14 кастычніка 100 гадоў з дня нараджэньня чалавека, які вольна або міжвольна стаў адной з самых загадкавых постацяў у гісторыі беларускай савецкай літаратуры.
Прычынай гэтага была яго сьмерць 27 жніўня 1961 году ў Францыі. Раніцай таго дня савецкая турыстычная група ў складзе 26 чалавек выехала аўтобусам з Парыжу ў Каны. У яе склад уваходзіў шырока вядомы на той час беларускі пісьменьнік Усевалад Краўчанка, галоўны рэдактар часопісу «Бярозка», аўтар каля дваццаці кніжак, у тым ліку дэтэктываў для дзяцей і падлеткаў. Каля пятай вечара група прыбыла ў Каны і разьмясьцілася ў гатэлі «Мадэрн». Усевалад Краўчанка спаслаўся на стомленасьць, адмовіўся ісьці на агляд гораду і сказаў сябрам, што вырашыў узяць душ і легчы спаць. Неўзабаве ён быў знойдзены на даху гаража гатэлю пад акном свайго нумару з праломленай галавой. Выкінуўся Краўчанка з ваннага пакою паўраспрануты — у трусах і кашулі.
2. Гатэль «Мадэрн» у Канах. Правей – гараж у двары гатэлю. Крыжам пазначанае акно, зь якога выпаў пісьменьнік.
Француская паліцыя правяла сьледзтва, якое прыйшло да высновы, што гэта самагубства, паколькі была знойдзена перадсьмяротная запіска, у якой Краўчанка пісаў, што нічога дрэннага не зрабіў супраць сваёй Радзімы, што ён быў справакаваны некаторымі «сябрамі» на словы, якія могуць быць інтэрпрэтаваныя як варожыя, і прасіў прабачэньня ў сваёй сям’і.
З Францыі ў Беларусь была прывезеная толькі урна з прахам пісьменьніка. Яе сьціпла пахавалі на Ўсходніх могілках Менску.
З таго часу ў пісьменьніцкім асяродзьдзі пачалі гуляць некалькі вэрсіяў прычынаў самагубства Краўчанкі. Адны казалі, што ён сустрэўся ў Францыі са сваёй першай жонкай, якая зьнікла ў вайну і на той час жыла ўжо ў Вялікай Брытаніі; адсюль выводзілі дзьве вэрсіі — страх перад савецкай уладай за кантакт з ворагам і страх перад другой сям’ёй, ад якой пісьменьнік нібыта хаваў факт наяўнасьці ў яго першай сям’і. Іншыя казалі пра тое, што ў Краўчанкі скралі ўсе грамадзкія грошы. Трэція сьцьвярджалі, што гэта была бытавая п’яная бойка і г.д.
Але факт палягае ў тым, што ніводная зь іх ніколі не была пацьверджаная афіцыйна. Сям’і Ўсевалада Краўчанкі ніхто ніколі афіцыйна так і не паведаміў пра прычыны сыходу іх бацькі і мужа. Я кажу пра гэта зь веданьнем справы, паколькі зьяўляюся Краўчанку зяцем — маёй жонцы Вользе было некалькі месяцаў, калі яе бацька загінуў. І сярод гэтых шматлікіх вэрсіяў, якія гулялі па Менску, не было ніводнай, пра якую нельга было б расказаць сям’і.
Можна шмат пісаць пра гэтую справу, але я тут абмяжуюся толькі відавочнымі загадкавымі і супярэчлівымі абставінамі гібелі пісьменьніка. Журналісты беларускай эмігранцкай газэты «Бацькаўшчына» вялі сваё расьсьледаваньне гэтай справы, езьдзілі ў Каны ў гатэль, дзе адбылася драма, бралі інтэрвію ў яго супрацоўнікаў і камісара паліцыі, падрабязна вывучалі творчасьць пісьменьніка і нават знайшлі ў ягоным апавяданьні «Зорка Вэнэра», апублікаваным у 12-м нумары «Маладосьці» за 1959 год, а таксама іншых творах схаваны нацыяналізм.
Сям’я Краўчанкі ніколі ня верыла і ня верыць у добраахвотны сыход пісьменьніка з жыцьця. Вось факты, якія выклікаюць асабіста у мяне вялікія падазрэньні. Гэта факты дакладна ўстаноўленыя сьледзтвам і францускімі журналістамі.
Савецкая турыстычная група налічвала 26 чалавек. У такім складзе група і выехала з Парыжу раніцай 27 жніўня 1961 году. Пасьля падзеньня пісьменьніка з вакна гатэлю аказалася, што група складаецца з 24 чалавек — менавіта столькі зарэгістравалася ў гатэлі ў Канах. Француская паліцыя канстатавала, што два чалавекі са складу групы зьніклі невядома калі і невядома куды. У францускай прэсе выказвалася нават меркаваньне, што яны маглі быць спаленыя ў крэматорыі ў падвале савецкай амбасады ў Парыжы, дзе пазьней спалілі і цела пісьменьніка.
Усевалад Краўчанка быў знойдзены на прасмоленым даху гаража з праломленым цемем, але яшчэ жывы. Агонія працягвалася паўгадзіны. Лекарка групы нікога не падпускала да пісьменьніка і да прыезду францускай паліцыі пасьпела зрабіць Краўчанку, як яна казала, супакаяльны ўкол.
Паміж смаляным дахам гаража, на які ўпаў пісьменьнік, і акном ваннага пакою, адкуль ён выкінуўся, роўна шэсьць мэтраў. Паводле камісара паліцыі Канаў, у Краўчанкі была вялікая ўвагнутасьць на цемені. Відавочна, што каб яе атрымаць, трэба было скочыць з вакна задам або... атрымаць моцны ўдар па галаве яшчэ да падзеньня.
Таксама дзіўна, што з вакна Краўчанка выкінуўся ў трусах і кашулі. Ці ня сьведчыць гэта пра спантаннасьць або гвалт?
Кіраўнік групы доўга адмаўляўся вярнуць паліцыі перадсьмяротную запіску Краўчанкі, якую яму далі для азнаямленьня. Журналісты ад камісара паліцыі даведаліся, што яна нібыта была напісаная лацінкаю і па-расейску. Народжаны на Мазыршчыне Краўчанка ніколі лацінкаю не карыстаўся. Ці няма тут спробы ўскладніць графалягічную экспэртызу? Аўтэнтычнасьць почырку паліцыі пацьвердзіў кіраўнік групы.
Запіска была знойдзеная паліцыяй у адзежы пісьменьніка. Як пісала «Бацькаўшчына», складзены аркушык «быў запхнуты праз кішаню пад рубец палы марынаркі». Я не псыхіятар, але, здаецца, перадсьмяротныя цыдулкі пакідаюць на відных месцах.
У тэксьце разьвітаньня пісьменьнік папрасіў прабачэньня ў сваіх дзяцей, якіх меў чацьвёра. Гэта сын ад першага шлюбу Аляксей (які жыў у новай сям’і Краўчанкі, што абвяргае адну з вэрсіяў яго гібелі), а таксама сыны Ігар, Сяргей і дачка Вольга. Дык вось у запісцы Краўчанка зьвяртаецца толькі да трох зь іх — ён забыўся згадаць пра свайго малодшага і самага любімага сына Сяргея. Магчыма ён хваляваўся, магчыма пісаў пад дыктоўку, а магчыма тэстамэнт пісаў зусім ня ён.
І так далей. Супярэчнасьцяў у справе вельмі шмат, але сур’ёзна імі ніхто ніколі не займаўся.
У 2011 годзе, калі скончыліся 50 гадоў, на якія ў СССР звычайна засакрэчваліся такія справы, дачка пісьменьніка Вольга зьвярнулася ў архіў КДБ Беларусі з просьбай даць ёй магчымасьць азнаёміцца з архіўнай справай бацькі. Ёй, аднак, паказалі том падшытых характарыстык на членаў турыстычнай групы, дый тое са шматлікімі забеленымі месцамі і многімі вырванымі аркушамі. Таксама дачцэ выдалі «Архивную выписку». Там, сярод іншага сьцьвярджаецца, што ў выніку ўзьніклага канфлікту падчас знаходжаньня ў Францыі адзін з членаў групы быў неадкладна высланы ў СССР. Апісаньне сьмерці пісьменьніка ў гэтым дакумэнце пададзена так:
«27 августа группа прибыла в город Кан и разместилась в отеле „Модерн“. Кравченко как староста группы распределил туристов по номерам, а сам поселился с туристом Тихоновичем (беларускі мастак Валянцін Ціхановіч — С.А.) Как объясняет Тихонович, зайдя в номер, Кравченко пошел мыться в ванную комнату. Через несколько минут Тихонович услышал неестественный крик Кравченко и побежал в ванную, где увидел, что Кравченко сидит на решетке открытого окна. Тахонович крикнул: „Всеволод, что ты делаешь? Ты упадешь!“ и попытался схватить его, но Кравченко сделал странное выражение лица, разжал руки и полетел вниз, ударившись головой о крышу пристроенного к заднию кафе. Через 30-40 минут он скончался».
А вось як у «Архивной записке» гаворыцца пра прычыны самагубства пісьменьніка:
«...как это видно из истории болезни, имеющейся в поликлинике лечсануправления Министерства здравоохранения БССР, Кравченко, начиная с 1949 года, страдал функиональным расстройством нервной системы, вегетативно-сосудистой дистонией, но это не было принято во внимание врачом лечфонда Союза писателей БССР т. Нейфахом при выдаче справки о состоянии здоровья Кравченко.
Перед выездом во Францию (так же как и Югославию в 1956 году и в Чехословакию в 1958 году) в анкетных и автобиографических документах Кравченко не указывал, что он был женат дважды. Как теперь выяснено его первая жена Кравченко (Кирпичникова) Бася Иосифовна, 1922 года рождения, в 1942 году была вывезена в Германию, где впоследствии вышла замуж за офицера английской армии Сивецкого Джона и выехала с ним в Англию. До 1949 года она писала письма родителям Кравченко.
Весь период нахождения группы туристов во Франции обстановка для них была очень сложная и тяжелая, сопровождавший группу гид постоянно пытался влиять на туристов в антисоветском направилении; у большинства туристов производились негласные осмотры вещей, у некоторых были испорчены фотоаппараты, в ряде городов была обнаружена слежка за туристами, что тяготило наших туристов и, в особенности, Кравченко.
Все это, а также плохое состояние здоровья Кравченко и явилось, по нашему мнению, причиной самоубийства».
Што да здароўя, дык у сям’і сьцьвярджаюць, што яно ў пісьменьніка было нармальнае. У яго толькі што нарадзілася дачка, пра якую ён марыў больш за дзесяць гадоў і для якой распрацаваў цэлую праграму жыцьця, адным з пунктаў якой было веданьне францускай мовы і сумеснае падарожжа з бацькам у Францыю.
Сьмерць пісьменьніка і яго творчасьць выклікалі вялікі інтарэс ў беларускай эміграцыі. Краўчанку прысьвячалі артыкулы, расьсьледаваньні і творы, перадрукоўвалі ягоныя апавяданьні і аповесьці. Міхась Кавыль напісаў на сьмерць пісьменьніка верш, Янка Запруднік апублікаваў літаратуразнаўчы разбор Краўчанкавай творчасьці і г.д.
У Беларусі ж спробай паразважаць пра загадкавы сыход Усевалада Краўчанкі застаецца літаратуразнаўчы нарыс Сяргея Дубаўца «Самагубства беларускага пісьменьніка ў Канах», напісаны дзесяць гадоў таму. Вось заканчэньне гэтага тэксту:
«Але ёсьць яшчэ кнігі, творчасьць. У нашага героя — лёгкае пяро, празрыстая мова, стройны сюжэт, у якім часта сустракаецца фатальная нотка. Ягоныя пэрсанажы ад гэтага моцна выйграюць і, бадай, не састараваюць. З адлегласьці часу бачыш у гэтых тэкстах не сацрэалізм, а з хрэстаматыйнай акуратнасьцю збудаваныя фабулы. Цяпер так ня пішуць. А яшчэ міжволі гіпнатызуе гэтая канская гісторыя, і перад вачыма паўстае... чорна-белы фармат кіношнага нэарэалізму, афарбаваная ў колеры рэтра постаць Альбэра Камю, які загінуў недалёка адсюль за год перад Краўчанкам. Абоім, дарэчы, было па 46. І вось ужо здаецца, што не сацрэалізм адчужае ад нас колішнія творы, а толькі — час, які аднолькава старыць што францускага экзыстэнцыяліста, што беларускага сацрэаліста. І аднолькава ня старыць тое, над чым ён ня ўладны».
Неўзабаве зьявіцца дакумэнтальны фільм дачкі Ўсевалада Краўчанкі Вольгі зь дзясяткамі інтэрвію і архіўнымі дакумэнтамі, зь якога мы даведаемся больш падрабязнасьцяў пра загадкавую гібель пісьменьніка ў Канах.
4. Перад падарожжам у Каны.
5. Сям'я пісьменьніка. Маці Сафія Краўчанка (Пакорная), сын Аляксей (у цэнтры), сын Ігар (зьлева), жонка Еўдакія Краўчанка (Панчанка) з сынам Сяргеем на руках.
6. З Васілём Віткам (у цэнтры) і Ўладзімерам Дубоўкам у Кіеве перад помнікам Кабзару.
7. З калегамі пісьменьнікамі. Зьлева направа: Янка Брыль, Максім Танк, Усевалад Краўчанка, Пімен Панчанка.
9. З Андрэем Александровічам.
8. Зь Янкам Брылём і Максімам Танкам на Каўказе.
10. У вышыванцы каля свайго «Масквіча» ў роднай вёсцы Міхалкі на Мазыршчыне.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.