Праз гадзіну пасьля тэледэбатаў, даўшы інтэрв’ю замежным журналістам, Тацяна Караткевіч падзялілася сваімі ўражаньнямі аб тэледэбатах з Радыё Свабода.
— Тацяна, як Вы самі ацэньваеце свой выступ падчас тэледэбатаў? Ці задаволеныя Вы сабой?
— Я была максымальна пераканаўчая, упэўненая, дабразычлівая і зьвярталася, у першую чаргу, да сваіх выбарнікаў, якія былі каля тэлеэкранаў. Я сабой цалкам задаволеная, мне цалкам удалося давесьці сваю пазыцыю да гледачоў. Я прыехала ў офіс, мы абмяняліся думкамі зь сябрамі маёй каманды і прыйшлі да высновы, што гэта быў вельмі добры мой выступ.
— Тацяна, але падчас тэледэбатаў было відавочна, што Гайдукевіч-малодшы вельмі перадузята ставіўся да вас, задаваў вострыя пытаньні, казаў адкрыта: «Ня будзе мірных пераменаў, калі Тацяна Караткевіч прыйдзе да ўлады». І казаў, што «яе саму зьмятуць»... Ці лёгка Вам было адбіваць такія атакі? І чым вы тлумачыце яго адкрытую непрыязь?
— Ну, яму так загадаў паводзіць сябе тата, які адправіў яго замест сябе на тэледэбаты. Тое, што Гайдукевіч-малодшы сказаў, што бацька цяпер у Гомелі сустракаецца з выбарнікамі, і гэта важнейшае за тэледэбаты — непераканаўча. Я думаю, што аўдыторыя тэлеканалу «Беларусь 1» значна большая за тую публіку, зь якой сустрэнецца Сяргей Гайдукевіч у Гомелі. Мае давераныя асобы таксама кожны дзень сустракаюцца з выбарнікамі ў рэгіёнах.
А што тычыцца пытаньня, ці лёгка было процістаяць Гайдукевічу-малодшаму, адкажу так — лёгка. Таму што нічога новага ён не сказаў, акрамя той крытыкі, што ўжо гучала.
— А якая была атмасфэра на тэлевізіі, ці прыязна да вас паставіліся супрацоўнікі БТ?
— Атмасфэра была працоўная, нармалёвая, нам далі цалкам зразумелыя інструкцыі, мы іх прытрымліваліся. Яшчэ хачу падкрэсльліць: для мяне гэтыя тэледэбаты былі вельмі важныя. Вось і сёньня мне з Радыё Свабода тэлефанавалі і пыталіся, навошта я іду на гэтыя тэледэбаты. Я адказала, што іду, каб мае выбарнікі маглі яшчэ раз пачуць альтэрнатыўную кропку гледжаньня, альтэрнатыўныя меркаваньні. Увесь час, які выдзелілі ў эфіры для Караткевіч — гэта ўсяго дзьве гадзіны. Калі параўнаць гэта з маім асноўным канкурэнтам, то ў яго ёсьць магчымасьць выступаць перад народам 365 дзён у годзе, неабмежаваная колькасьць гадзін. Таму для мяне было прынцыпова важна выкарыстаць гэты час тэледэбатаў.