У Горадні ўспаміналі пісьменьніка Ўладзіміра Караткевіча. «Ён прыяжджаў у Горадню шмат разоў. Любіў горад, невыпадкова Хрыстос у Гародні прызямліўся. Для яго гэта быў, мабыць, самы любімы горад», — зазначыў прафэсар Аляксей Пяткевіч.
Малады дасьледчык Дзяніс Марціновіч зь Менску мяркуе, што славуты раман «Каласы пад сярпом тваім» меў працяг і што адной зь яго частак, у прыватнасьці, магло быць апавяданьне, вядомае сёньня пад назвай «Сіняя-сіняя».
Прафэсар Аляксей Пяткевіч, які сябраваў зь пісьменьнікам, лічыць, што раман быў закончаны, але рукапіс выкралі «адпаведныя службы».
Дзяніс Марціновіч прадставіў сваю кніжку «Жанчыны ў жыцьці Ўладзіміра Караткевіча». Паводле яго, іх было трынаццаць, і жонка — апошняя зь іх. «Сьпіс інтэрнацыянальны», «сьцежкі» вялі ў Грозны, у Тбілісі, у Кіеў, у Маскву. Дзяніс працаваў у літаратурным архіве, вывучаў ліставаньне і ў будучыні хацеў бы напісаць біяграфію пісьменьніка.
Прафэсар Аляксей Пяткевіч станоўча ацаніў кніжку менчука, назваўшы «вельмі саліднай працай», параіў яе іншым. «Там мноства крыніц: успаміны, лісты, сказаў Пяткевіч. — Там няма галаслоўнасьці, там усё абгрунтавана. Там, напрыклад, ёсьць дзьве вэрсіі знаёмства Караткевіча зь ягонай жонкай Валянцінай. А я ведаю яшчэ адну вэрсію, яна, здаецца, ёсьць у зборніку ўспамінаў пра Ўладзіміра Калесьніка. Як Калесьнік запрасіў у Берасьцейскі пэдінстытут Караткевіча на сустрэчу са студэнтамі».
Пісьменьнік прыехаў. Аляксей Пяткевіч узгадвае: «Караткевіч гаворыць — позіркі скіраваныя на яго, Караткевіча нельга было ня слухаць. Ён як магнітам прыцягваў да сябе. Але ён бачыць, што адна асоба, крышку схаваўшыся за сьпінамі, сядзіць і чытае, ня слухае. Яго гэта страшэнна ўразіла. І пасьля заканчэньня ён падышоў да гэтай жанчыны і спытаўся: а што вы чытаеце? А яна кажа: «Дзікае паляваньне караля Стаха». Яе не зацікавіў Караткевіч, а «Дзікае паляваньне» зацікавіла. Так пачалося іхняе знаёмства, з будучай жонкай. І ён склаў потым такія радкі: «Наш Калесьнік добры быў, мне козачку падарыў, а козачка белая, па кватэры бегае».
«Ці была наступная кніга раману „Каласы пад сярпом тваім?“ — задаецца пытаньнем прафэсар Пяткевіч і сам адказвае на яго: бясспрэчна была. Пра гэта, напрыклад, піша і Мальдзіс у сваёй кнізе пра Караткевіча, праўда, асьцярожна вельмі піша, як гэты тэкст зьнік. Мальдзіс найлепш ведаў Караткевіча, гэта быў самы блізкі сябра. Ён ведаў кухню: што робіць гэты пісьменьнік, калі і што ён піша. Усё Мальдзіс ведаў, невыпадкова такую кніжку цікавую напісаў („Жыцьцё і ўзьнясеньне Ўладзіміра Караткевіча“). Паводле Мальдзіса, і я аб гэтым ведаў і ня раз чуў ад іншых людзей, кватэру Караткевіча ня проста абрабавалі. Ніхто не рабаваў. Проста выкралі рукапіс другой кнігі раману. Гэта бомба была б. Разумееце: першая кніга — гэта пярэдадзень паўстаньня, а другая — гэта само паўстаньне. Гэта самае асноўнае, што там было сказана. Гэта вызваленчая вайна супраць Расеі. А каму гэта было цікава? І адпаведныя службы, пра якія не прынята распаўсюджвацца асабліва, сваю справу зрабілі: чысьценька, акуратна. І з гэтай прычыны і Караткевіч не рабіў вялікага розгаласу. Ён, канечне, вельмі перажываў».
Аляксей Пяткевіч падсумоўвае: «Ёсьць, напрыклад, ягоная прадмова да рускага выданьня раману, дзе ён піша: мне вельмі цяжка пачынаць пісаць другую кнігу, таму што я іх усіх мёртвымі буду бачыць, усе мае любімыя героі загінуць, прычым такой сьмерцю. Я іх люблю!» Канечне, «Каласы» ён дапісаў, кажа прафэсар Пяткевіч.