Паэт Уладзімер Някляеў ацаніў прысуджэньне Сьвятлане Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры як сапраўднае сьвята.
«Гэта сьвята для нашай літаратуры, для нашай культуры, для нашай грамадзянскай супольнасьці, для нашай краіны, для нашага народа.
Ня ў кожнай зь безьлічы краін сьвету ёсьць нобэлеўскія ляўрэаты, і тым больш ляўрэаты ў галіне літаратуры.
Тыя меркаваньні, якія выказваюцца ў адмоўным сэнсе — маўляў, Сьвятлана Алексіевіч не беларуская пісьменьніца, — перакрываюцца афіцыйнай інфармацыяй пра прысуджэньне ёй Нобэлеўскай прэміі, дзе сказана наўпрост, што Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымаў менавіта беларускі аўтар.
Таму давайце ўсе разам, як на Новы год (а гэта своеасаблівы Новы год для беларускай літаратуры) падымем келіхі з шампанскім і вып’ем за ўдачу Алексіевіч, за яе здароўе», — сказаў Уладзімер Някляеў Свабодзе.