Як паведамляе «Голас Амэрыкі», у ходзе працы Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, сэсія якой пачнецца 25 студзеня ў Страсбуры, пройдуць слуханьні з прапановай ініцыяваць распрацоўку дакладу ПАРЭ аб забойстве расейскага апазыцыйнага палітыка, сустаршыні партыі ПАРНАС Барыса Нямцова.
Магчымасьць такога расьсьледаваньня абмяркоўвалася ў ПАРЭ, пачынаючы зь лета 2015 году, але эўрапейскія парлямэнтары тады казалі, што трэба даць расейскаму боку час і магчымасьць расьсьледаваць гэта рэзананснае злачынства.
Родныя і паплечнікі забітага палітыка, аднак, паведамлялі, што сьледзтва, якое першапачаткова прасоўвалася пасьпяхова, да канца 2015 году было спушчанае на тармазах. У прыватнасьці, нягледзячы на тое, што арыштаваныя па справе меркаваныя выканаўцы злачынства шчыльна зьвязаныя з кіраўніком Чачні Рамзанам Кадыравым, сьледчыя не дапыталі чачэнскага кіраўніка, а прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін у сьнежні 2015 году заявіў, што не зьбіраецца абмяркоўваць з Кадыравым гэтую тэму.
На мінулым тыдні кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандар Бастрыкін заявіў, што забойства Барыса Нямцова раскрытае. Паводле інфармацыі, апублікаванай некалькімі расейскімі СМІ, у канчатковай рэдакцыі абвінавачваньня ня будзе сказана пра тое, што забойства Барыса Нямцова зьвязана зь яго палітычнай дзейнасьцю, а кола абвінавачаных абмяжуецца толькі тымі, хто ўжо быў арыштаваны ў самым пачатку расьсьледаваньня.
На слуханьнях, якія арганізуе дэпутат ПАРЭ ад Літвы Эмануэліс Зінгерыс, выступяць дачка Барыса Нямцова Жана, якая пакінула Расею ў мінулым годзе з-за боязі за сваю бясьпеку, былы прэм’ер-міністар Расеі і старшыня партыі ПАРНАС Міхаіл Касьянаў, выканаўчы дырэктар Фонду Барыса Нямцова Вольга Шорына і каардынатар руху «Адкрытая Расея» Ўладзімер Кара-Мурза-малодшы.
Чакаецца, што падчас слуханьняў іх удзельнікі паставяць пытаньне аб неабходнасьці падрыхтоўкі спэцыяльнага дакладу ПАРЭ аб забойстве Барыса Нямцова. У Асамблеі ўжо ёсьць досьвед падобных дакладаў, якія тычацца Расеі: у 2013 годзе швэйцарскі парлямэнтар Андрэас Грос падрыхтаваў на даручэньне ПАРЭ даклад з расьсьледаваньнем гібелі Сяргея Магніцкага.
Расейская дэлегацыя на сэсіі ПАРЭ ў панядзелак прысутнічаць ня будзе. Парлямэнт Расеі вырашыў не накіроўваць сваіх прадстаўнікоў у Асамблею да таго часу, пакуль ПАРЭ ня вырашыць зьняць з дэлегацыі Расеі санкцыі, накладзеныя на яе ў красавіку 2014 году пасьля анэксіі Крыму і ўдзелу Масквы ў вайне на ўсходзе Ўкраіны. Таксама расейскія парлямэнтары заяўлялі, што да зьняцьця санкцыяў не зьбіраюцца супрацоўнічаць з Асамблеяй.
У сувязі з гэтым у ПАРЭ ёсьць перасьцярогі, што, нават калі рашэньне аб распрацоўцы дакладу аб забойстве Барыса Нямцова будзе прынятае Асамблеяй, дакладчыка па гэтым пытаньні могуць проста не пусьціць у Расею.