З прычыны парыскіх тэрактаў 14 кастрычніка па рашэньні прэзыдэнта Франсуа Алянда ў Францыі ўведзенае надзвычайнае становішча, мабілізаваныя войскі і паліцыя, а таксама абвешчаная трохдзённая жалоба па загінулых. Паводле апошніх зьвестак, у выніку тэрактаў памерлі 128 чалавек, параненыя каля 250.
Алянд ускладае адказнасьць за тэракты, якія называе «абсалютным барбарствам», на «Ісламскую дзяржаву». Паводле яго слоў, «Францыі абвешчаная вайна», ісламісты ваююць «супраць каштоўнасьцяў, што адстойвае Францыя».
«Ісламская дзяржава» сама ўзяла на сябе адказнасьць за тэракты і, як паведамляе Reuters, выступіла з новымі пагрозамі Францыі. Тэрарысты пагражаюць не пакінуць Францыю ў міры, пакуль ня спыняцца бамбардаваньні іх пазыцыяў у Сырыі.
Увечары 13 лістапада ў цэнтры Парыжу адбылося некалькі нападаў. Непадалёк ад галоўнага стадыёну францускай сталіцы адбыліся выбухі падчас футбольнага матчу Францыя-Нямеччына, а ў некалькіх месцах Парыжу нападнікі стралялі ў людзей. У канцэртнай залі Bataclan былі захопленыя закладнікі і паліцыя брала залю штурмам.