Апошні тыдзень ва ўсясьветных мэдыях часта згадвалася прозьвішча мільярдэра Андрэя Мельнічэнкі. Падставай стаў спуск на ваду ў нямецкім Кілі найбуйнейшай паруснай яхты коштам больш за 400 мільёнаў эўра, вырабленай на замову 43-гадовага бізнэсоўца.
Такім чынам адзін з заснавальнікаў МДМ-банка, старшыня рады дырэктараў кампаніі «Еврохим», стратэгічны акцыянэр «Сибирской угольной энергетической компании» і «Сибирской генерирующей компании», сталы фігурант топ-20 самых заможных людзей Расеі даў зразумець, што асабіста яго крызісы не палохаюць. Нашпігаваная раскошай 150-мэтровая яхта з трыма 90-мэтровымі мачтамі стала своеасаблівым выклікам багацеям па ўсім сьвеце — адно толькі абслугоўваньне цуда тэхнічнай думкі штомесяц запатрабуе ня меней за 20 мільёнаў даляраў.
Андрэй Мельнічэнка нарадзіўся ў 1972 годзе ў Гомелі ў сям’і выкладчыкаў. Меў здольнасьці да дакладных навук, пасьпяхова ўдзельнічаў у алімпіядах па фізыцы і матэматыцы. На два апошнія гады быў запрошаны ў школу-інтэрнат вучэбна-навуковага цэнтру Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ламаносава. Без праблемаў паступіў на фізфак МДУ, але потым перавёўся ў Расейскую эканамічную акадэмію імя Пляханава. Ва ўспамінах ягоныя сябры-студэнты згадваюць, што ўжо тады Мельнічэнка трымаў нос па ветры, арганізаваўшы ў інтэрнаце пункт абмену валют. Менавіта зь сеткі абменьнікаў і вырас зь цягам часу МДМ-банк. А потым бізнэс пашырыўся дзякуючы іншым галінам — перадусім сыравінным.
Празаік, драматург, сцэнарыст Уладзіслаў Ахроменка жыве цяпер ва ўкраінскім Чарнігаве, але гомельскі пэрыяд сям’і Мельнічэнкаў памятае вельмі добра — маці будучага мільярдэра выкладала ў яго літаратуру:
«Тамара Мікалаеўна ад 1960-х працавала ў Гомельскай музычнай вучэльні імя Сакалоўскага, у гэтай жа ўстанове ад 1957 году выкладала і мая маці Ірына Канстанцінаўна. Там вучыўся і я. Тамара Мікалаеўна Мельнічэнка два гады выкладала ў мяне беларускую і расейскую літаратуру — бязь лішняй сьціпласьці скажу, што я ў яе быў улюбёным вучнем. Чалавек для мяне сымпатычны, валявы, разумны, безумоўна, адукаваны — досыць сказаць, што яна ведала на памяць паэму Янкі Купалы „Курган“. У мяне зь ёй склаліся ў пэўнай ступені сяброўскія адносіны, яна сябравала з маёй маці, так што мы кантактавалі досыць блізка. Што тычыцца бацькі Андрэя Мельнічэнкі, ведаю толькі тое, што ён выкладаў у нашым Гомельскім інстытуце інжынэраў чыгуначнага транспарту. Лічыўся чалавекам разумным, аўтарытэтным, але я яго бачыў, можа, разы 3–4».
Уладзіслаў Ахроменка кажа, што з Андрэем Мельнічэнкам дзіцячыя шляхі асабліва не перакрыжоўваліся, але на «карпаратывах» вучэльні ў адной кампаніі яны расказвалі Дзеду Марозу вершыкі ды фатаграфаваліся на памяць:
«У вучэльні для дзетак выкладчыкаў заўсёды ладзіўся Новы год. Звычайна 29 ці 30 сьнежня ставілася ялінка, прыходзіў Дзед Мароз, усё як мае быць. Потым усіх дзяцей фатаграфавалі. У мяне нават ёсьць такі здымак зь Мельнічэнкам. Адно што я цяпер у Чарнігаве, а фота ў Менску, а то з радасьцю адсканаваў і даслаў бы. З сабой, натуральна, не важу.
Андрэя потым бачыў, калі ён ужо быў маскоўскім студэнтам. Падаваўся гэткім ціхім „батанікам“, прынамсі з выгляду. Нічога паганага ці асабліва добрага па тым часе сказаць было немагчыма, але зьнешне — абсалютны „батанік“. Прынамсі, уражаньня „дзялка“ не пакідаў. Клясычны „батанічны“ пэрсанаж, нават крыху анэкдатычны ў сваёй заціснутасьці. Яму вахцёрка ў вучэльні сказала — няма чаго хадзіць, сядзі тут і чакай маці — і ён, не абураючыся, гадзіну-дзьве сядзеў у калідоры, склаўшы рукі. Было бачна, што студэнцік, які нават у родным горадзе саромеўся сваёй правінцыйнасьці. Асабіста ў мяне склалася такое ўражаньне».
Хутка разбагацеўшы на валютных апэрацыях і заснаваўшы ў 1997 годзе МДМ-банк, Андрэй Мельнічэнка стаў заўважнай фігурай у расейскіх фінансавых колах. Бацькам ужо ня трэба было думаць, як зарабіць на кавалак хлеба, і Тамара Мікалаеўна пераехала да сына ў Маскву — пра бацьку спадар Ахроменка пэўных зьвестак ня мае. У расейскай сталіцы, як кажа суразмоўца, адбылася іх пакуль што апошняя сустрэча:
«Пасьля таго як Тамара Мікалаеўна зьехала ў Маскву, аднойчы абсалютна выпадкова мы зь ёй перасекліся. Але, ведаеце, гэта ўжо быў іншы клясава, абсалютна недасяжны матэрыяльны ўзровень — з „Бэнтлі“, асабістым кіроўцам, маёнткам на Рублёўцы. Усе, як было прынята ў пасьпяховых людзей. Тады, яна, дарэчы, наракала, што сын ніяк ня можа пабрацца шлюбам. Цяпер клопаты ў мінулым — наколькі ведаю, ягонай жонкай нейкая сэрбская мадэлька».
Як хлопец зь сярэднестатыстычнай сям’і здолеў ускараскацца на вяршыню расейскага бізнэсу? Ці варта шукаць адказ у тых самых «ліхіх 1990-х», калі ўдалы зьбег абставінаў мог зрабіць багацеем нічым не прыкметнага «батаніка»?
Чалавек, які ў 1990-я трапляў у Маскву, мог нават ня мець ніякіх талентаў, ніякіх камэрцыйных і бізнэсовых здольнасьцяў. Неабходна было проста трапіць у патрэбнае месца ў патрэбны час.
«Гэта Масква: часы так званых „закладных аўкцыёнаў“, патрэбных знаёмстваў і падзелу маёмасьці. Чалавек, які ў 1990-я трапляў у Маскву, мог нават ня мець ніякіх талентаў, ніякіх камэрцыйных і бізнэсовых здольнасьцяў. Неабходна было проста трапіць у патрэбнае месца ў патрэбны час. Калі твой аднакурсьнік, дапусьцім, быў сынам нейкага савецкага міністра ці партыйнага функцыянэра, то калі пачаліся расьпілы „золата партыі“, усё пайшло ўкладацца ў розныя холдынгі і камэрцыйныя структуры. Людзі, набліжаныя да нашчадкаў партыйных дзеячаў, таксама траплялі ў гэтую камэрцыйную арбіту. Думаю, што ў ягоным выпадку здарылася нешта падобнае. Была нейкая гісторыя з МДМ-банкам, асабліва не цікавіўся, не заглыбляўся — прабачце, я ўсё ж празаік, а не бізнэсовец. Што магу дадаць, дык гэта знакаміты выраз зь Ільфа і Пятрова: усе вялікія капіталы створаныя несумленным шляхам. Хутчэй за ўсё, тут тое ж самае: страшныя шалёныя 1990-я гады ў Маскве — з бандытызмам, з крадзяжамі, у антуражы дзікага капіталізму».
Два дзясяткі гадоў у вялікім бізнэсе зрабілі Андрэя Мельнічэнку адным з самых заможных людзей Расеі, ягоны капітал ацэньваецца ў сярэднім на 10 мільярдаў даляраў. Досыць камфортна пачуваючы сябе ў ролі «пацалаванага богам», 43-гадовы мільярдэр не адмаўляецца ад магчымасьці жыць на шырокую нагу. Самалёты, яхты, дарагія аўто — ледзь не абавязковы набор сучаснага алігарха. А што за кулісамі зьнешняга форсу? Сваё меркаваньне выказвае Ўладзіслаў Ахроменка:
Людзі з інтэлігентных сем’яў, якія ў 1990-я станавіліся ў Маскве багатымі, звычайна не вытрасалі сродкі на яхты, на картэжы з чорных джыпаў, на папсовую ахову.
«Так атрымалася, што пэўны час я жыў у Маскве, быў знаёмы — не скажу што з алігархамі, але зь вельмі багатымі людзьмі. Меў кантакты і з тымі, у каго ў 1990-я было шмат грошай, але з розных прычынаў яны прапалі — ці бандыты адабралі, ці пачаліся наезды, ці нешта іншае. Грошы зьніклі, і яны сталі постсавецкімі шарагоўцамі. Дык вось, паводле маіх назіраньняў, людзі з інтэлігентных сем’яў, якія ў 1990-я станавіліся ў Маскве багатымі, звычайна не вытрасалі сродкі на яхты, на картэжы з чорных джыпаў, на папсовую ахову, якая, як высьветлілася, абсалютна не ратуе ні ад кілераў, ні ад выбухаў. Такія рэчы ўсё ж больш уласьцівыя людзям, якія прыйшлі, скажам так, зь ніадкуль. Калісьці адзін маскоўскі дзеяч, які таксама мае дачыненьне да Беларусі і пачынаў з таго, што насіў за іншымі чамаданы, калі яго зрабілі саўладальнікам аднаго холдынгу, паслаў у сваю Воршу тэлеграму: „Вы заўсёды лічылі, што я чмо, а ў мяне цяпер 10 мільёнаў даляраў“. Гэта было на пачатку 1990-х. Тут практычна тое ж самае».
Уладзіслаў Ахроменка кажа, што за яхтамі ды іншымі дарагімі цацкамі алігархаў 1990-х насамрэч цягнецца шлейф правінцыйнасьці. Адсюль і спроба ўпакаваць свае комплексы ў дарагую абгортку:
Думаю, ва ўсіх гэтых яхтаў і папсовай раскошы ногі растуць менавіта з правінцыйнага ўспрыманьня сьвету.
«Хутчэй за ўсё, у чалавеку спрацоўвае нейкі патаемны комплекс: маўляў, усе думалі, што я звычайны правінцыйны хлопчык, а вось цяпер паглядзіце, якая ў мяне яхта, паглядзіце, якая ў мяне жонка, паглядзіце, які ў мяне замак. Адным словам, паглядзіце, кім я стаў, хоць вы заўсёды лічылі, што я чмошнік. Так што, думаю, ва ўсіх гэтых яхтаў і папсовай раскошы ногі растуць менавіта з правінцыйнага ўспрыманьня сьвету. Гэта тое, што закладаецца ў чалавеку ў першыя гады жыцьця: або ты правінцыял, або не правінцыял. Пры гэтым, зразумела, правінцыялам можна быць і ў Маскве, а неправінцыялам — у якой заўгодна беларускай вёсцы».
Апошнюю «цацку» Андрэя Мельнічэнкі — васьміпалубную яхту, названую ў гонар жонкі Аляксандры Sailing Yacht A — будзе абслугоўваць адмыслова падрыхтаваны экіпаж з паўсотні чалавек. Хадавыя выпрабаваньні пачнуцца пры канцы году, пакуль жа завяршаецца аздабленьне інтэр’еру. У Мельнічэнкі ўжо ёсьць мэгаяхта з той жа літарай «А» ў назьве, але яна, адрозна ад новай, ня парусная, а маторная. Да стварэньня абодвух эксклюзываў, якія зьнешне нагадваюць падводныя лодкі, бізнэсовец прыцягнуў вядомага дызайнэра Філіпа Старка.