Беларуская тэлевядучая Ганна Бонд абяцае прабегчы аголенай па футбольным полі, калі БАТЭ пераможа Барсэлёну.
Матч 3-га тура групавога раўнду Лігі чэмпіёнаў-2015/16 паміж БАТЭ і гішпанскай «Барсэлёнай» адбудзецца 20 кастрычніка на «Барысаў-Арэне» і пачнецца ў 21.45.
Пра свой намер Ганна Бонд напісала на сваёй старонцы ў сеціве.
«Улічваючы, што я пасьля бранхіту, то шапачку на галаву адзену і майткі, хутчэй за ўсё, застануцца пры мне. Тут будзе залежаць ад атрыманай эўфарыі, ад ліку. Але я спадзяюся на перамогу БАТЭ. Хоць за нічыю я таксама паабяцала прабегчыся топлес», — сказала Эўрарадыё тэлевядучая.
На пытаньне, ці палохае яе міліцыя, якая можа затрымаць ці даць штраф, Ганна Бонд адказала так:
«Хочацца загугліць і даведацца, што за гэта будзе. Я ведаю, што УЕФА таксама можа жорстка пакараць за такія штучкі. Калі што, буду зьбіраць подпісы.
Галоўнае — мне зараз катам пакласьці ежы пабольш і вады наліць пабольш, калі раптам мяне затрымаюць».
Чатыры гады таму барысаўчане на менскім стадыёне «Дынама» прагулялі каталёнцам 0:5.