Глод: 18 студзеня пры наведваньні Гомеля прадстаўнік Упраўленьня вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Беларусі Жан-Іў Бушардзі прапанаваў Беларусі падзяліць цяжар клопатаў за сырыйскіх уцекачоў. Ён зьвярнуў увагу на тое, што ў Беларусі, у адрозьненьне ад краін Эўразьвязу, не назіраецца вялікага прытоку уцекачоў з Сырыі.
Спадар Бушардзі паведаміў, што напрыканцы сакавіка пройдзе сустрэча на высокім узроўні з прадстаўнікамі многіх краін. Яе праводзіць ААН, і адна з галоўных мэтаў гэтай сустрэчы — заклікаць урады дзяржаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, падзяліць зь імі цяжар адказнасьці і клопат за вымушаных мігрантаў з Сырыі. На гэтую сустрэчу будзе запрошаная і Беларусь.
Прадстаўнік ААН адзначыў: «Мы спадзяемся, што вынікам гэтай сустрэчы будзе праграма, у рамках якой дапамогу ў Беларусі змогуць атрымаць уцекачы з Сырыі, можа, пяцьдзесят ці сто чалавек».
Пакуль пры фінансавай падтрымцы ААН у Гомель пераехалі тры сям’і з Сырыі. Як раз сёньня Жак-Іў Бушардзі сустрэнецца зь імі і паглядзіць, наколькі эфэктыўна гэтыя людзі інтэгруюцца ў беларускае грамадзтва, які прагрэс дасягнуты з моманту іх прыезду, якія існуюць праблемы.
На думку прадстаўніка ААН, Беларусь досыць добра справілася з наплывам перасяленцаў з Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны. За 2014-2015 гады ў Беларусь адтуль пераехала больш за 160 тысяч чалавек. Абсалютная бальшыня зь іх не атрымала статусу ўцекачоў, але ім, як лічыць спадар Бушардзі, «аказалі пэўную абарону»: «Ім была неабходна дапамога, на тле таго, што такі наплыў быў істотным цяжарам для самой сыстэмы, якая павінна была зрэагаваць на прыезд людзей».
З усяго гэтага, на мой погляд, выцякаюць два галоўныя пытаньні: першае — ці пагодзяцца беларускія ўлады прымаць сырыйскіх уцекачоў, ці патрэбна ім гэта? І другое — ці паедуць самі сырыйцы сюды? Дарэчы, адзін наш калега летам 2015 году рабіў матэрыял пра сырыйца, які прыехаў у Менск. І той сказаў, што ніякай непрыязнасьці да сябе ён у Беларусі не адчувае, але затрымлівацца надоўга тут не плянуе, бо заробкі тут невялікія, а цэны непараўнальна высокія.
Карбалевіч: З аднаго боку, беларускае грамадзтва, напужанае інфармацыяй з Эўропы, дзе сытуацыя з імігрантамі выклікала пэўнае сацыяльна-палітычнае напружаньне, адмоўна ставіцца да прыёму ўцекачоў. Варта адзначыць, што Беларусь у гэтым сэнсе выпадае з працэсу глябалізацыі, тут даволі гамагеннае насельніцтва ў этнічным пляне. Нават у параўнаньні з расейскімі гарадамі, з Масквой, дзе жыве шмат людзей «неславянскай зьнешнасьці», Беларусь адрозьніваецца аднароднасьцю. Бо краіна бедная, няма сэнсу сюды ехаць. Цяперашняе пакаленьне беларусаў не прызвычаілася жыць побач з іншаземцамі. Дый эканамічнае становішча Беларусі цяпер цяжкае, расьце беспрацоўе, самім беларусам няма дзе працаваць, а тут яшчэ зьявяцца танныя рабочыя рукі.
А зь іншага боку, прадстаўнік Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі кажа, што ААН прапануе Беларусі прыняць усяго толькі 50-100 сырыйскіх уцекачоў. Гэта няшмат, праблем яны ня створаць, і фінансавыя страты на іх утрыманьне невялікія. Вось з Данецкай і Луганскай абласьцей прыехала 160 тысяч уцекачоў, і, здаецца, нейкай вялікай праблемы яны не стварылі.
Таму не выключаю, што беларускія ўлады могуць і пагадзіцца. Бо могуць атрымаць прапагандысцкі эфэкт. Маўляў, Беларусь — адказны суб’ект усясьветнай супольнасьці, як любяць казаць афіцыйныя асобы апошнім часам, донар рэгіянальнай бясьпекі. З украінскіх уцекачоў улады атрымалі пэўныя піяраўскія дывідэнды. Тыя часта выступалі па БТ, расказвалі пра жахі, якія існуюць на радзіме, і апавядалі, як усё добра, мірна і спакойна ў Беларусі. І гэта акурат кладзецца на той прапагандысцкі канструкт, які цяпер прапануе Лукашэнка. Ён жа ўвесь час паўтарае: галоўнае сёньня не заробак, дабрабыт, а мір, пакой і парадак. Вось і сырыйскіх імігрантаў можна будзе таксама выкарыстаць аналягічным чынам. Тым больш, што ў Сырыі жахі страшнейшыя, чым ва Ўкраіне.
Навумчык: 100 чалавек, дый 100 сем’яў улады могуць прыняць без асобых выдаткаў, тут няма пра што гаварыць. А ці захочуць сюды ехаць самі сырыйцы? Я думаю, што канешне набярэцца 100 ахвочых сюды прыехаць, ва ўсялякім разе пры выбары паміж краінамі Сярэдняй Азіі былога СССР і Беларусьсю. Яны ўсё ж успрымаюць Беларусь як эўрапейскую краіну. Ці яны тут застануцца надоўга? Хутчэй яны будуць успрымаць Беларусь як часовую тэрыторыю, транзытную зону для перамяшчэньня далей у Заходнюю Эўропу.
Сапраўды, калі знаёмісься з актуальнымі матэрыяламі па тэме, зразумела, што бальшыня ўцекачоў выбірае краіны, дзе эканамічнае і сацыяльнае становішча лепшае, бо яны павінны былі б спыніцца ўжо ў Турэччыне, паколькі Турэччына для іх ужо абсалютна бясьпечная краіна. Міжнародная канвэнцыя прадугледжвае, што ўжо першая краіна павінна даць палітычны прытулак, і другая краіна мае поўнае права адмовіць. Яны імкнуцца больш на захад і на поўнач, у Швэцыю, гэта назіралася да нядаўняга часу, пакуль там не запанавала больш жорсткае стаўленьне і не абрэзалі сацыяльную дапамогу.
Мы ведаем, што празь Беларусь шукаюць лепшага жыцьця іншыя людзі з усходу, бо паміж Беларусьсю і Расеяй фактычна не існуе мяжы, і мяне бярэ сумнеў, ці Беларусь сапраўды кантралюе яе. Паведамляюць пра тое, што затрымліваюць на беларуска-польскай мяжы. А колькі іх вяртаецца назад у Расею — гэта невядома.