мянтоў дастаў? Я маўчаў. Нарэшце на чарговае падобнае пытаньне прыгожая дзяўчына побач адказала за мяне: вам што, ня ясна, чалавек за беларускую мову пацярпеў.
Я ўвадначасьсе набыў гераічны флёр. Чалавек пацярпеў за мову. Нехта прапаноўваў плястыр, радзіў, што трэба неадкладна зрабіць, хлопаў па плячы, прапаноўваў выклікаць хуткую альбо прывесьці журналістаў.
Я ішоў у гэтым узрушаным, узбуджаным, узьнёслым натоўпе і нарэшце вельмі дакладна для сябе зразумеў – я буду размаўляць на беларускай мове.
Гэтую гісторыю я аднойчы распавёў, седзячы за сталом разам зь Зянонам Пазьняком і Хведарам Нюнькам у доме апошняга ў Вільні. Калі я скончыў, Пазьняк важка, як ён умее, прамовіў: у кожнага свой шлях да мовы, у тваім выпадку кола замкнулася брывом. Спадар Хведар наліў у кілішкі па пяцьдзясят грам і мы разам выпілі за Беларускую Мову.