Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЦВК ня маюць падстаў правяраць, на якім аўтамабілі езьдзіў Лукашэнка, — Лазавік


У Цэнтравыбаркаме не зьбіраюцца ўдакладняць, пра які аўтамабіль Аляксандра Лукашэнкі казала дыктарка БТ.

Распавядаючы пра ўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў адкрыцьці першага ўчастка другой кальцавой аўтадарогі, дыктарка БТ сказала:

«Сёньня пачаў працаваць першы ўчастак другой кальцавой аўтадарогі вакол Менску. У цырымоніі адкрыцьця ўзяў удзел кіраўнік дзяржавы і на справе апрабаваў якасьць новай дарогі. За рулём свайго ўласнага аўтамабіля зьдзейсьніў азнаямленчую паездку».

Як ставяцца да гэтага ў ЦВК? Бо ў дэклярацыі кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнкі аўтамабіль не пазначаны. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік так пракамэнтаваў сытуацыю карэспандэнту Свабоды:

— Я глядзеў гэты сюжэт. Па-мойму, там не было сказана, што за рулём свайго асабістага аўтамабіля. Там было сказана — сам, знаходзячыся за рулём аўтамабіля, зрабіў гэтую паездку«.

— Гэта якраз было сказана дыктарам — «за рулём свайго ўласнага аўтамабіля».

— А ў дэклярацыі што, там няма аўтамабіля?

— Не.

— Ну, не гатовы адказаць на гэтае пытаньне. Ёсьць там ці няма ў яго асабістага аўтамабіля. Магчыма, дыктар памыліўся. Па-мойму, у яго там цэлы гараж ёсьць аўтамабіляў. Любы выбірай, кожны дзень можна новы. Шэйман падрыхтуе і ключ у замок запальваньня ўставіць.

— Але калі кажуць пра ўласны аўтамабіль...

— Гэта трэба спытаць у дыктара, адкуль ён узяў, што гэта ўласны аўтамабіль.

— А ваша камісія будзеце разьбірацца?

— А на якой падставе мы будзем разьбірацца? У нас няма такога афіцыйнага дакумэнта, які прымушаў бы нас гэта пераправяраць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG