Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі трымаліся ўрады рэфарматараў?


Прэм'ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк
Прэм'ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк

Праз два гады пасьля Рэвалюцыі годнасьці ўрад Арсенія Яцанюка ў хісткім становішчы. Вярхоўная Рада ня выказала вотум недаверу, але гэта зь вялікай імавернасьцю можа адбыцца ў бліжэйшыя месяцы.

Рэфарматарскія ўрады часта не апраўдваюць надзеяў — прычым ня важна, адбываліся рэформы хутка ці не адбываліся наагул. Свабода паглядзела, як склаўся лёс першых урадаў у эўрапейскіх краінах пасьля пераменаў і як гэтыя ўрады ацэньваюцца цяпер.

Урад Гайдара, Расея.

лістапад 1991 — сьнежань 1992

Каманда Ягора Гайдара заклала падмурак рынкавай эканомікі і правяла шэраг дэмакратычных рэформаў. У масавай сьвядомасьці працу ўраду зьвязваюць з эканамічнымі праблемамі 90-х і несправядлівай прыватызацыяй.

Урад Цімашэнкі, Украіна

люты 2005 — верасень 2005

Ад ураду чакалі многага. На той момант гэта быў самы малады склад міністраў, пры кожным зь міністэрстваў былі створаныя дэпартамэнты эўраінтэграцыі, сілавыя структуры ўзначалілі цывільныя кіраўнікі. Але канфлікты ўнутры ўлады, непаразуменьні паміж лідэрамі Памаранчавай рэвалюцыі і адсутнасьць ясных вынікаў прывялі да адстаўкі ўраду, і яго дзейнасьць стала ўспрымацца нэгатыўна.

Урад Жваніі, Грузія

люты 2004 — люты 2005

Зураба Жванію знайшлі мёртвым разам зь ягоным сябрам Раулем Юсупавым. Прэм’ер прыехаў да знаёмага і адпусьціў ахову, праз колькі гадзін абодва былі нежывыя. Афіцыйная вэрсія — атруціліся чадным газам, але ў Грузіі яна выклікае даволі шмат скепсісу.

Пасьля сьмерці Жваніі склад кабінэту міністраў амаль не зьмяніўся. Агулам жа партыя Саакашвілі знаходзілася ва ўладзе з 2003 па 2012 і фармавала ў гэты час урад. Гэта дазволіла ажыцьцявіць пасьпяховыя лібэральныя рэформы.

Урад Мазавецкага, Польшча

жнівень 1989 — студзень 1991

Першы посткамуністычны ўрад Польшчы запомніўся ня столькі прэм’ерам, колькі міністрам фінансаў Лешкам Бальцаровічам. Менавіта ягоная эканамічная праграма атрымала пасьля назву «шокавай тэрапіі». Нягледзячы на посьпех рэформаў, сацыяльныя наступствы выклікалі незадаволенасьць палякаў. Бальцаровіч захаваў пасаду ў наступным урадзе Бялецкага, але ўжо ў тым жа 1991 годзе, калі быў сфармаваны яшчэ адзін кабінэт міністраў на чале зь Янам Альшэўскім, Бальцаровіча там не было.

Цяпер «плян Бальцаровіча» прызнаецца пасьпяховым, сыстэмныя рэформы дазволілі Польшчы стаць эканамічным лідэрам рэгіёну. Але фігура і дзеяньні самога Бальцаровіча дагэтуль выклікаюць незадаволенасьць у многіх прадстаўнікоў старэйшых пакаленьняў.

Урад Чалфы, Чэхаславаччына

сьнежань 1989 — ліпень 1992

Чалфа адыграў вялікую ролю ў эканамічных рэформах і ў пераходзе краіны да капіталістычнай сыстэмы. Пасьля паражэньня ягонай партыі на парлямэнцкіх выбарах 1992 году Марыян Чалфа сышоў у адстаўку і заняўся юрыдычнай дзейнасьцю. Наступны чэхаславацкі прэм’ер стаў апошнім у гісторыі — на мапе зноў паўсталі незалежныя Чэхія і Славаччына.

Урад Джынджыча, Сэрбія

сьнежань 2000 — сакавік 2003

Зоран Джынджыч — першы прэм’ер пасьля «бульдозэрнай рэвалюцыі», у выніку якой сышоў Слабадан Мілошавіч. Дарэчы, перадаць Мілошавіча міжнароднаму трыбуналу — ініцыятыва Джынджыча. У сакавіку 2003-га быў забіты снайпэрам.

Дзейнасьць ураду ацэньваецца па-рознаму — у асноўным з прычыны карупцыйных скандалаў і слабых эканамічных посьпехаў.

Урад Эдгара Савісаара, Эстонія

травень 1990 — студзень 1992

Эдгар Савісаар стаў першым прэм’ер-міністрам пасьля прыняцьця 8 мая 1990 году закону аб аднаўленьні дзеяньня Канстытуцыі незалежнай Эстоніі 1938 году. Ягоны ўрад заставаўся ва ўладзе да 29 студзеня 1992 году, калі Савісаар быў вымушаны сысьці ў адстаўку з-за цяжкага становішча ў эканоміцы. Тым ня менш рэформы ў Эстоніі ўдаліся.

Урад Прунскене, Літва

сакавік 1990 — студзень 1991

Казімера Прунскене стала прэм’ер-міністрам 17 сакавіка 1990 г., узначаліўшы першы ўрад пасьля аднаўленьня Літвой незалежнасьці. Сустрэчы з Джорджам Бушам, Маргарэт Тэтчэр, Гельмутам Колем прынесьлі ёй шырокую вядомасьць як «бурштынавай лэдзі» (па аналёгіі з «Жалезнай лэдзі» Маргарэт Тэтчэр) і вымусілі Гарбачова пачаць перамовы пра выхад Літвы з СССР.

Тым ня менш пасьля яе ўрад абвінавацілі ў беспасьпяховых перамовах, у краіне з-за эканамічнай блякады расьлі кошты, і незадоўга да падзеяў 13 студзеня 1991 г. Прунскене пайшла ў адстаўку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG