Хоць у сучаснай беларускай мове лацінскі варыянт альфабэту (у народзе «лацінка») практычна не выкарыстоўваецца, часам яна бывае непазьбежнай. Адзін з такіх выпадкаў — геаграфічныя назвы ў тэкстах для замежнікаў. На такі выпадак законам зафіксаваныя правілы трансьлітарацыі, згодна зь імі паводле закону аб назвах геаграфічных аб’ектаў павінны перадавацца лацінкай і назвы гарадоў, вёсак і вуліц.
Але гэтыя правілы, зацьверджаныя дзяржавай, самой дзяржавай і ігнаруюцца. Так, на дамэне gov.by можна сустрэць адпаведнае правілам напісаньне праспэкта Незалежнасьці як Niezaliežnasci, неадпаведныя — Nezalezhnastsi і Nezalezhnasti, «расейскі» prospekt Nezavisimosti і ангельскі Independence Avenue.
«The main thoroughfare of the district is the avenues of Independence, Partisan and Rokossovsky street Marx, Engels, Mayakovsky, Plekhanov, Yakubova, Malinina, Sverdlov and Yanka Kupala», — паведамляе з парушэньнем правілаў (ня толькі беларускай трансьлітарацыі, але і ангельскай граматыкі) сайт адміністрацыі Ленінскага раёну Менску.
Jak pravilna? Aficyjna praviĺna
Лацінку для запісу беларускіх тэкстаў сталі ўжываць прыблізна з XVI стагодзьдзя. У XIX стагодзьдзі беларусы (як Кастусь Каліноўскі ці Францішак Багушэвіч) пісалі па-беларуску «польскімі літарамі» без агульнапрынятай сыстэмы. У нашаніўскую пару пачынае фармавацца сучасная графіка беларускай лацінкі. Браніслаў Тарашкевіч у 1918 годзе выдаў «Беларускую граматыку для школ» паралельна ў кірылічным і лацінскім варыянтах, тая лацінка была ўжо амаль як сучасная.
Прынцыпы такія:
— Літары кірыліцы перадаюцца адпаведнымі літарамі лацінкі: A — гэта А, кірылічнае Б — гэта лацінкавае B, Ц — гэта C, Ы — гэта Y. — Што цікава, Г — гэта H, а літара G выбухная, як і кірылічная Ґ выбухная, выкарыстоўваецца факультатыўна (ґузік — guzik). — Калі няма адпаведнай літары для зычных, уводзяцца літары з дыякрытыкамі: Ш — гэта Š, Ч — гэта Č, Ж — гэта Ž (ня польскае Ż), Ў — гэта Ŭ. — Толькі кірылічнае Х перадаецца дзьвюма літарамі, Ch, таксама дзьвюма літарамі перадаюцца кірылічныя дыграфы: Дз — гэта Dz, Дж — гэта Dž. — Мяккасьць зычных гукаў замест мяккага знаку перадаецца рыскамі над самімі літарамі: Ць — гэта Ć, Сь — гэта Ś, Зь — гэта Ź, Нь — гэта Ń. — Ётаваныя галосныя Е, Ё, Ю і Я перадаюцца як Je, Jo, Ju і Ja на пачатку словаў і пасьля іншых галосных; як ie, io, iu і ia — у сярэдзіне слова; як e, o, u і a — пасьля мяккага L. Пазначаць рысачкамі мяккасьць зычных перад ётаванымі галоснымі ня трэба: nie. — Тарашкевіч прапаноўваў перадаваць кірылічнае В як W, але пазьней сталі ўжываць V.Таксама цьвёрдае Л здаўна перадавалася ў беларускай лацінцы як Ł (у польскай мове гэтая літара азначае цьвёрдае Л, па вымаўленьні блізкае да Ў), а мяккае Ль перадавалася як звычайнае лацінкавае L (у той жа польскай гэта мяккае Ль, якое цяпер вымаўляюць усё бліжэй да цьвёрдага).
Такі варыянт выкарыстоўваўся ў Беларусі і за яе межамі ад часоў Тарашкевіча, некаторыя карыстаюцца ім і цяпер.
Tekst biełaruskaj łacinkaj vyhladaje voś tak. Voku niazvykła, bo voka zvykła da kirylicy, ale paśla niekatoraj praktyki jon čytajecca biez prablemaŭ. Pasprabujcie, naprykład, hety tekst Siarhieja Dubaŭca ci hety manifest Hienika Łojki.
Да 2007 году беларускія назвы лацінкай належала пісаць паводле расейскага ГОСТа (Yanka, а ня Janka). У прынятых жа ў 2007 годзе правілах трансьлітарацыі дзяржава амаль прыняла ігнараваную да таго лацінку, толькі з парай зьменаў:
— У афіцыйным правапісе («наркамаўцы»), у адрозьненьні ад клясычнага («тарашкевіцы»), мяккія знакі між дзьвюма мяккімі зычнымі ня ставяцца, таму і ў дзяржаўнай лацінцы «цвік» гэта cvik (вымаўляцца гэта ўсё роўна павінна празь мяккае Ц), бо гэта ня цьвік — ćvik. — «Польскі» варыянт з Ł i L, які раней выкарыстоўваўся ў беларускай лацінцы, быў заменены на варыянт зь цьвёрдай L і мяккай Ĺ, прычым рысачка ставіцца па тых жа правілах, што і ў іншых «літарах з рысачкамі»: Kovieĺ, а ня Koviel, Zialiony Luh, а не Zialony Łuh. — Выбухная G не выкарыстоўваецца ніяк, нават у тых назвах, дзе гістарычна гэты гук прысутнічаў. Напрыклад, Гудагай — гэта Hudahaj, а не Gudahaj.Tekst aficyjnaj translitаracyjaj vyhliadaje amaĺ tak ža, jak i tradycyjnaj lacinkaj. Jon vykarystoŭvajecca, napryklad, na šyĺdach u staličnym mietro i na šyldach z nazvami vulic u centry. Pavinien vykarystoŭvacca paŭsiuĺ. Takaja translitaracyja razhliadalasia Pracoŭnaj hrupaj AAN pa ramanizacyjach Hrupy ekspiertaŭ pa hieahrafičnych nazvach i byla rekamendavanaja AAN u jakasci mižnarodnaj sistemy ramanizacyi bielaruskich hieahrafičnych nazvaŭ.
Закон ёсьць, адказнасьці няма
«Па міжнародных правілах нельга замыкацца на мове нейкай адной краіны, як ангельскай, а трэба, каб лацінка адлюстроўвала нацыянальную мову. І лепш за нашу лацінку ніводная замежная мова ня можа перадаць асаблівасьці нашай мовы», — тлумачыць Свабодзе неабходнасьць лацінкі ў геаграфічных назвах былая старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філялягічных навук, прафэсар Валянціна Лемцюгова.
Яна згадвае, што за лацінку ў геаграфічных назвах прыйшлося змагацца дзесяць год, пакуль не былі прынятыя правілы 2007 году, затым замацаваныя ў законе.
«Я столькі білася за гэтую лацінку, што не магу вам перадаць, — кажа Свабодзе Лемцюгова. — І за лацінку, і за тое, каб першай у геаграфічных назвах ішла назва на беларускай мове. Дабіліся, каб гэта было прапісана ў законе аб геаграфічных назвах, бо і закону таго не было! Я, напэўна, пяць разоў пісала ў міністэрствы, а адказвалі, што не прынята, бо ў нас дзьве дзяржаўныя мовы — я пішу зноў і зноў, што дзяржаўных моваў у нас можа быць і дзесяць, а нацыянальная мова ў нас адна».
Лемцюгова і паплечнікі дамагліся свайго. Але ў 2014 годзе чыноўнікі зноў прапаноўвалі прысвойваць назвы геаграфічным аб’ектам ня толькі на беларускай, але і на расейскай мове (напрыклад, назваць пасёлак «Красны Акцябар»). «Ваявалі» і з лацінкай у менскім мэтро. Але правілы не скасавалі, закон у сіле.
Адказнасьць за парушэньне мы не разглядалі, гэта ня ў нашай кампэтэнцыі было. Сапраўды, мо трэба прыняць пастанову, каб чалавек, які парушае правілы трансьлітарацыі, нёс нейкую адказнасьць.
«Закон ёсьць закон, але я ня ведаю нават, у якую інстанцыю зьвяртацца, — кажа Валянціна Лемцюгова пра цяперашнія парушэньні правілаў трансьлітарацыі. — Трэба патрабаваць, каб дзейнічалі па законе. Але адказнасьць за парушэньне мы не разглядалі, гэта ня ў нашай кампэтэнцыі было. Сапраўды, мо трэба прыняць пастанову, каб чалавек, які парушае правілы трансьлітарацыі, нёс нейкую адказнасьць. Ну дык у нас парушаюць шмат чаго. Наша беларускае напісаньне парушаюць як хочаш, скажаюць, бо ў нас няма такога закону, як, напрыклад, у Францыі, там паспрабуй парушыць норму!
Лацінкай трэба сваёй карыстацца, гэта наш аўтарытэт, наш гонар. Купала пісаў на лацінцы, і Колас, і Багдановіч. Украінцы нам зайздросьцяць, што ў нас ёсьць лацінка! Я ня ведаю, чаму ў нас так непатрыятычна да лацінкі ставяцца».
Усьлед за тапонімамі, мяркуе Лемцюгова, варта ўнармаваць і іншыя рэчы, якія перадаюцца лацінскімі літарамі — напрыклад, прозьвішчы ў пашпартах, бо цяпер «пачатковае напісаньне вызначыць немагчыма», калі беларускія прозьвішчы пішуцца паводле расейскага ГОСТу. Праз той ГОСТ у пашпарце Мясьніковіч (Miaśnikovič) становіцца Мыасніковіхам (Myasnikovich), пастаянна губляецца неабавязковая ў расейскай мове літара Ё. Хоць сама Лемцюгова больш ня мае паўнамоцтваў адстойваць лацінку ў тапанімічнай камісіі, ейныя ідэі падтрымліваюць некаторыя беларусы — летась пад прапановай выкарыстоўваць беларускую лацінку ў пашпартах падпісалася амаль тысяча чалавек.
Свабода накіравала афіцыйныя звароты ў Адміністрацыю прэзыдэнта, Міністэрства замежных спраў, Нацыянальную акадэмію навук і Менгарвыканкам з пазначэньнем памылак у трансьлітарацыі на іхных сайтах.