Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стратэгічная ілюзія: што Беларусь робіць у ШАС?


Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін пасьля сустрэчы ў Пэкіне 4 сьнежня 2023 году
Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін пасьля сустрэчы ў Пэкіне 4 сьнежня 2023 году

ШАС — гэта стратэгічны выбар Беларусі, казаў Лукашэнка. Насамрэч, гэта ягоны выбар, а не Беларусі.

Бо ШАС зьяўляецца арганізацыяй, якая аб’ядноўвае краіны Азіі, і створаная, найперш, каб гарантаваць рэгіянальную(!) бясьпеку. І Беларусі, як эўрапейскай дзяржаве, там, па вялікім рахунку, няма чаго рабіць. Там абмяркоўваюцца праблемы далёкага ад беларусаў рэгіёну.

Сьцісла:

  • Па выніках перамоваў Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна не падпісана ніякіх дакумэнтаў, нават чыста дэкляратыўных сумесных заяваў. Не анансаваны запуск нейкіх новых праектаў. Што здараецца рэдка падчас візытаў Лукашэнкі ў Кітай.
  • Галоўная праблема ШАС палягае ў тым, што яна аб’ядноўвае занадта розныя краіны, з адрознымі інтарэсамі, геапалітычнымі праблемамі, культурай, рэлігіяй. Гэта арганізацыя, якая ўсё яшчэ знаходзіцца ў пошуку сваёй ідэнтычнасьці.
  • У выніковым дакумэнце саміту — Цяньцзіньскай дэклярацыі — шмат агульных словаў пра неабходнасьць супрацоўніцтва ва ўсіх сфэрах. Але яна ніводную краіну ШАС ні да чаго не абавязвае.


Беларуска-кітайскія перамовы

Цяперашні, 16-ты візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай у статусе кіраўніка дзяржавы названы рабочым. Ён расьцягнецца на чатыры дні, там вялікая праграма. Гэта ўдзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) упершыню ў якасьці паўнапраўнага чальца. Таксама Лукашэнка будзе прысутнічаць 3 верасьня на юбілейных урачыстасьцях, прысьвечаных, як афіцыйна названа, «80-годзьдзю перамогі над японскім мілітарызмам і заканчэньню Другой сусьветнай вайны».

Пачаўся візыт зь перамоваў з кіраўніцтвам КНР. Апошні раз Лукашэнка быў у Кітаі ў чэрвені. Тое быў дзіўны візыт. Прэс-служба Лукашэнкі назвала яго так: «сяброўская сямейная сустрэча беларускага лідэра са старшынём КНР».

Цяпер адбыліся паўнавартасныя перамовы зь удзелам вялікай колькасьці афіцыйных асобаў. Аднак па іх выніках не падпісана ніякіх дакумэнтаў, нават чыста дэкляратыўных сумесных заяваў. Не анансаваны запуск нейкіх новых праектаў. Што здараецца рэдка падчас візытаў Лукашэнкі ў Кітай.

Хіба што мэдыі зьвярнулі ўвагу на адну рэпліку Лукашэнкі падчас перамоваў: «Асабіста я ўжо прыйшоў да таго, што і ў палітычным ладзе дзяржавы мы павінны ў вас нешта пераняць. Калісьці Савецкі Саюз і Кітай вельмі дружна выбудоўвалі тую мадэль, якую вы цяпер ня страцілі, якая ў вас дзейнічае...»

Палітычны лад Кітая фактычна не прадугледжвае выбараў кіроўных органаў дзяржавы нават у выглядзе фасаду, імітацыі. Менавіта гэтую кітайскую асаблівасьць і зьбіраецца пераняць Лукашэнка. Бо дэмакратыя — гэта найважнейшы элемэнт палітычнай культуры Захаду. Калі цяпер Беларусь паварочвае на Ўсход, сябруе з аўтакратыямі, то навошта патрэбна гэтая гульня з фармальна дэмакратычнымі мэханізмамі.

Амбіцыі ШАС разьбіваюцца аб рэальнасьць

Сёлетні саміт ШАС — самы буйны ў гісторыі. Паводле інфармацыі гаспадароў саміту — кітайскага боку, у ім удзельнічаюць больш за 20 сусьветных лідэраў. Уласна 1 верасьня ў трэцім па велічыні горадзе Кітая Цяньцзіні прайшлі два саміты. Спачатку быў праведзены саміт ШАС з удзелам 10 краін-чальцоў арганізацыі, потым прайшоў саміт «ШАС плюс», у якім удзельнічалі таксама лідэры краін, запрошаных на форум.

Кітай імкнецца ператварыць ШАС у плятформу, вакол якой адбудзецца аб’яднаньне Глябальнага Поўдня на чале з КНР і Расеяй. Арганізацыя разглядаецца як альтэрнатыва заходнецэнтрычным міжнародным структурам. Пэкін лічыць, што цяпер для рэалізацыі гэтай задачы спрыяльны час, бо другі сусьветны лідэр, ЗША, стварае сваёй палітыкай увядзеньня гандлёвых тарыфаў адносна большасьці краін сьвету не зусім прывабны вобраз.

ШАС стала дастаткова фармалізаванай структурай са сваімі органамі і правіламі (у адрозьненьне, напрыклад, ад BRICS). Яна дэманструе імкненьне перайсьці ад дыялёгавай пляцоўкі, якой была напачатку, да паўнавартаснага мэханізма практычнага супрацоўніцтва.

Аднак галоўная праблема ШАС палягае ў тым, што яна аб’ядноўвае занадта розныя краіны з адрознымі інтарэсамі, геапалітычнымі праблемамі, культурай, рэлігіяй. Гэта арганізацыя, якая ўсё яшчэ знаходзіцца ў працэсе пошуку сваёй ідэнтычнасьці.

Нагадаю, што нядаўна паміж дзьвюма краінамі-чальцамі ШАС Індыяй і Пакістанам адбылася кароткатэрміновая вайна. Іншы чалец арганізацыі, Іран, перажыў 12-дзённую вайну з Ізраілем і ЗША, а ШАС не прыйшла яму на дапамогу. І Расея, адна з дзяржаў-лідэраў ШАС, вядзе кровапралітную вайну з Украінай, і адносіны іншых краін-чальцоў да гэтага канфлікту неадназначныя.

У выніковым дакумэнце саміту — Цяньцзінскай дэклярацыі — шмат агульных словаў пра неабходнасьць супрацоўніцтва ва ўсіх сфэрах. Але яна ніводную краіну ШАС ні да чаго не абавязвае.

Дэклярацыя асудзіла ўдары ЗША і Ізраіля па іранскай ядзернай інфраструктуры. Аднак адначасова ў дакумэнце адзначаецца, што ШАС выступае за няўхільнае выкананьне палажэньняў Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі. Гэта ўкол у бок Ірану, якога якраз падазраюць у парушэньні гэтай дамовы.

Вайна ва Ўкраіне ў дакумэнце ня згадваецца. Аднак Цяньцзінская дэклярацыя фіксуе, што прынцыпы неўмяшаньня ва ўнутраныя справы іншых краін і непрымяненьня сілы зьяўляюцца падмуркам для стабільнага разьвіцьця міжнародных адносін. Самае сьмешнае, што Расея, якая тры з паловай гады вядзе вайну на тэрыторыі іншай краіны, гэты дакумэнт падпісала, а іншыя чальцы ШАС ня ўбачылі тут ніякай супярэчнасьці. Такі вялізны разрыў паміж дэклярацыяй і рэальнасьцю вельмі паказальны, ён дакладна характарызуе гэтую арганізацыю.

Лукашэнка на саміце ШАС

У сваіх выступах на самітах ШАС і «ШАС-плюс» Лукашэнка вельмі моцна рэклямаваў гэтую арганізацыю, даказваў, якая яна крутая і што, маўляў, за ёй будучыня («Гэта магутны полюс нашай плянэты»). «Беларусь ганарыцца тым, што год таму стала паўнапраўным удзельнікам ШАС. Гэта адпавядае карэнным доўгатэрміновым інтарэсам нашай дзяржавы і адкрывае дадатковыя пэрспэктывы і шырокія сфэры супрацоўніцтва. Быць часткай „шанхайскай сям’і“ — наш стратэгічны выбар», — казаў ён.

Тое, што гэта стратэгічны выбар Лукашэнкі, няма сумненьняў. А вось наконт таго, ці ёсьць гэта стратэгічным выбарам Беларусі, ёсьць вялікія сумненьні. Бо ШАС зьяўляецца арганізацыяй, якая аб’ядноўвае краіны Азіі, і створаная, найперш, каю гарантаваць рэгіянальную (!) бясьпеку. І Беларусі, як эўрапейскай дзяржаве, там, па вялікім рахунку, няма чаго рабіць. Там абмяркоўваюцца праблемы далёкага ад беларусаў рэгіёну.

У сваім выступе Лукашэнка казаў, што ШАС створаны на грунце такіх каштоўнасьцяў, як «узаемная павага і давер, роўнасьць, дыялёг». Наконт «узаемнай павагі і даверу» спытайце тых жа Індыю і Пакістан, якія нядаўна ваявалі між сабой. А калі паглядзець зь якой непрыхаванай лісьлівасьцю Лукашэнка ўвесь час хваліць Кітай, сьпявае дыфірамбы Сі Цзіньпіну, дык казаць пра роўнасьць не выпадае. Там існуе жорсткая герархія і дамінуюць вялікія дзяржавы — найперш, КНР.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG