Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская жудасьць: Нямецкі фатограф пра бляск і галечу 90-х


Рэпартэр нямецкага часопісу «Штэрн» Ганс-Юрген Буркард расказаў Радыё Свабода пра небясьпечную працу фатографа ў Расеі 1990-х.

Прастытутка коле гераін у пахвінную вену, нэанацысты рагочуць на фоне сьцяга са свастыкай, лекар у ваенкамаце зазірае ў азадак прызыўніка, у моргу валяюцца нікому не патрэбныя трупы, у акварыюме гей-клюбу «Шанц» куляюцца аголеныя плыўцы, маскоўскія багацеі разглядаюць экспанаты на «Кірмашы мільянэраў» — фотарэпартэр гамбурскага часопісу «Штэрн» Ганс-Юрген Буркард шмат гадоў вывучаў бляск і галечу постсавецкага сьвету. Галечы на яго здымках значна больш, чым бляску: Буркард працаваў у Расеі ў 1990-я гады і часта выбіраў самыя змрочныя тэмы: бясчынствы мафіі, грамадзянскія канфлікты, падпольнае жыцьцё прытонаў.

Пасьля вэрнісажу у Празе Ганс-Юрген Буркард распавёў карэспандэнту Радыё Свабода Дзьмітрыю Волчаку, што дзеля гэтых здымкаў яму часам даводзілася рызыкаваць жыцьцём.

«Самае небясьпечнае было ў Чачні падчас другой вайны. На першую вайну мяне не пусьцілі, таму што ў самым пачатку баявых дзеяньняў там забілі аднаго з маіх калегаў, так што мае рэдактары вырашылі нас больш туды не пасылаць. Але потым я ўсё роўна паехаў. У Грозным было вельмі цяжка, але нічога асабліва страшнага са мной ня здарылася. У Нагорным Карабаху непадалёк ад Сьцяпанакерту зьбілі верталёт, на якім я ляцеў. Па начах там запускалі супрацьградавыя ракеты — звычайна імі страляюць па аблоках, але азэрбайджанцы напаўнялі іх выбухоўкай і цьвікамі і стралялі па горадзе. Такая ракета трапіла ў дом, дзе я начаваў, так што давялося перабірацца ў склеп. І, вядома, падчас маскоўскага путчу 1993 было небясьпечна, журналістаў забівалі. У самым пачатку я працаваў у Белым доме, але мне не падабаліся людзі, якія былі ўнутры, — «баркашоўцы», радыкальныя нацыяналісты, камуністы. Я абараніў маладога міліцыянта, якога яны хацелі скінуць з моста каля Парку Горкага. Гэта быў зусім малады хлопчык, курсант міліцэйскай школы. Я ім крычаў: «Не забівайце яго, ён усяго толькі курсант». Так што мне яны не падабаліся, я сышоў з будынка і потым здымаў, як страляюць танкі, а Белы дом гарыць.

Я абараніў маладога міліцыянта, якога яны хацелі скінуць з моста каля Парку Горкага.

Так, я бачыў шмат жудасных рэчаў і шукаў цяжкія гісторыі. Я рабіў фотарэпартажы аб арганізаванай злачыннасьці. Знакамітая савецкая мафія! У мяне ёсьць фатаграфія Ўладзіміра Кумарына. З-за гэтага здымка ён хацеў забіць мяне. Я вельмі доўга чакаў моманту, калі яго можна будзе зьняць, і пастаянна езьдзіў у Пецярбург. Але ўвесь час нешта зрывалася: суд адкладалі, нешта адбывалася са сьведкамі, потым са сваякамі судзьдзі ... І вось нарэшце міліцыянты схавалі мяне ў прыбіральні на лесьвіцы і далі мне сыгнал, калі Кумарын выйшаў з залі суду. Я выхапіў фотаапарат і зрабіў адзін здымак, а ўсе яго сваякі і байцы закрычалі «Фатограф! Фатограф!». Кумарын паспрабаваў мяне стукнуць, а потым правёў пальцам па горле, паказаўшы на мяне і на сваіх байцоў. І тады людзі з Упраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю сказалі мне: «Ганс, мы цябе не можам абараніць, зьяжджай, ён занадта ўплывовы чалавек». Паліцыя адвезла мяне ў Пулкава, і я паляцеў у Маскву. Потым, калі Newsweek рабіў артыкул аб арганізаванай злачыннасьці ў Расеі, яны хацелі выкарыстаць мой здымак, фатаграфія ўжо была ў вёрстцы. І тут мне патэлефанаваў фотарэдактар часопісу: «Ганс, мы ня будзем яе публікаваць, таму што Кумарын сказаў нашай журналістцы, якая рабіла з ім інтэрвію, што ён ня хоча, каб у часопісе была фатаграфія». Так што яны яе не апублікавалі. Потым я даведаўся, што Кумарын страціў руку ў перастрэлцы, і людзі з дэпартамэнту па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю нямецкай паліцыі сказалі мне, што небясьпека мінула, таму што Кумарыну рабілі апэрацыю ў Швэйцарыі, а ў Нямеччыне ён быў на рэабілітацыі, так што, мабыць, забыўся пра мяне. Але гэта было пазьней, а ў той час я не наважваўся больш езьдзіць у Пецярбург, а паехаў у Судан і Анголу зь «Лекарамі без межаў», каб схавацца на нейкі час.

Альбом расейскіх фотаздымкаў Ганса-Юргена Буркарда
Альбом расейскіх фотаздымкаў Ганса-Юргена Буркарда

У мяне былі добрыя адносіны зь міліцыяй. І павінен сказаць, што ня ўсе расуйскія паліцэйскія карумпаваныя. Гэта як у любой краіне — ёсьць добрыя копы і ёсьць дрэнныя. Я быў у іх дома, бачыў, як апранутыя іх дзеці, бачыў сасіскі на стале, вельмі танныя расейскія сасіскі, якія жаўцелі проста на вачах. Мяне пачаставалі такі сасіскай, і я таемна спрабаваў скарміць яе кату, але ён адмовіўся есьці. Міліцыянты, якія харчаваліся такімі сасіскамі, не былі карумпаваныя. Некага зь іх потым забілі, у кагосьці стралялі бандыты, і я прывозіў ім лекі з Германіі, таму што сваіх у іх не было. Яны спрабавалі змагацца са злачыннасьцю, але не маглі, таму што Інтэрпол у Маскве быў абсалютна карумпаваны, і там было шмат стукачоў.

Яны спрабавалі змагацца са злачыннасьцю, але не маглі, таму што Інтэрпол у Маскве быў абсалютна карумпаваны, і там было шмат стукачоў.

Чаму ФСБ дапамагла мне з гісторыяй пра наркотыкі? Я рабіў сюжэт пра кантрабандыстаў ікры ў дэльце Волгі, і ў той час памежныя войскі страцілі некалькі чалавек, таму што кантрабандысты ўзарвалі дом, дзе яны жылі. І я згадаў у сваім артыкуле, што рыбалоўная паліцыя ў Астрахані карумпаваная. Яны таксама спрабавалі мяне забіць, таму што начальнік міліцыі забраў нелегальную ікру ў свой катэр і заўважыў, што я зрабіў здымак^; ўвечары, калі я зьбіраўся ў Астрахань, яны спрабавалі патапіць маю маленькую лодку, і мне прыйшлося хавацца каля берага ў кустах. Калі я згадаў у артыкуле, што бандыты ўзарвалі дом, фээсбэшнікам гэта спадабалася, яны мне сказалі: «Мы змагаемся з кантрабандай наркотыкаў праз Аўганістан і Таджыкістан ў Расію» і дазволілі ўдзельнічаць у памежным рэйдзе. Але тут у мяне пачаліся праблемы з ААН, упраўленьнем па наркотыках і злачыннасьці. Мне патэлефанаваў чалавек з Брытаніі, не хачу называць яго імя, і сказаў, што мае тэлефонныя перамовы падслухоўвае ААН, таму што яны хацелі атрымаць ад нямецкага ўраду грошы для сваёй праграмы, але гэтая праграма была поўнай глупствам, і яны баяліся, што я пра гэта напішу. І яны мне стварылі шмат праблем.

Мяне пусьцілі ў архівы КГБ, і там я знайшоў рукапіс верша Мандэльштама пра Сталіна і сфатаграфаваў яго. Я езьдзіў у мясьціны, якія апісваў Шаламов, здымаў «мёртвую дарогу» Салехард — Ігарка, 501-ю будоўлю ГУЛАГу. Туды было вельмі складана трапіць, гэта была памежная зона: трэба было дазвол і верталёт.

Ганс-Юрген Буркард на сваёй выставе ў Празе
Ганс-Юрген Буркард на сваёй выставе ў Празе

Калі я працаваў у Екацярынбургу, там быў славуты бандыт з групоўкі «Уралмаш» — Цыганаў. Міліцыя яго баялася. А я пайшоў прама на стадыён і спытаў, ці можна пагаварыць са спадаром Цыганавым. І ён запрасіў мяне на гарбату, размаўляў са мной, пачаставаў цукеркамі. Я спытаў: «Спадар Цыганаў, можна вас сфатаграфаваць?». Ён засьмяяўся і сказаў: «Ніхто ніколі не адважваўся мяне здымаць. Вы адважны чалавек, але не, фатаграфаваць мяне нельга». Я пайшоў і стаў рабіць здымкі, спыніліся нейкія «крутыя» машыны, выйшлі вялікія мужыкі: «Што ты тут робіш?» — «Фатаграфую». Яны сталі абмяркоўваць паміж сабой: іншаземец, фатограф... Мабыць, даведаліся, што я сустракаўся з Цыганавым, і ня сталі мяне чапаць.

Ахоўнік «Коррозии металла» забіў у Косаве нашага журналіста, майго сябра Фолькера Крэмэра, зь якім я працаваў у Судане.

Павінен вам сказаць, што я люблю Расею. У мяне там шмат сяброў, мая тагачасная дзяўчына была дачкой рускага палкоўніка, ваеннага гісторыка, які жыў у Мюнстэры, а потым вярнуўся ў Расею. І яна заўсёды казала: «Ганс, ты з краіны Бэтховэна, Гендэля і Гётэ, а я гляджу на твае фатаграфіі і думаю, што гэта ня наша жыццё». А я ёй адказаў: «Так, Вераніка, гэта не тваё жыцьцё, але такія рэчы існуюць, і яны на тваё жыцьцё ўплываюць». Менавіта таму я фатаграфаваў тое, што ў Расеі называюць бардаком, дрэнны бок жыцьця. Вы бачылі маю фатаграфію канцэрта гурту «Коррозия металла», на якой яны вітаюць двайніка Гітлера? Але ж ахоўнік «Коррозии металла» забіў у Косаве нашага журналіста, майго сябра Фолькера Крэмэра, зь якім я працаваў у Судане. Быў выпісаны міжнародны ордэр на вышук, ён жыве ў Расеі, але расейцыя кажуць, што не могуць яго знайсьці.

Я сумую па маіх рускіх сябрах, па людзях, у якіх мы жылі, таму што ў той час не было гатэляў. Яны былі нашымі сябрамі, а цяпер пытаюцца у нас — чаму мы ва ўсім ідзем за амэрыканцамі, таму што яны вераць таму, што кажа ім расейскае тэлебачаньне. Яны ўпэўненыя, што ўстаюць з каленяў. Дэмакратыю 90-х яны лічаць чымсьці дрэнным. У ельцынскія часы людзі, якія працавалі ўсё жыцьцё, пазбавіліся пэнсій. Усе структуры, да якіх яны належалі, больш ня дзейнічалі. Запанаваў хаос, бандыты забралі грошы, не было парадку. І для простых людзей гэта было вельмі складана. Была свабода слова і самавыяўленьня, але для іх гэта было не важна, ім трэба было купіць хлеб і аддаць дзяцей у школу, і знайсьці добрага лекара, і купіць лекі — усё гэта стала немагчымым. Для многіх 90-я — гэта страшны час, час хаосу.

Я памятаю, вядома, гей-бары, усіх гэтых людзей, якія рабілі вар’яцкія пэрформансы. Уладзік Манро быў вельмі блізкім маім сябрам. Я фатаграфаваў яго, многія яго пэрформансы былі заснаваныя на маіх здымках. Я сябраваў з Андрэем Барценевым. Я фатаграфаваў першае «Гагарын-партыі» на Выставе дасягненьняў народнай гаспадаркі. Але тут усё як звычайна — думаеш пра мінулае і ўспамінаеш лепшае, дрэннае забываецца.

Я разумею многіх людзей, якія мараць пра бясьпеку і парадак.

Але для большасьці 90-я не былі так добрыя. Я памятаю пэнсіянэраў, якія пазбавіліся пэнсій. Памятаю жанчыну, Героя Савецкага Саюза. Яна была пілётам падчас вайны, адмарозіла ныркі на самалёце. Яе зьбілі немцы, але яна выжыла са зламаным хрыбетнікам. Пасьля вайны яе ледзь было не саслалі ў Сібір, таму што яна была ваеннапалоннай. Ёй давялося выйсьці замуж за камандзіра эскадрыльлі, якога яна не кахала, абы не трапіць у высылку. І толькі падчас Хрушчова яна атрымала званьне героя. І мы, сыны салдат былога ворага, прывозілі ёй лекі для адмарожаных нырак. Якое гэта было прыніжэньне для яе! Яны выйгралі вайну, але і прайгралі яе — так яны сябе адчувалі. Можа быць расейскія інтэлектуалы са мной не пагодзяцца, але я разумею многіх людзей, якія мараць пра бясьпеку і парадак. Чаму яны галасуюць за Пуціна? Значыць, нешта тут ёсьць. Нельга ўсё дзяліць на чорнае і белае. Ёсьць і шэрая зона, і ёсьць прычыны, чаму справы ў Расіі ідуць менавіта так. Гэта ня тое, чаго я хачу, я хачу іншую Расію, я ўспамінаю тыя часы, калі мы добра адзін аднаго разумелі. Нават зь сябрамі я часам адчуваю, што яны і на мяне глядзяць з падазрэньнем, і мне ад гэтага вельмі сумна. Нас лічаць ворагамі толькі таму, што мы з Захаду. І наадварот — на Захадзе рускіх асацыююць з Пуціным. Але Расея — гэта больш чым Пуцін, як і Захад — больш чым Буш, Рэйган і хто заўгодна яшчэ».

Больш расейскіх фотаздымкаў Ганса-Юргена Буркарда можна пабачыць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG