Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Эўропа і ЗША разгледзелі нашу міралюбівую палітыку»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь гатовая разгледзець любыя новыя ідэі і праекты ад замежных партнэраў. Пра пэрспэктывы партнэрства ён казаў шэрагу паслоў, ад Вялікабрытаніі і Швайцарыі да Сьера-Леонэ і Паўночнай Карэі.

На прыёме даверчых граматаў ад амбасадараў замежных дзяржаваў 25 студзеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць разгледзець любыя ідэі і праекты ад замежных партнэраў, перадае БЕЛТА.

«Беларусь вельмі зацікаўленая ў пашырэньні замежных гандлёва-эканамічных сувязяў, — падкрэсьліў Лукашэнка. — Нашы дзяржаўныя структуры і бізнэс-супольнасьць гатовыя разглядаць любыя новыя ідэі, праекты і ініцыятывы з вашага боку. Мы нацэленыя як на ўмацаваньне ўзаемавыгадных кантактаў з традыцыйнымі эканамічнымі партнэрамі, так і на асваеньне новых рынкаў для дывэрсыфікацыі ня толькі нашага экспарту, але і ўсіх нашых адносінаў».

Лукашэнка дадаў, што ў Беларусі склалася рэпутацыя змагара за захаваньне стабільнасьці і бясьпекі ў сьвеце:

«Добра, што і ў Эўразьвязе, і ў Злучаных Штатах Амэрыкі разгледзелі нашу міралюбівую палітыку, пільна вывучылі яе і зрабілі выснову, што зь Беларусьсю трэба ня проста супрацоўнічаць, а выкарыстоўваць Беларусь так, каб у нашым рэгіёне быў мір і парадак. Мы ў гэтым напрамку гатовыя працаваць».

Пра пэрспэктывы разьвіцьця адносінаў ён казаў ці ня кожнаму амбасадару, ад якога атрымліваў граматы. Маўляў, разьлічвае на пераадоленьне псыхалягічнай мяжы ў адносінах Беларусі і Вялікабрытаніі, выказаў спадзеў на карысьць ад працы ў Беларусі амбасады Аўстрыі і больш шырокую прысутнасьць у краіне швайцарскага бізнэсу, на супрацу з Альбаніяй у прамысловасьці і сельскай гаспадарцы. Акрамя таго, ён распавёў пра падпісаньне карты беларуска-індыйскага супрацоўніцтва, гатоўнасьць прыняць у Беларусі новага прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаласа Мадуру і прэзыдэнта Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі Джэйкаба Зуму. У якасьці пэрспэктыўнага партнэра Беларусь разглядае Пэру ў Паўднёвай Амэрыцы і Сьера-Леонэ ў Афрыцы, а з Паўночнай Карэяй мае «нацэленасьць на разьвіцьцё ўзаемавыгадных адносінаў ва ўсіх сфэрах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG