Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч хоча зьняць Лукашэнку з выбарчай гонкі


Падчас збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку
Падчас збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку

2 кастрычніка Цэнтральная выбарчая камісія разгледзіць скаргу кандыдаткі на прэзыдэнта Беларусі Тацяны Караткевіч на свайго суперніка па выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнку.

Сутнасьць скаргі ў тым, што ў выбарчай кампаніі Лукашэнкі выкарыстоўваюцца тыя ж самыя сымбалі, якія выкарыстоўваюцца і для агульнай прапаганды ідэі выбараў. І каманда Караткевіч лічыць, што гэта ёсьць выкарыстаньнем адміністратыўнага рэсурсу.

Спадарыня Караткевіч у сваёй скарзе піша, што мэдыі, якія паведамляюць пра выбарчую гонку, выкарыстоўваюць у сваіх матэрыялах спэцыяльны лягатып. Формай ён нагадвае галачку з колерамі беларускага дзяржаўнага сьцяга.

«Ідэнтычны элемэнт афармленьня выкарыстоўваецца і ў агітацыйнай кампаніі кандыдата Лукашэнкі, што зьяўляецца прыхаванай формай агітацыі з боку дзяржаўных СМІ за аднаго з кандыдатаў», — напісана ў скарзе. У якасьці канкрэтных прыкладаў прыводзіцца ўжываньне гэтага сымбалю на афіцыйным сайце «Выбары — 2015» і на тэлеканале АНТ.

А на майках, што прадаюцца ў менскім ГУМе, нанесены слоган выбарчай кампаніі Лукашэнкі — «За будучыню незалежнай Беларусі». Давераныя асобы Караткевіч нават зрабілі спэцыяльныя фатаздымкі гэтых маек, якія прыкладаюцца да скаргі.

За якія грошы зробленыя майкі, дагэтуль невядома, — падкрэсьлівае Ігар Лялькоў — афіцыйны прадстаўнік кандыдаткі на прэзыдэнта Тацяны Караткевіч пры Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу:

«Парушэньні, зьвязаныя зь невядомымі крыніцамі фінансаваньня агітацыйнай кампаніі кандыдата на прэзыдэнта, гэта безумоўна цяжкое парушэньне. Калі б у нас была незалежная Цэнтральная выбарчая кампанія, то мы мелі б усе падставы прасіць ня толькі папярэджаньня для Аляксандра Лукашэнкі але і зьняцьця гэтага кандыдата з выбарчай гонкі. Але ў нас ілюзіяў наконт незалежнасьці гэтай камісіі абсалютна няма.

Невядома, за якія грошы зробленыя гэтыя рэчы. Але яўна гэтыя грошы ня з выбарчага фонду кандыдата. А ў Выбарчым кодэксе дакладна прапісана, што для вырабу агітацыйнай прадукцыі, для правядзеньня агітацыі магчыма ўжываць грошы выключна з выбарчага фонду. Таму ў любым выпадку, нават калі ўявіць, што гэта не замежныя грошы, а беларускія, усё роўна гэта зьяўляецца грубым парушэньнем заканадаўства.

У нас ёсьць усе доказы тых фактаў, якія выкладзеныя ў скаргах. Яны цяпер сыстэматызуюцца. Але вось наконт таго, што нашы просьбы будуць задаволеныя, ёсьць вялікі сумнеў. Сумнеў таму, што мы бачым, што і гэтая выбарчая кампанія праходзіць ня ў роўных для ўсіх кандыдатаў умовах. Ёсьць адзін галоўны для Цэнтральнай выбарчай камісіі кандыдат. І ягоныя інтарэсы яна абараняе. І ёсьць астатнія кандыдаты, якія зьяўляюцца пасынкамі ці падчаркамі Цэнтральнай камісіі. Таму ілюзіяў у нас няма. Але мы лічым, што пасяджэньне стане добрай нагодай, каб давесьці інфармацыю пра парушэньні заканадаўства з боку кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі да больш шырокага кола грамадзкасьці і да міжнародных назіральнікаў».

Цэнтравыбаркам сёньня разгледзіць таксама заявы кандыдатаў на прэзыдэнта Сяргея Гайдукевіча і Тацяны Караткевіч, якія тычацца адной і той жа тэмы. Караткевіч просіць аддаць ёй ня выкарыстаны Аляксандрам Лукашэнкам эфірны час на Беларускім тэлебачаньні. Справа ў тым, што Лукашэнка на мінулым тыдні публічна заявіў, што ня мае часу выступаць на тэлебачаньні і гатовы аддаць свой час іншым кандыдатам. Вось такой заявай кіраўніка дзяржавы Караткевіч і скарысталася. Да яе далучыўся і Сяргей Гайдукевіч. Ён прапаноўвае нявыкарыстаны час Аляксандра Лукашэнкі аддаць на тэледэбаты. Як піша спадар Гайдукевіч, «дэбаты — гэта значна цікавей за прамовы».

Дарэчы, удзельнічаць у дэбатах 3 кастрычніка зьбіраюцца, акрамя Гайдукевіча, таксама Караткевіч і Ўлаховіч. Лукашэнка ад удзелу ў дэбатах адмовіўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG