У сэрыі «Бібліятэка Свабоды — XXI стагодзьдзе» выйшла кніга «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Пад адной вокладкай сабраныя матэрыялы, якія больш чым паўтара дзесяцігодзьдзя гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
Спампаваць кнігу можна тут:
У фармаце MOBI
У фармаце EPUB
У фармаце PDF
У фармаце FB2
Пра новую кнігу распавядае яе ўкладальнік і рэдактар Сяргей Навумчык.
РС: Сяргей, чаму ўзьнікла ідэя такой кнігі?
Навумчык: Мы не маглі не зрабіць гэтую кнігу, бо Сьвятлана Алексіевіч — першы нобэлеўскі ляўрэат у Беларусі, і сама па сабе Нобэлеўская прэмія — падзея для краіны гістарычнага маштабу.
Днямі нехта сказаў, што калі б Алексіевіч жыла, напрыклад, у ЗША, яна б не пасьпела даляцець са Стакгольму — а ў кнігарнях ужо зьявіліся б яе біяграфіі. Гэта вельмі трапная заўвага, яна тычыцца ня толькі нобэлеўскай ляўрэаткі, а шмат якіх (ды практычна ўсіх — выключэньне кніга Шапрана пра Быкава) нашых выбітных сучасьнікаў: літаратараў ад Адамовіча і Брыля да Барадуліна ды Бураўкіна, палітыкаў ад Кісялёва і Сьлюнькова да Пазьняка і Шушкевіча, спартоўцаў ад Корбут і Шчэрбы да Герасімені і Домрачавай, — называю толькі некаторых з тых, чые біяграфіі мелі б бясспрэчны чытацкі попыт.
У нас нават няма кананічных жыцьцяпісаў (з улікам новых адкрытых матэрыялаў) пачынальнікаў нашай дзяржаўнасьці — Луцкевіча і Ластоўскага, нарэшце, як ні дзіўна гэта гучыць — Купалы і Коласа! Не існуе ў нас такой традыцыі.
Гэта не біяграфія ў традыцыйным разуменьні жанру — але, у нейкай ступені, летапіс, адлюстраваньне таго, што адбывалася вакол творчасьці Сьвятланы Алексіевіч ў апошнія два дзесяцігодзьдзі.
Але ў гэтым выпадку традыцыя была парушаная, і я раскрыю сакрэт: у самалёт, які ляцеў зь Менску ў Стакгольм, Сьвятлане Алексіевіч перадалі (і тут я дзякую Юліі Чарняўскай) аддрукаваную ў адным экзэмпляры кнігу, дзе сабраныя яе інтэрвію, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра чытацкія канфэрэнцыі, якія гучалі на хвалях Свабоды з 90-ых гадоў. Канешне, гэта не біяграфія ў традыцыйным разуменьні жанру — але, у нейкай ступені, летапіс, адлюстраваньне таго, што адбывалася вакол творчасьці Сьвятланы Алексіевіч ў апошнія два дзесяцігодзьдзі.
Напэўна, гэта ўнікальны выпадак у гісторыі нобэліяны — калі ў прамежку паміж абвяшчэньнем рашэньня Швэдзкай акадэміі і ўручэньнем прэміі была выдадзеная кніга ў адзіным экзэмпляры.
РС: Сяргей, а чаму толькі ў ў адзіным, калі звычайна наклад кніг новасьпечанага ляўрэата павялічваецца ў дзесяткі разоў?
Навумчык: Абсалютна правільна, так атрымалася і з кнігамі Алексіевіч зь яе цыклю пра «чырвонага чалавека» — выдаўцы адразу зафіксавалі вялізны рост попыту.
Але рэч у тым, што сама пісьменьніца паставілася да ідэі нашай кнігі скептычна — гэта, як я разумею, была першая кніга інтэрвію зь ёй, і яна ў лісьце дырэктару Радыё Свабода Аляксандру Лукашуку напісала, што слова вымаўленае ня роўнае друкаванаму слову, патрэбна вялікая праца над тэкстам. Гэта абсалютна натуральная засьцярога аўтара, якая як мала хто іншы мае досьвед працы з «вымаўленым» словам. Таму, зрабіўшы макет, мы аддрукавалі адзін экзэмпляр — асабіста я дык быў перакананы, што, пагартаўшы яго, спадарыня Сьвятлана зьменіць сваё меркаваньне. Ну, а ня зьменіць — будзе ўладальніцай бібліяграфічнага унікуму.
Сьвятлана Алексіевіч — па вяртаньні са Стакгольму — напісала, што прачытала кнігу і пагаджаецца з выданьнем. Але цяпер мы ўжо дапоўнілі яго «нобэлеўскімі» старонкамі (а ўсяго ў кнізе — больш як 700 старонак).
РС: Дзесяць гадоў таму у Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга «Быкаў на Свабодзе» — у чым цяперашняя кніга падобная на тое выданьне, а ў чым розьніца?
Алексіевіч гаворыць, што спрачалася адносна ацэнак некаторых дэмакратычных палітыкаў з Быкавым — вось мне падаецца, што і гэтыя дзьве кнігі ў нечым паміж сабой спрачаюцца. Але адначасна — у нечым і дапаўняюць адна другую і дапамагаюць зразумець наш час.
Навумчык: Так, ужо скончыўшы працу, я зразумеў, што ў нечым «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе» працягвае кнігу, якую мне давялося рабіць дзесяць год таму — «Быкаў на Свабодзе». Тут ёсьць жанравае падабенства — у абодвух кнігах сабраныя як інтэрвію саміх пісьменьнікаў, так і рэпартажы пра іх. Аднак на момант выданьня шлях Быкава быў завершаны — і ў кнізе ёсьць успаміны пра яго. Сьвятлана Алексіевіч, дзякуй Богу, поўная творчых плянаў — таму мы спыніліся на сьнежні 2015-га, месяцы яе нобэлеўскага трыюмфу. Але ёсьць і сэнсавая розьніца. Быкаў быў, як вядома, у кіраўніцтве Народнага Фронту і актыўна ўдзельнічаў у працэсе нацыянальнага Адраджэньня. Алексіевіч — чалавек непалітычны, і ў яе кнігах вельмі часта гучыць голас той самай часткі народа, якую гэтыя працэсы не цікавілі. Вельмі часта яны былі для гэтых людзей незразумелыя, вельмі часта менавіта ў іх яны бачылі прычыны сваіх бедаў. І гэта вельмі вялікая частка народу (як сказалі б палітолягі, электаральна вызначальная). І ў нейкіх інтэрвію і дыскусіях Алексіевіч, што натуральна, даносіла вось гэтую пазыцыю да сваіх суразмоўцаў зь ліку тых, каго прынята называць нацыянальнай элітай. Гэта ня значыць, што яна заўсёды была салідарная, але яна казала — вось вы лічыце важным адраджэньне культуры, мовы — а вось мой сусед Пятро Сільвестравіч, ён галасуе за Лукашэнку, бо баіцца якіх бы то ні было пераменаў. У адным з інтэрвію, зьмешчаным у кнізе, Алексіевіч гаворыць, што спрачалася адносна ацэнак некаторых дэмакратычных палітыкаў з Быкавым — вось мне падаецца, што і гэтыя дзьве кнігі ў нечым паміж сабой спрачаюцца. Але адначасна — у нечым і дапаўняюць адна другую і дапамагаюць зразумець наш час.
РС: Сяргей, а Вы ўпэўненыя, што чытачам будзе цікава чытаць дыскусіі дзесяці — пятнаццацігадовай даўніны?
Навумчык: Перакананы. Сама Алексіевіч кажа, што нішто так хутка не састаравае, як прывязаная да актуаліі часу журналістыка. Увогуле, гэта дакладнае назіраньне, але не ўнівэрсальнае. Тут важна, як сказана. І — кім сказана.
У кнізе — некалькі «круглых сталоў» з удзелам Алексіевіч, і дыскусія ідзе на такім інтэлектуальным ўзроўні, што і праз гады вось гэтая энэргетыка думкі — і самой пісьменьніцы, і яе суразмоўцаў — не састаравае. І нават больш скажу: калі я рыхтаваў тэксты да друку, я чытаў іх з большай цікавасьцю, чым дзесяць ці пяць гадоў таму. Бо тады гэтыя словы патаналі ў віры іншых слоў на тую ці іншую актуальную тэму; час сьцёр важнасьць актуаліяў — але засталася думка, застаўся інтэлектуальны пошук.
Час сьцёр важнасьць актуаліяў — але засталася думка, застаўся інтэлектуальны пошук.
У аналітычнай праграме «Праскі акцэнт», якую традыцыйна рыхтуе Юры Дракахруст, пра будучыню беларускай мовы са Сьвятланай Алексіевіч размаўляў Генадзь Бураўкін, пра філязофскія аспэкты Чарнобылю — Генадзь Грушавы. З Аляксандрам Лукашуком і Валеркам Булгакавым пісьменьніца дыскутавала пра месца Беларусі ў сучасным сьвеце, з Андрэем Дыньком і Ігарам Бабковым — пра нацыянальную самаідэнтыфікацыю, з Настай Палажанкай і Сяргеем Дубаўцом — пра магчымасьць пераменаў, з Паўлам Якубовічам — пра адносіны ўлады і грамадзтва, і гэта я называю далёка ня ўсіх суразмоўцаў.
Увогуле, магу сказаць, што пайменны паказьнік у кнізе (тыя, хто так ці інакш згадваецца ў тэкстах) — пад 400 імёнаў.
Апроч інтэрвію з Алексіевіч (а тут ёсьць грунтоўныя гутаркі, праведзеныя Янам Максімюком) і рэпартажаў з чытацкіх сустрэчаў ды кніжных кірмашоў, зьмешчаны тэксты онлайн-канфэрэнцыяў на сайце Радыё Свабода — некалькі гадзінаў Сьвятлана Алексіевіч адказвала на пытаньні інтэрнэт-карыстальнікаў.
Мяркую, цікавымі будуць і развагі пра творчасьць Алексіевіч ўкраінскай пісьменьніцы Аксаны Забужкі, харвавацкага літаратара Міленкі Ергавіча, супрацоўніка Швэдзкага радыё, перакладчыка Дзьмітрыя Плакса. Асобна хачу сказаць пра тэксты беларускага філёляга Юліі Чарняўскай, чыя ацэнка ўнікальная яшчэ і тым, што яна — адна з гераіняў кнігі Алексіевіч.
РС: Вы называеце ацэнкі прыхільнікаў творчасьці Сьвятланы Алексіевіч, а ці ёсьць меркаваньні крытыкаў?
Навумчык: Вядома ж. Мы далі (без купюраў) меркаваньне яшчэ аднаго чытача (праўда, ён сам прызнаўся, што чытаў яе творы толькі «па дыяганалі», бо, паводле ягоных словаў, усе патрэбныя кнігі прачытаў даўно) — Аляксандра Лукашэнкі. Праўда, ён ацэньвае ў большай ступені грамадзянскую пазыцыю. Такія выказваньні належаць Гісторыі — вельмі часта гэта адзінае, што застаецца ад палітыка. Напрыклад, таварыш Семічасны якіх толькі пасадаў не займаў — і першым сакратаром ЦК камсамола быў, і старшынём КГБ, і генэральскія зоркі на пагонах меў, а памятаецца ад яго адна фраза — «Сьвіньня ня зробіць таго, што зрабіў Пастэрнак».
РС: Вы сказалі, што «нобэлеўская тэма» таксама прадстаўленая ў кнізе...
Навумчык: Так, прычым яна вырасла ў асобны даволі вялікі разьдзел, што цалкам натуральна, бо падзея для Беларусі гістарычная. У першыя хвіліны пасьля абвяшчэньня рашэньня Швэдзкай акадэміі журналісты Свабоды зафіксавалі рэакцыю на гэтую навіну літаратараў, палітыкаў, сяброў Сьвятланы Алексіевіч. Мы друкуем тэкст першай яе ў статусе нобэлеўскага ляўрэата прэсавай канфэрэнцыі ў рэдакцыі «Нашай Нівы»; візуальным сьведчаньнем таго памятнага дня застануцца фотаздымкі Ўладзя Грыдзіна. Журналістка Свабоды Аляксандра Дынько была акрэдытаваная на цырымоніі ў Стакгольме, яна часам проста ў літаральным сэнсе не адыходзіла ад Алексіевіч, і зрабіла ўнікальны летапіс тых дзён (нагадаю, што акрамя ўрачыстасьцяў ды прэс-канфэрэнцыі, бала яшчэ і паездка нобэлеўскага ляўрэата ў школу ў «мігранцкім» раёне).
З адмысловага дазволу Нобэлеўскага камітэту, у кнізе зьмешчаныя абедзьве «афіцыйныя» прамовы Сьвятланы Алексіевіч у Стакгольме — у перакладзе Сяргея Шупы. Мастак кнігі — Генадзь Мацур.
У сваіх творах Сьвятлана Алексіевіч паказвае, што адбылося з чалавекам у выніку панаваньня «чырвонай імпэрыі». У новай кнізе з сэрыі «Бібліятэка Свабоды — XXI стагодзьдзе» яе словы дапамагаюць лепш зразумець, куды — ужо ў незалежнай Беларусі — нам рухацца далей. Гэта не азначае, што чытач знойдзе нейкую унівэрсальную формулу, што ён пагодзіцца з усімі меркаваньнямі Алексіевіч (ды й яна сама выступае супраць абсалютызацыі якой заўгодна ідэі, узьвядзеньня яе ў канон). Але словы, сказаныя пісьменьніцай у эфіры Свабоды, несумненна вартыя таго, каб быць пачутымі.