– Помнік Васілю Быкаву – цудоўна!
– Але ж з чырвонай зоркай...
– А хоць так, галоўнае – Быкаву.
«А хоць так» – як? Пісьменьнік глядзіць у чырвоную зорку. Пісьменьнік сядзіць за сталом-чырвонай зоркай: ці то бярэ ад яе энэргію, ці то піша новыя старонкі гісторыі гэтай зоркі. Што ёсьць чырвоная зорка? Бальшавізм з усімі больш позьнімі мадыфікацыямі рыхтык да сучаснай – лукашэнкаўскай. Гэта знак вельмі канкрэтнай ідэалягічнай дактрыны. Хоць таталітарнай, хоць аўтарытарнай, але з выразнай сутнасьцю дамінаваньня дзяржавы над чалавекам, дзе дзяржава – невялікая група людзей.
Скульптар Аляксандар Батвінёнак прывязвае чырвоную зорку выключна да вайны, да сымбалю Чырвонай Арміі, як і ўсю творчасьць Васіля Быкава:
– «Ідэя – у першую чаргу ў папулярызацыі твораў Быкава... Гэта праслаўленьне Быкава нават не як чалавека, зь любымі яго праблемамі і асабістым жыцьцём, а як аўтара выдатных тэкстаў».
Батвінёнак агучвае зразумелую многім канцэпцыю. Я сустракаў у сеціве камэнты да інфармацыі кшталту «дык ён жа, нібыта, у Чырвонай Арміі служыў, што тут такога?» Лёгка праглядаецца аналёгія. Быў піянэрам – на помніку гальштук, быў камсамольцам – на помніку «БАМ» ці першы каапэратыў. Быў камуністам – шырокі спэктар сымбаляў ад «таварышча маўзэра» да «бальшога начальніка».
Так, неабазнаныя, але шчырыя ў сваіх пачуцьцях сваякі на надмагільлях малююць і лепяць рэчы, якімі займаўся ці захапляўся памерлы: карабель на помніку мараку, самалётны вінт для лётчыка, «мэрсэдэс» на пліце крымінальнага аўтарытэта, гітара ў музыканта і да т.п.
Але знакавым постацям нацыі помнікі ставяць не наіўныя людзі. Дый звычайна не адзін чалавек удзельнічае ў выпрацоўцы сымбалізму скульптуры ці скульптурнай кампазыцыі.
Вобраз: пісьменьнік стварае кнігу пра савецкае войска. Быкаў пісаў пра людзей у сытуацыі вайны, а не пра войска як такое. Батвінёнак тлумачыць сваё прачытаньне клясыка: «У Васіля Быкава ўсё вельмі проста і, я лічу, правільна: ты альбо здраднік, або герой, трэцяга не бывае».
У Быкава акурат усё наадварот. Жыцьцё не чорна-белае нават у чорна-белай сытуацыі: як застацца чалавекам між молатам і кавадлам? А яшчэ ў Быкава апошнія пятнаццаць гадоў жыцьця прайшлі не пад чырвонай зоркай, а пад беларускай нацыянальнай сымболікай. Калі савецкія знакі ён ня меў магчымасьці абіраць, то беларускія былі асэнсаваным выбарам. Як і тэмы творчасьці. У тым ліку пра НКВДшныя расстрэлы бязьвінных людзей, дзе ў катаў на фуражках таксама былі чырвоныя зоркі.
Ці сьвядома Батвінёнак не дагаворвае пра тое, што Васіль Быкаў насіў на пінжаку б-ч-б значак? З усім адпаведным сьветаглядам, у тым ліку ўспрыманьнем савецкай ідэалёгіі? У інфармацыі пра праект помніка напрыканцы сьціпла ўзгадваецца, што заказчык – Мікалай Чаргінец. Той самы, што пляжыць усё нацыянальна арыентаванае на прафэсійным узроўні «вялікага начальніка літаратуры». У тым ліку – спробы ўшанаваць аднаго з самых знаных пісьменьнікаў Беларусі. А тут раптам – Чаргінец і Быкаў.
Мая першая думка была: «Зьдзек над памяцьцю пісьменьніка ці помста “бэнээфаўцам”?» Бо які яшчэ можа быць матыў?
Цяперашнія старыя-новыя прыафіцыёзныя культур-генэралы, відаць, разумеюць, што калі зьменіцца ў Беларусі ўлада, а нават проста міне досыць вялікі час, то, хутчэй за ўсё, іхная кар'ерысцкая слава скончыцца, калі не пры жыцьці, дык пасьля.
Чаргінца за час яго начальніцкай дзейнасьці «ў сфэры культуры» незалежная грамадзкасьць паставіла на месца злога клоўна. Тая самая грамадзкасьць, якая паціху прабівае шлях для нацыянальнай сымболікі, і нацыянальных герояў. Тое, чаму ў Чаргінца і кумпаніі не атрымалася супрацьстаяць. А амбіцыі генэрала ня зьніклі. І вось цяпер ён прымусіў пра сябе гаварыць у кантэксьце Васіля Быкава. Спрычыніўся да чалавека, імя якога будуць памятаць яшчэ доўга, калі пра Чаргінца забудуцца. А тут: «Ну што вы мне кажаце? Гэта я яму помнік першы паставіў!» Савецкі. Бяз вашага гэтага нацыянальнага. Нашага з Быкавым нацыянальнага.
Бяз Быкава не абысьціся. Колькі не ігнаруй, не замоўчвай, ягоная асоба настолькі магутная, што цэлай зграі палітрукоў немагчыма яго імя зафарбаваць. І вось першы з палітработнікаў прыдумаў геніяльны, на ягоную думку, ход. Пакуль мае ў руках адміністрацыйны рычаг – застаўбіць месца пад назвай «я і Быкаў».
Упэўнены, што тое «я» адпадзе разам з савецкай сымболікай, якую начальства палітработнікаў ня ведае як прадаць, укласьці, упіхнуць у галовы суграмадзянаў, асабліва маладзейшых.
Застанецца «Быкаў і мы».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.