Як на Нобэлеўскую прэмію Сьвятланы Алексіевіч адрэагавалі кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі?
Улаховіч: Да пісьменьнікаў стаўлюся вельмі спакойна
Камэнтуючы навіну пра ўганараваньне беларускай літаратаркі, былы кадравы вайсковец Мікалай Улаховіч сказаў, што «чуў пра такую пісьменьніцу», але яе творчасьць ніколі не была сярод яго прыярытэтаў:
«Ведаеце, я да пісьменьнікаў наагул стаўлюся вельмі спакойна, таму што іх пазыцыя аднабаковая, яны глядзяць на сьвет выключна сваімі вачыма. Так і ў выпадку з Алексіевіч.
Канечне, ёсьць моманты, якія адпавядаюць сёньняшняму дню, а ёсьць моманты чыста суб’ектыўныя, якія адлюстроўваюць толькі яе меркаваньне. Таму ня ўсё ў яе творчасьці можна ацэньваць выключна з гледзішча таго, што яно нясе карысьць. Я гэта ацэньваю з гледзішча перадусім палітыка.
Ну, а тое, што яе так высока ацанілі? Любая, нават самая высокая ўзнагарода, ня можа адлюстраваць усю складанасьць асобы чалавека, які яе атрымаў.
Тым ня меней усё, што дадзена богам Беларусі, — для мяне гэта дабро. Усё ж Беларусь не такая вялікая краіна, каб у нас кожны дзень зьяўляліся міжнародныя ляўрэаты. Таму, як і ўвесь наш беларускі народ, нармальны ў гэтым пляне, успрымаю як пазытыў. Добра, што нашы нечага дамагаюцца на міжнароднай арэне ня толькі ў спорце».
Караткевіч: Я ўжо павіншавала Сьвятлану Алексіевіч
Тацяна Караткевіч лічыць вельмі важнай для Беларусі сёньняшнюю падзею.
«Я ўжо павіншавала Сьвятлану Алексіевіч з узнагародай. Мне перадалі яе нумар, і я адправіла ёй СМС з такім тэкстам, што мы сапраўды ганарымся: у нас ёсьць такі чалавек, жанчына, якая напісала гэтулькі кніг пра самыя балючыя моманты нашай гісторыі і змагла перадаць гэта ў сваіх кнігах.
Сёньня для мяне гэта вельмі важна, бо ў нас не хапае такіх нашых герояў, каштоўнасных арыенціраў. І таму я вельмі рада, што ў нас зьявіўся такі чалавек у галіне літаратуры. І самае галоўнае — я ведаю, што яна неаднойчы была намінантам. І гэта паказвае, што ў некаторых момантах трэба быць яшчэ і настойлівым чалавекам. Таму мы рады, віншуем і ганарымся».
Гайдукевіч: Заўсёды ставіўся да Алексіевіч з павагай
Сяргей Гайдукевіч не зьбіраецца тэлефанаваць Алексіевіч.
«Сьвятлана Алексіевіч — вельмі таленавіты чалавек. Я не ўваходжу ў кола яе сяброў, але ведаю яе колькі гадоў. Памятаю яшчэ канец 1990-х, калі яна шматкроць спрабавала стаць дэпутатам, памятаю яе выказваньні.
Таленавіты чалавек, і акрамя задавальненьня, што яна мая зямлячка, і добрых пачуцьцяў, нічога іншага няма. Я заўсёды ставіўся да яе з павагай, але, яшчэ раз кажу, ніколі ня быў сярод яе сяброў. Таму тэлефанаваць ня буду, а калі вы надрукуеце, спадзяюся, што чалавеку будзе прыемна».
Лукашэнка пакуль маўчыць
Рэакцыі на ўганараваньне Сьвятланы Алексіевіч з боку кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі пакуль няма. У апошнія гады пісьменьніца рэзка крытыкавала цяперашні беларускі рэжым.