Аспрэчваць рашэньне Нобэлеўскага камітэту — справа бессэнсоўная і нікчэмная. Ня нашы грошы, ня нам і вырашаць, каму іх аддаваць. І хто іх варты — ня нам вырашаць: не прапісваў такой працэдуры нябожчык Альфрэд Нобэль.
Нам застаецца толькі радавацца таму, што самая вядомая зь літаратурных прэмій сьвету стала узнагародай для грамадзяніна сувэрэннай Рэспублікі Беларусь. І радавацца таму, што гэтую прэмію атрымала пісьменьніца з сапраўды сусьветнай вядомасьцю. Гэтага, я думаю, нават самыя жорсткія апанэнты «Нобеля для Алексіевіч» ня будуць адмаўляць.
Рынак — справа суровая. Ён галасуе. Наклады перакладаў на асноўныя мовы сьвету — сьведчаньне ўзроўню запатрабаванасьці таленту пісьменьніка і ўзьнятай ім тэмы. Мы жывем не ў савецкія часы, калі пераклады «арганізоўваліся», калі перакладчыкам з брацкіх краінаў і левых партый паказвалі, каго ім перакладаць і якія менавіта тэксты. Цяпер — ня так.
Я бачыў людзей каля паліцаў з кнігамі Сьвятланы Алексіевіч у Варшаве, Кіеве, Маскве. Ніхто не прымушаў іх даставаць грошы і банкаўскія карткі і купляць «Час сэканд хэнд». Прычым гэта былі людзі рознага ўзросту, пераважна — тыя, хто маладзейшы за мяне, для каго апавяданьні герояў Алексіевіч — гісторыя.
Чаго яны там шукалі?
Мне здаецца, адказу на пытаньне, чаму мы ўсе жывем так, а не інакш. Цяперашняе тлумачыцца мінулым; мінулае па-іншаму прымушае ацэньваць сучаснасьць. І тая лютасьць, зь якой расейская ўлада рабіла ўсё, каб Захар Прылепін перамог Сьвятлану Алексіевіч у конкурсе на прэмію «Вялікая Кніга» — гэта лютасьць пацыента ў адносінах да лекара, які дакладна паставіў дыягназ.
«Нобэль» Сьвятлане Алексіевіч — прэмія лекара, які паставіў дакладны дыягназ постсавецкім грамадзтвам. Усім, без выключэньня. Зь іх нецярпімасьцю, неталерантнасьцю, гатоўнасьцю ў любы момант прыступіць да выкарыстаньня гвалту адзін супраць аднаго. «Ветлівыя зялёныя чалавечкі» — мутанты, выпушчаныя з нашых душ на дзяржаўным узроўні. Алексіевіч пра гэта не пісала, але з напісанага ёю вынікала, што такое — магчыма.
Часам мне здаецца, што спакой і нават холад, якія дэманструюцца самай вядомай пісьменьніцай сучаснай Беларусі ў адносінах і да нашай краіны, і да нашых праблем — гэта холад і спакой лекара-дыягноста, які спрабуе не памыліцца.
І не памыляецца.
З гэтым можна згаджацца, можна не згаджацца. Але, падобна, яна мае рацыю.
Кажуць, што нобэль па літаратуры гранічна палітызаваны. Што яго ўручаюць з улікам таксама і палітычнай пазыцыі аўтара — наколькі супадае яна з агульнасусьветным парадкам дня.
Пазыцыя Алексіевіч супала.
Яна піша на рускай мове, але выступае супраць «рускага сьвету» як канцэпцыі, якая апраўдвае гвалт і палітычную экспансію Пуціна.
Яна грамадзянка Беларусі і катэгарычна асуджае той рэжым, які ўсталяваў у краіне Лукашэнка.
Яна пісала пра Чарнобыль, пра Аўганістан, пра душэўны распад чалавека постсацыялістычнай эпохі.
І яна пісала таленавіта, зразумела і цікава. Яе чыталі і чытаюць.
І, спадзяюся, будуць чытаць.
Усё астатняе — праблемы не сусьветнага чытача, не сусьветнай літаратурнай супольнасьці, а наш унутраны міжсабойчык. Нават калі нам балюча ад таго, што наша пазыцыя, наша ўласнае меркаваньне не супадаюць з пазыцыяй і меркаваньнем Алексіевіч, пра гэта ня ведаюць чытачы Японіі, Нямеччыны, Швэцыі і ЗША. А калі пазнаюць — проста паціснуць плячыма ў зьдзіўленьні: якое дачыненьне ўсё гэта мае да «нобеля для Алексіевіч»?
Нам трэба зрабіць усё, каб «нобель для Алексіевіч» стаў «нобелем для Беларусі». Яна ўнесла Беларусь у «парадак дня» сусьветнай культуры, і цяпер выдаўцы сьвету будуць цікавіцца яе меркаваньнем: ці ёсьць там, у яе краіне, іншыя пісьменьнікі, маладыя і таленавітыя, якіх варта перакладаць, варта даваць ім шанец. І чым больш новых, таленавітых кніг будзе выдавацца ў нашай краіне, тым прасьцей ёй будзе адказваць на гэтае пытаньне. І тым бліжэй будзе другі «нобель для Беларусі». І значна большы будзе шанец, што кнігі, за якія ён будзе ўручаны, будуць не пра мінулае, а пра будучыню, і што напісаны яны будуць на беларускай мове.
Дзьверы адчыніліся, сябры мае. Беларусь запрашаюць увайсьці ў сьвет...
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.