На тле ўсё большага пагружэньня краіны ў крызіс, калі стратэгічныя рашэньні ня толькі насьпелі, але і перасьпелі, мы назіраем, што палітычнае кіраўніцтва краіны ўпала ў нейкі дзіўны ступар. Мы чуем толькі водгульле нейкіх дыскусіяў ва ўладных кабінэтах. Не прымаюцца нават тыя рашэньні, якія прадугледжаныя Канстытуцыяй.
Вось, напрыклад, паводле заканадаўства, прэзыдэнт пасьля абраньня павінен прызначыць новы ўрад, прычым прэм’ер-міністра зацьвярджае Палата прадстаўнікоў. Яшчэ да інаўгурацыі ўрад Кабякова прыняў пастанову аб адстаўцы. Але Лукашэнка даручыў яму працягваць выконваць паўнамоцтвы. Усім чальцам ураду ён прапанаваў распавесьці пра свае пляны, каб яны паказалі, як бачаць дзейнасьць міністэрстваў у новых умовах. На гэтым усё і завісла. Ці то ніхто нічога не прапанаваў, ці Лукашэнка думае над кандыдатурамі. У выніку краінай кіруе «Часовы ўрад», які па вызначэньні можа займацца толькі бягучай дзейнасьцю і ня ў стане рабіць рэформы.
Не зацьвярджаецца бюджэт на 2016 год. Хоць, згодна з заканадаўствам, ён павінен прымацца не пазьней за 1 сьнежня бягучага году. А на гэты дакумэнт завязаныя ўсе іншыя эканамічныя парамэтры. Але хто ў гэтай краіне зважае на закон?
У зьвязку з гэтым нічога не чуваць пра Ўсебеларускі народны сход, хоць яго правядзеньне было гучна анансавана. А гэты ж сход павінен зацьвердзіць пяцігадовы плян, які закліканы адкрыць народу сьветлыя гарызонты і зьзяючыя вяршыні. Але няма нават пляну на наступны год, што ўжо казаць пра пяцігодку.
Замест прыняцьця гэтых важных стратэгічных рашэньняў, Аляксандар Лукашэнка займаецца «драбніцай». Праводзіць нарады па пытаньнях разьвіцьця хакея ў краіне, пошуку будаўнічых пляцовак у Менску ды інш.
У гэтага палітычнага ступару, на мой погляд, ёсьць дзьве прычыны. Адна — суб’ектыўная, нават ірацыянальная. Падобна да таго, што Лукашэнка знаходзіцца ў пэўнай разгубленасьці. Ён ня ведае, што рабіць, на што вырашыцца.
Магчыма, кіраўнік Беларусі верыць у навагодні цуд, як дзеці вераць у Дзеда Мароза. А раптам адкуль-небудзь зваліцца на галаву манна нябесная, напрыклад, знойдуцца велізарныя запасы нафты і газу. Або «прилетит вдруг волшебник в голубом вертолете», паступіць нечаканая дапамога з Расеі, ці Кітаю, ці... Сэрбіі.
Памятаеце, які быў спадзеў на цудадзейны эфэкт «вэнэсуэльскага праекту». Але пасьля сьмерці Ўга Чавэса гэты палітычны пухір зьдзьмуўся. Падаецца, што ў выніку верагоднай перамогі апазыцыі на парлямэнцкіх выбарах у Вэнэсуэле згаданы праект канчаткова загіне.
Другая прычына затрымкі з прыняцьцем важных рашэньняў ляжыць у рацыянальным рэчышчы. Бо існуе шмат эканамічных і палітычных няпэўнасьцяў. Справа ня толькі ў нявызначанасьці цэнаў на нафту, курсу расейскага рубля. Няма яснасьці з крэдытамі МВФ і Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця (ЭФСР).
І вельмі магчыма, Лукашэнка адкладае ўсе важныя рашэньні да паездкі ў Маскву. Толькі па выніках перамоваў з Уладзімерам Пуціным будзе зразумелая сытуацыя з аб’ёмам расейскай эканамічнай дапамогі Беларусі налета. Высьветліцца, ці атрымае Менск нарэшце крэдыт ад ЭФСР, якім будзе аб’ём расейскай нафты на беларускія НПЗ і па якіх коштах, ці застанецца ў бюджэце Беларусі мыта на нафту. І толькі пасьля гэтага можна будзе плянаваць усе эканамічныя парамэтры на наступны год. А пакуль усе ў чаканьні.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.