Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч стала доктарам Honoris Causa Кіева-Магілянскай акадэміі


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Навуковая рада ўкраінскага нацыянальнага ўнівэрсытэту «Кіева-Магілянская акадэмія» на паседжаньні 11 лютага 2016 году прагаласавала за наданьне званьня «Ганаровы доктар НаУКМА (Honoris Causa)» Сьвятлане Алексіевіч, выбітнай беларускай пісьменьніцы, ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 2015 году.

На старонцы Кіева-Магілянскай акадэміі ў Фэйсбуку, пішуць з гэтай нагоды, што «Сьвятлана Алексіевіч зьяўляецца ўраджэнкай Украіны. Яна нарадзілася ў горадзе Станіслаў (цяпер Івана-Франкоўск), дзяцінства правяла ва ўкраінскім сяле у Віньніцкай вобласьці. Пасьля яе сям’я пераехала ў Беларусь, дзе Святлана Алексіевіч стала спачатку журналісткай, а потым майстрам мастацка-дакумэнтальнай прозы. У сваіх кнігах Алексіевіч выступае адвакатам звычайнага чалавека, якому ўдаецца захаваць сваю чалавечнасьць пад надзвычай магутным ціскам гісторыка-палітычных абставінаў...

Зь першых дзён „Рэвалюцыі годнасьці“ Сьвятлана Алексіевіч пастаянна выказвала падтрымку ўкраінскаму народу ў яго барацьбе за свабоду і лепшую будучыню. Яна рашуча асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны. Яе голас пачулі мільёны людзей па ўсёй зямной кулі.

На працягу многіх гадоў Алексіевіч падтрымлівае творчыя сувязі з Нацыянальным унівэрсытэтам „Кіева-Магілянская Акадэмія“, у прыватнасьці з Цэнтрам Эўрапейскіх Дасьледаваньняў НаУКМА, Цэнтрам юдаікі і выдавецтвам „Дух і Літара“. У свой час мы ініцыявалі выданьне яе кнігі „Чарнобыльская малітва“ (пераклад Аксаны Забужкі). 2014 года ў выдавецтве „Дух і Літара“ выйшаў украінскі пераклад апошняй кнігі Святланы Алексіевіч „Час сэканд хэнд: канец чырвонага чалавека“ (Пер. З рус. Л. Лысенка). На сайце выдавецтва „Дух і Літара“ рэгулярна публікуюцца матэрыялы аб Сьвятлане Алексіевіч, яе артыкулы і інтэрвію, і да таго падобнае.

Прысудзіўшы Святлане Алексіевіч ганаровую ступень доктара НаУКМА, „Кіева-Магілянская Акадэмія“ выказвае павагу ўкраінскага народа за ўнікальны ўклад Святланы Алексіевіч у сучасную літаратуру і публіцыстыку, і ў той жа час шчыра дзякуе беларускай пісьменьніцы за яе мужную, шчырую, адкрытую грамадзянскую пазыцыю: антытаталітарную, пра-дэмакратычную, а таму пра-ўкраінскую».

На заканчэньне гэтай інфармацыі паведамляецца, што паводле традыцыі, ганаровы доктар Сьвятлана Алексіевіч прачытае адкрытую лекцыю ў НаУКМА, тэма і дата якой будзе абвешчана асобна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG