Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ закрывае «Менскую групу» ў выніку падпісаньня мірнай дамовы паміж Азэрбайджанам і Армэніяй


Ільхам Аліеў, Дональд Трамп і Нікол Пашынян, 8 жніўня 2025 году
Ільхам Аліеў, Дональд Трамп і Нікол Пашынян, 8 жніўня 2025 году

Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе абвясьціла, што «Менская група» і зьвязаныя зь ёй структуры будуць закрытыя да 1 сьнежня. Гэта адбылося пасьля сумеснага звароту Армэніі і Азэрбайджана, якія раней дамовіліся аб мірным урэгуляваньні канфлікту.

За роспуск групы прагаласавалі ўсе 57 дзяржаў — удзельніц АБСЭ.

Падставай для яго стала мірная дамова Азэрбайджана і Армэніі, падпісаная 8 жніўня ў Вашынгтоне прэмʼер-міністрам Армэніі Ніколам Пашынянам і прэзыдэнтам Азэрбайджана Ільхамам Аліевым пры пасярэдніцтве прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Менская група была створана ў 1992 годзе, каб садзейнічаць мірнаму вырашэньню канфлікту паміж Армэніяй і Азэрбайджанам. Хоць заплянаваная канфэрэнцыя ў Менску так і не адбылася, група на працягу больш чым 30 гадоў выступала ў якасьці пасярэдніка ў перамовах.

Яе сустаршынямі былі Францыя, Расея і Злучаныя Штаты. Акрамя таго, у склад групы ўваходзілі Беларусь, Фінляндыя, Нямеччына, Італія, Швэцыя, Турэччына, а таксама Армэнія і Азэрбайджан.

З часам эфэктыўнасьць групы зьніжалася, а пасьля вайны ў Нагорным Карабаху ў 2020 годзе Азэрбайджан стаў лічыць, што канфлікт ужо вырашаны, і выступаў за закрыцьцё групы.

Міністэрства замежных спраў Азэрбайджана выступіла з заявай, назваўшы рашэньне аб закрыцьці Менскай групы «паказьнікам прыняцьця на міжнароднай арэне рэальнасьці, якая склалася ў выніку аднаўленьня сувэрэннага кантролю і тэрытарыяльнай цэласнасьці Азэрбайджанскай Рэспублікі».

Заявы міністэрства замежных спраў Армэніі на момант публікацыі не было.

Канфлікт у Нагорным Карабаху пачаўся з тэрытарыяльных і этнічных спрэчак паміж Армэніяй і Азэрбайджанам у канцы 1980-х гадоў, што прывяло да ваенных сутыкненьняў.

За час канфлікту паводле розных ацэнак загінулі больш за 30 тысяч чалавек. Пасьля пераходу тэрыторыі пад кантроль Азэрбайджана ў 2023 годзе большасьць армянаў пакінула рэгіён.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG