Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Кашын: «Нобэль Алексіевіч — гэта перамога «русского мира»


Алег Кашын
Алег Кашын

«Якім ён мог бы і павінен быў бы быць бяз Пуціна» — расейскі журналіст і пісьменьнік Алег Кашын лічыць, што творчасьць Алексіевіч — гэта апошняе, што мусяць дзяліць рускія і беларусы.

8 кастрычніка а 14-й гадзіне па беларускім часе Швэдзкая акадэмія абвясьціла пра наданьне Сьвятлане Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

Алег Кашын: «Я насамрэч вельмі рады. Я разумею, што для антылукашэнкаўскай нацыянальнай інтэлігенцыі, якая пад бел-чырвона-белым сьцягам, гэта таксама свая перамога: «Мы, беларусы, перамаглі!».

Гэта перамога таго «русского мира», якім ён мусіў бы быць, калі б ня Пуцін.

Для мяне, для расейца, гэтая перамога — мая. Гэта перамога таго «русского мира», якім ён мусіў бы быць, калі б ня Пуцін. Якраз я лічу Алексіевіч аскепкам савецкай культуры, прычым менавіта той расейскай савецкай культуры, якая павінна перамагчы «пуціншчыну», пуцінскі «русский мир». Я вельмі рады, што зьявіўся такі чалавек рэальна з мандатам. Бо Нобэлеўская прэмія па літаратуры ў нашай традыцыі — гэта рэальны мандат на роўную размову з расейскай дзяржавай. І яна мае права гаварыць «Расея бяз Пуціна» — вось гэтыя правільныя, патрэбныя і важныя рэчы. І яе пачуюць ва ўсім сьвеце. Нават калі яна сама будзе казаць «я беларуска», «я за будучыню Беларусі», то для нас, для расейцаў у Расеі — гэта вельмі важны крок, эпізод, які паказвае, што Эўропа — радзіма кожнага расейскага чалавека, што эўрапейская культура неаддзельная ад расейскай. Алексіевіч — гэта той шэраг, дзе Пастэрнак, Салжаніцын, Бродзкі, Бунін і Шолахаў. Яна наш шосты літаратурны Нобэлеўскі ляўрэат.

РС: Вы ўскладаеце на беларускую пісьменьніцу спадзевы на адраджэньне і рэабілітацыю паняцьця «русский мир». Як гэта паўплывае на стасункі хаця б паміж інтэлігенцыяй расейскай і беларускай? Ці не пачнуцца «войны за Алексіевіч»?

Сьвятлана Алексіевіч — гэта апошняе, што мы павінны дзяліць.

— У сацыяльных сетках яны ўжо пачынаюцца, і гэта выглядае камічна. Сьвятлана Алексіевіч — гэта апошняе, што мы павінны дзяліць. Усё ж яна сапраўды агульная. Усе яе галоўныя кнігі напісаныя на расейскай мове, мелі посьпех у Расеі. Летась яна з-за баязьлівасьці, мне здаецца, расейскіх літаратурных дзеячаў не атрымала галоўную прэмію «Большая книга». Але, безумоўна, яна такая ж зьява расейскай літаратуры, як і Набокаў, і Бродзкі, і ўся проза расейскага замежжа.

РС: Вы кажаце, што Алексіевіч ня трэба дзяліць, а ў той жа час называеце яе «расейскай пісьменьніцай». Як з гэтым?

— Не-не, я ж не кажу, што я хачу забараніць беларусам лічыць Алексіевіч беларускім пісьменьнікам. Можна згадаць Моцарта, якога аўстрыйцы лічаць сваім, а немцы сваім. Усе яго любяць і ўсе яго цэняць. Тут якраз няма аніякай праблемы. Калі Нобэлеўская прэмія Алексіевіч паслужыць нацыянальнаму адраджэньню беларусаў, якіх у апошнія 20 год іхная дзяржава гранічна саветызуе і пазбаўляе нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, то на здароўе. Але гэта не адмяняе таго, што яна і для расейцаў вельмі важная.

РС: Якое ў Расеі стаўленьне да яе творчасьці?

У Расеі яе ведаюць і цэняць. Яе першыя кнігі, перадусім «У вайны не жаночае аблічча» — гэта такая пазьнейшая савецкая клясыка ваеннай літаратуры

— Я б ізноў спаслаўся на прэмію «Большая книга», дзе яе кніга «Час сэканд-хэнд» была сярод фаварытаў. Якраз у Расеі яе ведаюць і цэняць. І яе першыя кнігі, перадусім «У вайны не жаночае аблічча» — гэта такая пазьнейшая савецкая клясыка ваеннай літаратуры, якая менавіта дзякуючы яе напаўдакумэнтальнаму жанру закрыла тэму, якую адкрывалі, ізноў жа, і расейскія, і беларускія пісьменьнікі. І Васіль Быкаў, і Юры Бондараў, і Рыгор Бакланаў, і іншыя. Тут ня бачу супярэчнасьці.

Якраз сымбалем суаднясеньня нашай і вашай культуры я назваў бы «Блякадную кнігу» Граніна і Адамовіча. Расейскі і беларускі пісьменьнікі разам напісалі галоўны тэкст пра ленінградзкую блякаду. Сувязі такога кшталту разарваць немагчыма, як бы палітыкам гэтага ні хацелася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG