Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гулак: Казаць, што ў нас усё добра з правамі чалавека — таксама палітызацыя


Алег Гулак
Алег Гулак

Аляксандар Лукашэнка запэўніў, што Беларусь «будзе і далей адданая сапраўдным правам чалавека», але выступіў супраць палітызацыі гэтага пытаньня.

Пра гэта ён заявіў у Нью-Ёрку 27 верасьня на сустрэчы зь Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Зейдам Раад аль-Хусэйнам, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«Хачу адкрыта сказаць: мы ніколі не дазволім, каб нам навязвалі так званыя правы чалавека і палітызавалі іх. Гэта абсалютна непрымальна, і я ведаю ваш пункт гледжаньня: вы ніколі не віталі палітызацыю правоў чалавека», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода, што спачатку трэба зразумець, што мае на ўвазе Лукашэнка пад «палітызацыяй» правоў чалавека.

«Я таксама супраць палітызацыі правоў чалавека. Іншая справа, які сэнс укладаць у гэты выраз? Калі лічыць, што правы чалавека — гэта прыдуманая праблема і ўзгадваецца толькі дзеля палітыкі нейкага ціску, то, безумоўна, гэта няправільна. А калі ставіцца да правоў чалавека як да стандартаў, якія прынятыя на міжнародным узроўні, якія зьяўляюцца асновай міру і стабільнасьці, то, безумоўна, гэтыя стандарты, гэтыя пагадненьні трэба выконваць. І тое, што пытаньне правоў чалавека становіцца пытаньнем міжнародных стасункаў, гэта не палітызацыя — так і павінна быць. Палітызацыя — гэта дваістыя падыходы, калі мы нешта хочам бачыць, а нешта ня хочам. І гэта, безумоўна, дрэнна. Але калі казаць, што ў нас усё добра з правамі чалавека, то гэта таксама палітызацыя, толькі ў іншы бок. Бо насамрэч гэта ня так», — упэўнены праваабаронца.

Алег Гулак ня згодны са словамі Лукашэнкі наконт таго, што ў Беларусі няма ніякіх праблемаў у пляне супрацоўніцтва з офісам Вярхоўнага камісара па правах чалавека.

«Наколькі мне вядома, праблемы ёсьць. Перш за ўсё ёсьць праблема з тым, што Беларусь не выконвае рашэньне Камітэту па правах чалавека, а гэта таксама сфэра дзейнасьці камісара па правах чалавека. Хоць апошнім часам узровень супрацоўніцтва зь Вярхоўным камісарам павысіўся. Былі некалькі мерапрыемстваў, наколькі я ведаю, вядзецца гаворка пра тое, каб прадстаўнік Вярхоўнага камісара знаходзіўся ў Менску ў офісе ААН. У гэтым сэнсе працэс ідзе, але да паўнавартаснага супрацоўніцтва вельмі далёка. Праца спэцдакладчыка па Беларусі і іншых тэматычных спэцдакладчыкаў (працоўныя групы па катаваньнях і па прымусовых зьнікненьнях) — гэта эпархія Вярхоўнага камісара, а ў пляне супрацоўніцтва з гэтымі спэцдакладчыкамі ў Беларусі ёсьць складанасьці», — сказаў праваабаронца.

Старшыня БХК таксама выказаў спадзяваньне, што сустрэча Лукашэнкі зь Вярхоўным камісарам ААН адкрые новыя магчымасьці для супрацоўніцтва ў пытаньні правоў чалавека.

Топ-5 самых значных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Як беларускія праваабаронцы ставяцца да падзелу правоў чалавека на «сапраўдныя» і «навязаныя»?

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак згадвае, што Беларусь добраахвотна ратыфікавала Дэклярацыю правоў чалавека, таму няма гаворкі пра тое, што краіне іх нехта «навязаў».

«Згодны з Лукашэнкам у тым, што правы чалавека нельга палітызаваць. Але, на маю думку, падзел правоў чалавека на сапраўдныя і несапраўдныя — гэта і ёсьць іх палітызацыя. Нельга, каб было гэтак, што мы выбіраем тое, што нам падабаецца, і адштурхоўваем тое, што нам не падабаецца. Сутнасьць правоў чалавека якраз у тым, што яны ўнівэрсальныя і непадзельныя.

Чаму Аляксандар Лукашэнка пра гэта загаварыў у ААН? Бо Беларусь даволі жорстка крытыкуюць у ААН за парушэньні правоў чалавека. Дарэчы, няма краіны, якую б у ААН не крытыкавалі, бо няма такой краіны, дзе б на 100% выконваліся ўсе стандарты ААН у галіне правоў чалавека. Але Беларусь сама прыняла гэтыя стандарты, ніхто іх нам не навязваў, мы зь імі пагадзіліся і мусім прыслухоўвацца да крытыкі і рэкамэндацыяў. Беларускае кіраўніцтва робіць гэта па-рознаму. Да рэкамэндацыяў у галіне пэрыядычнага штогадовага дакладу па правах чалавека больш-менш прыслухоўваецца, там ідзе даволі канструктыўнае супрацоўніцтва, хоць як потым выконваюцца гэтыя рэкамэндацыі — тут пытаньне. А па некаторых працэдурах супрацоўніцтва фактычна няма. Прыкладам — з дакладчыкам па краіне спадаром Харашці і са спэцдакладчыкамі. Шмат гадоў застаюцца вялікія прэтэнзіі да Беларусі ў некаторых пытаньнях правоў чалавека, якія ва ўсім сьвеце лічацца вельмі важнымі:

— Беларусь ня ўдзельнічае ў працэдурах супроць катаваньняў.

— Так і ня вырашаная праблема з прымусовым і гвалтоўным зьнікненьнем апазыцыйных палітыкаў.

— Застаецца праблема сьмяротнага пакараньня

— Адсутнічае мэханізм барацьбы з дыскрымінацыяй у сацыяльна-эканамічных сфэрах

— Палітычныя правы і свабоды дэкляраваныя, але паўсюдна парушаюцца: права на мірныя сходы, свабода выказваньняў, свабода асацыяцыяў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG