Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс папугаяў-нелегалаў, затрыманых памежнікамі, невядомы


Гісторыя пра 440 затрыманых беларускімі памежнікамі ў Лельчыцкім раёне папугаяў нагадвае дэтэктыў. Дзе цяпер знаходзяцца птушкі, якіх Лельчыцкая вэтэрынарная служба прызнала здаровымі, невядома.

38-гадовы жыхар Баранавічаў Алег Е. быў затрыманы 9 лютага ў памежнай зоне, на дарозе Глушкевічы — Мілошавічы. У аўтамабілі Opel ён перавозіў больш за 440 папугаяў, ня маючы на іх дакумэнтаў. У дачыненьні да перавозчыка птушак распачата праверка. А папугаі — амадзіны, хвалістыя папугаі, неразлучнікі, карэлы, разэлы — трапілі спачатку ў Лельчыцкую вэтэрынарную службу.

Адразу ж адгукнуліся эколягі, зоаабаронцы. Неабыякавая грамадзкасьць, валянтэры рыхтавалі клеткі, транспарт, дапамогу з далейшым разьмеркаваньнем птушак. Яны былі гатовыя дапамагчы і з адмысловым кормам для папугаяў.

Раніцай 12 лютага галоўны ўрач Лельчыцкай вэтэрынарнай службы Канстанцін Кудласевіч паведаміў экаабаронцам, што ўсе птушкі прызнаныя здаровымі і перададзеныя на часовае ўтрыманьне «гаспадару» — чалавеку, у якога і канфіскавалі птушак памежнікі — да вырашэньня юрыдычных пытаньняў, бо той паабяцаў прадставіць дакумэнты на «жывы тавар». Натуральна, птушак трэба карміць, даглядаць, і Алег Е. паабяцаў гэта рабіць.

Алег Е. паводзіць сябе дзіўна. У першай палове дня прадстаўнікам «Аховы птушак Бацькаўшчыны» ён казаў, што «маці проста выпусьціла птушак у вакно, і яны паляцелі», сябрам Беларускай партыі «Зялёныя» казаў, што папугаяў яму наагул не перадавалі. У другой палове пятніцы Алег Е. па тэлефоне ўжо не адказваў.

Калі птушак сапраўды «проста выпусьцілі», яны могуць загінуць на марозе. І тады вінаваты павінен быць пакараны за жорсткае абыходжаньне з жывёламі паводле артыкула 15.45 КаАП Рэспублікі Беларусь. Да таго ж амаль паўтысячы яркіх птушак на вуліцах Баранавічаў не заўважыць складана, гэта прыцягнула б увагу.

У чацьвер начальнік аддзелу біялягічнай разнастайнасьці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Ксенія Панцялей паведаміла Свабодзе, што з тых відаў, якія пералічаныя ў прэс-рэлізе Памежнага камітэту, від папугая «разэла» падпадае пад дзеяньне СІТЭС — Канвэнцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флёры, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня. Беларусь падпісала гэтую канвэнцыю, і функцыя Міністэрства — даць рэкамэндацыі, куды гэтых рэдкіх папугаяў лепш разьмясьціць. Мінпрыроды рэкамэндуе прынамсі папугаяў віду «разэла» перадаць у Менскі заапарк. Астатніх можна ўладкаваць у дзіцячыя дамы, школы, садкі.

Паводле прэсавага сакратара Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандра Цішчанкі, перавозчык птушак парушыў памежнае, мытнае і вэтэрынарнае заканадаўства, перавозячы папугаяў без дакумэнтаў, у кардонных каробках, цісканіне. І павінен несьці за гэта адказнасьць.

Паўстае пытаньне: хто і на якой падставе перадаў папугаяў парушальніку заканадаўства, які вёз птушак кантрабандай? Хто цяпер адказвае за птушак — вэтэрынарная служба, памежнікі, іншыя інстанцыі? Дзе ўвогуле яны цяпер? Свабода будзе сачыць за лёсам 440 папугаяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG