Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяскоў адмаўляе, што Кацярына Ціханава — дачка Пуціна


Кацярына Ціханава танчыць з Іванам Клімавым падчас Кубка сьвету па акрабатычным рок-н-роле ў Кракаве. Польшча, 12 красавіка 2014 году
Кацярына Ціханава танчыць з Іванам Клімавым падчас Кубка сьвету па акрабатычным рок-н-роле ў Кракаве. Польшча, 12 красавіка 2014 году

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што «можа абвергнуць» зьвесткі агенцтва Reuters пра тое, што кіраўнік кампаніі «Иннопрактика» Кацярына Ціханава зьяўляецца дачкой расейскага прэзыдэнта.

У аўторак журналісты Reuters апублікавалі расьсьледаваньне, у якім, спасылаючыся на словы кіраўніка «Газпромбанка» Андрэя Акімава, называюць кіраўніка «Иннопрактики» Кацярыну Ціханаву дачкой Пуціна.

«Я магу абвергнуць інфармацыю, якая была выкладзена ў Reuters, таму што ў Reuters было ўказана, што Акімаў сказаў, што нейкая грамадзянка зьяўляецца дачкой Пуціна. Вось гэта я магу абвергнуць, грунтуючыся на яго ж аспрэчваньні», — цытуе Пяскова расейская служба навінаў BBC.

У прэс-службе «Газпромбанка» сьцьвярджаюць, што агенцтва Reuters прыпісала Андрэю Акімаву словы пра тое, што Ціханава — дачка прэзыдэнта.

«Такіх заяваў спадар Акімаў не рабіў і быў вельмі зьдзіўлены, што журналісты такога самавітага выданьня дапусьцілі ня проста скажэньні сказанага, а прамую падтасоўку. „Газпромбанк“ сапраўды супрацоўнічае з „Иннопрактикой“, падтрымліваючы такія сацыяльна значныя ініцыятывы, як стварэньне школы-інтэрната для адораных дзяцей МДУ, праект „Каштоўнасны атлас Расеі“, інавацыйныя і навуковыя конкурсы», — паведамілі ў «Газпромбанку».

У той жа час журналісты Reuters настойваюць на дакладнасьці інфармацыі пра дачку Пуціна і не зьбіраюцца адмаўляцца ад сваіх словаў, нягледзячы на абвяржэньне і ад самога Акімава, і з Крамля.

«Спадар Акімаў размаўляў з агенцтвам Reuters пад запіс. Мы лічым наш пераказ таго, што ён сказаў, цалкам карэктным», — заявіла ў гутарцы з РБК прадстаўнік Reuters. Яна дадала, што агенцтва працягвае настойваць на дакладнасьці выкладзенай у публікацыі інфармацыі.

Reuters прыводзіць прамую цытату Акімава пра Ціханаву: «Я ведаў, што гэта дачка Пуціна. Але, вядома, мы прынялі рашэньне падтрымаць праекты МДУ безадносна якіх-небудзь сямейных сувязяў». («I knew it was Putin’s daughter. But of course we took the decision to support MSU’s (Moscow State University’s) projects irrespective of any family connections.»)

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у Пуціна ёсьць дзьве дачкі — 30-гадовая Марыя і 29-гадовая Кацярына. У інтэрвію ТАСС у мінулым годзе Пуцін распавёў, што яго дочкі жывуць у Маскве і ён сустракаецца зь імі прыкладна раз на два тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG