Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 5 сакавіка: «дысыдэнцкае танга» ў Бараўлянах і суд над жывадзёрам у Рэчыцы 


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У Менску ў Нацыянальным мастацкім музэі адбудзецца экскурсія па экспазыцыі выставы «Час і творчасьць Льва Бакста». Пачатак а 16-й гадзіне.

Нацыянальны цэнтар сучасных мастацтваў (Менск, вул. Някрасава, 3) і «Дзіцячыя эка-майстэрні» запрашаюць на вясновы курс па эка-арту. Курсы адбудуцца ў 11 і 14 гадзін.

У Рэспублiканскiм тэатры беларускай драматургii (Менск, вул. Крапоткіна, 44) адбудзецца вечарына да Сьвята вясны.

У Бараўлянах пад Менскам у гандлёвым цэнтры «Перекрёсток» пройдзе «Дысыдэнцкая танга-вечарынка» для тых, хто хоча патанчыць пад нестандартную музыку (нуэва, бальканскае, габрэйскае, польскае, рускае танга, павольныя факстроты ды іншае). Пачатак у 18:18.

У судзе Рэчыцкага раёну на Гомельшчыне ў адкрытым працэсе пачнуць разглядаць справу жывадзёра, які павесіў цяжарную сабаку.

Дзень у гісторыі:

1279 — войскі ВКЛ перамаглі войска Тэўтонскага ордэну ў бітве пры Ашэрадэне.

1946 — прэм’ер Вялікабрытаніі часоў Другой Сусьветнай вайны Ўінстан Чэрчыль выступіў у амэрыканскім горадзе Фултане з прамовай, ад якой вядзецца адлік «халоднай вайны».

1948 — чэхаславацкія спэцслужбы на загад СССР арыштавалі ў горадзе Вімпэрк паэтку Ларысу Геніюш і яе мужа лекара Яна Геніюша. Неўзабаве іх чакаў «судовы працэс» у Менску і дарога у ГУЛАГ.

1992 — Беларусь усталявала дыпляматычныя дачыненьні з Грэцыяй.
2000 — касьцёл бэатыфікаваў 11 сёстраў-назарэцянак, расстраляных нацыстамі ў 1943 г. каля Наваградка.

У памяці:

1871 — нарадзілася Роза Люксэмбург, польская і нямецкая рэвалюцыянэрка.

Кандрат Крапіва
Кандрат Крапіва

1896 — нарадзіўся Кандрат Крапіва, беларускi савецкi пicьменьнiк, байкапicец.

1910 — нарадзіўся Аўген Калубовіч (Каханоўскі), беларускі гісторык, палітычны дзеяч, настаўнік.

1951 — нарадзілася Галіна Гарэлава, беларуская кампазытарка.

1953 — памёр Ёсіф Сталін. Падлік ахвяраў яго рэжыму працягваецца дагэтуль.

2000 — у Менску трапіў пад машыну і загінуў беларускі гісторык Мікола Ермаловіч, аўтар папулярных працаў па гісторыі Беларусі (кнігі «Старажытная Беларусь», «Па сьлядах аднаго міта», «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае»).

Цытата на памяць

У адным сяле (не важна — дзе)
Хадзіў Баран у чарадзе.
Разумных бараноў наогул жа нямнога,
А гэты дык дурней дурнога —
Не пазнае сваіх варот:
Відаць, што галава слабая.
А лоб дык вось наадварот —
Такога не страчаў ніколі лба я:
Калі няма разумніка другога,
Пабіцца каб удвух,
Дык ён разгоніцца ды ў сьцену — бух!
У іншага дык выскачыў бы й дух,
А ён — нічога.
I вось за дурасьць гэту
Яго вучоным раз празвалі нейк насьмех,
А каб двара не перабег,
На шыю прывязалі мету.
— Вось, — кажуць, — і дыплом табе.
Што гэта за «дыплом», Баран ні «мя» ні «бэ»,
Аднак жа перад Кошкаю пачаў ён ганарыцца:
— А што ж ты думала, сястрыца!
Хіба мне пахваліцца няма чым?
Дыплом я заслужыў, здаецца ж, галавою,
I не раўнуйся ты са мною.
— Аб гэтым лепей памаўчы, —
Сказала яму Кошка. —
Каб ты быў разумнейшы трошка
Ды розумам раскінуць мог авечым,
То ўбачыў бы, што ганарыцца нечым,
Бо заслужыў ты свой дыплом
Не галавой, а лбом.

Другі баран ні «бэ», ні «мя»,
А любіць гучнае імя.

Кандрат Крапіва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG