Расейскія апазыцыянэры і грамадзянскія актывісты на пачатку надыходзячага тыдня маюць намер правесьці перамовы з мэрыяй Масквы з нагоды заяўкі на марш памяці палітыка Барыса Нямцова 27 лютага, у гадавіну яго сьмерці. Намесьнік старшыні апазыцыйнай партыі ПАРНАС Ільля Яшын у інтэрвію «Інтэрфаксу» сказаў пра намер дасягнуць узгадненьня памятнай акцыі з маскоўскімі ўладамі. Паводле яго слоў, важна не дапусьціць, каб людзей, «раскідвалі па аўтазаках» у момант, калі яны хочуць ушанаваць памяць свайго забітага таварыша.
Кіраўнік маскоўскага дэпартамэнту рэгіянальнай бясьпекі Аляксей Маёраў сказаў у мінулую пятніцу, што атрыманая заяўка будзе разгледжаная на працягу трох працоўных дзён.
Заяўнікі маюць намер правесьці мерапрыемства ў форме дэманстрацыі, бязь мітынгу, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на аднаго з кіраўнікоў ПАРНАСа Канстанціна Мярзьлікіна.
Барыс Нямцоў, былы віцэ-прэм’ер і дэпутат Дзяржаўнай думы быў забіты 27 лютага 2015 году на Вялікім Маскварэцкім мосьце ў цэнтры Масквы, ля Крамля. На наступны дзень прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што ўзяў расьсьледаваньне забойства Барыса Нямцова пад асабісты кантроль. Родныя Нямцова і яго паплечнікі крытычна ацэньваюць ход расьсьледаваньня.