Дзеля таго, каб ня блытаць чытачоў ніякімі прадмовамі, наўпрост пачну з таго, што гаварыць я тут буду пра аповесьць Алеся Пашкевіча «Рух» і што частку працы за мяне ўжо зрабіў Павел Абрамовіч. Зь некаторымі яго заўвагамі да гэтага твору я згодная — хоць, безумоўна, я не магу ведаць, Вікіпэдыяй ці чымсьці іншым карыстаўся аўтар падчас напісаньня гэтага твору, і ня бачу асаблівага сэнсу параўноўваць аповесьць з раманам «Вайна і мір», напісаным у зусім іншы час і ў зусім іншым сьвеце. Але мне здаецца, што пакінуць артыкул «Электронік замест Рудольфа Дызэля» без камэнтару нельга, ды і аповесьць дае магчымасьць падняць некалькі зьвязаных зь беларускай літаратурай пытаньняў.
Найважнейшы плюс аповесьці «Рух» — гэта тое, што яе тэма выходзіць па-за межы Беларусі. Беларусы і Беларусь у творы, безумоўна, зьяўляюцца, аднак галоўныя інтрыгі — і тэхналягічная, і шпіёнская — могуць зацікавіць не толькі заангажаваных праблемамі мовы, Радзімы і будучыні беларускай культуры, але і любога іншага чытача, якіх у Беларусі больш за першых. І таму дарма Алесь Пашкевіч ў сваім інтэрвію «Свабодзе» заваблівае чытачоў: «Але няхай чытач не палохаецца. У аповесьці ня толькі тэхнічная тэматыка прысутнічае. Ёсьць там і прыгоды, ёсьць і каханьне». Пра каханьне ў нашай літаратуры пісалі нямала, а вось тэхнічнай тэматыкі было малавата, і, магчыма, яна — гэта тое, што акурат можа зацікавіць стомленага каханьнем чытача, які чамусьці ўжо не лічыць паўстаньне Каліноўскага актуальным і злабадзённым.
Спрабуючы прымірыць меркаваньне Паўла Абрамовіча зь меркаваньнямі яго апанэнтаў у камэнтарах і іншых крытыкаў, хачу нагадаць пра праблему, зь якой мы сутыкаемся, гаворачы пра беларускую літаратуру, сучасную і не — а менавіта пра праблему фону. Мы можам, напрыклад, сказаць: кніга X — гэта найлепшая кніга, якая выйшла сёлета ў Беларусі; параўнайце яе з кнігамі Y і Z — яны ж нашмат горшыя. Але мы можам сказаць і так: кніга X — кепская, параўнайце яе зь сёлетнімі выданьнямі брытанскіх, францускіх і нямецкіх выдавецтваў, і вы ўбачыце, як ёй далёка да ідэалу.
І я таксама стаю цяпер перад гэтай цікавай дылемай: з аднаго боку, можна параўнаць аповесьць «Рух» з паловай поўнага сьпісу сёлетняга Гедройця, а з другога — паглядзець на яго на фоне ну хаця б апошняга брытанскага рамана, які я прачытала, «Дзіцячай кнігі» Антоніі Бает (шорт-ліст Букераўскай прэміі 2009 году). Параўнаньне з Бает будзе тут дарэчы таму, што ад 2009-га да 2015-га прайшло няшмат часу, але найперш таму, што брытанская аўтарка будуе свой твор падобным чынам. Яна бярэ некалькіх гістарычных асоб (альбо ўжывую, так бы мовіць, альбо ў выглядзе прататыпаў), вывучае вялізную колькасьць матэрыялу ад паліванай керамікі да гісторыі суфражызму і выдае 800-старонкавы раман пра ілюзіі belle époque ў Брытаніі і іх руйнаваньне падчас Першай сусьветнай вайны. Успрыняцьце твору можа вельмі зьмяніцца ў залежнасьці ад фону, на якім ён разглядаецца.
Каб не адыходзіць далёка ад Антоніі Бает і яе «Дзіцячай кнігі», выкажу думку, што творы такога тыпу — заснаваныя на гістарычных падзеях, часам ня самых вядомых шырокаму чытачу, з моцным дакумэнталістычным складнікам, які патрабуе ад аўтара грунтоўнага веданьня крыніц, і, аднак, з выдуманым сюжэтам і прыгожай аўтарскай тэорыяй на тэму таго, як яно ўсё насамрэч было, — зьявіліся ў тым ліку ў адказ на цікавасьць чытачоў да літаратуры нон-фікшн. Гэта сучасны гістарычны раман, далёкі ад такіх любімых у беларускай літаратуры вальтэрскотаўскай і караткевічаўскай традыцыяў. У аповесьці «Рух» аўтар паспрабаваў увесьці ў беларускі кантэкст гэты тып гістарычнага рамана (хоць папярэдняя традыцыя ў ім усё яшчэ моцна адчуваецца) і сьледам за Альгердам Бахарэвічам зь яго «Шабанамі» паказаць, што нон-фікшн у мастацкім творы — гэта ня так і страшна.
Пасьля чытаньня ладнай часткі выдадзенага беларускімі выдавецтвамі ў 2014 годзе я гатовая, насуперак словам Паўла Абрамовіча, бачыць у аповесьці патэнцыял, варты гедройцеўскага лонг-ліста.
А цяпер вернемся да праблемы фону, якая для нас сапраўды зьяўляецца праблемай. У сёньняшнім сьвеце ёсьць безьліч цікавых кніг, якія мы, сёньняшнія адукаваныя чытачы, можам чытаць у арыгінале ці ў перакладах на розныя мовы. У прынцыпе, нам нічога не перашкаджае махнуць рукой на ўсё і чытаць толькі выдатна прадуманыя сямейныя сагі, выкшталцоны дызэльпанк ці дасьціпны фан-фікшн пра любімых герояў «Зорных войнаў» — гэта калі мы пужаемся фону замежных нацыянальных літаратур, гісторыя якіх налічвае не адно стагодзьдзе. Ёсьць і іншая крайнасьць — чытаць толькі беларускае, бо наша літаратура цалкам самадастатковая (на тое ёсьць і нядаўняе рашэньне Нобэлеўскага камітэту), і лічыць любую кнігу, дзе згадваецца наша родная гаротная старонка, апрыёры годным літаратурным творам^; на гэтым фоне зрабіць нешта цікавае, нешта першы раз нашмат прасьцей. І таму я стаю на гэтым раздарожжы: пасьля чытаньня «Дзіцячай кнігі» мне вельмі хочацца раскрытыкаваць «Рух», аднак пасьля чытаньня ладнай часткі выдадзенага беларускімі выдавецтвамі ў 2014 годзе я гатовая, насуперак словам Паўла Абрамовіча, бачыць у аповесьці патэнцыял, варты гедройцеўскага лонг-ліста.
І апошняе: у сваім інтэрвію Свабодзе Алесь Пашкевіч сказаў, што яго аповесьць — гэта «не зусім беларуская стылістыка і жанравасьць». Мне хочацца пажадаць беларускай літаратуры, каб творы такой не зусім беларускай і нават дарэшты не беларускай жанравасьці і стылістыкі ў ёй зьяўлялася ўсё больш. Як напісаў у артыкуле «Пра ўсё і пра ўсіх», наракаючы па панаваньне тэмы «пра беларусаў і Беларусь» у перакладах зь беларускай шматмоўнай літаратуры, Антон Францішак Брыль, «літаратура, якая стаіць за дзьвярыма, нашмат большая, чым бачна ў вочка; то расчынім дзьверы: хай вярблюды ўвойдуць». Арыгінальнай літаратуры вярблюды і Рудольф Дызэль таксама не зашкодзяць.