Наста Кудасава — паэтка. Нарадзілася ў 1984 у Рагачове. Скончыла рагачоўскую сярэднюю школу № 5, філялягічны факультэт і магістратуру БДУ. Аўтар кніг паэзіі «Лісьце маіх рук» (2006), «Рыбы» (2013) і шэрагу публікацыяў у розных пэрыядычных выданьнях. Зьяўлялася ўдзельніцай альманахаў «Скрыпторый», «Літаратурны квартал», зборніку паэзіі «Яна і я», праекту «Начная чытанка» (2007). Творы перакладаліся на расейскую і баўгарскую мовы. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.
1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Для родных душаў. Мару, што мой чытач — гэта мой патэнцыйны сябар, які дзесьці для мяне ёсьць. Ну і для сябе самой у псыхатэрапэўтычных мэтах.
2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?
Гуляючы пешшу. Або дома ў адзіноце, асабліва падчас бяссоньня ноччу.
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
Навошта? Абы кнігі былі, а аўтарства ня так ужо і важнае, гэта ж не прывілей, мы проста праваднікі чагосьці большага.
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Герояў ува мне безьліч, што ні дзень — можна адшукаць новага, але першае, што чамусьці ідзе ў галаву — Дзьмітрый Карамазаў.
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Цьвятаева, Маякоўскі, Чэхаў.
6. Што вы цяпер чытаеце?
Чытаю мала, пераважна перачытваю паэзію для натхненьня. Акурат цяпер гэта Віталь Рыжкоў, учора чытала «Амбасаду» Марыі Мартысевіч, заўчора «Арэхападзеньне» Віялеты Пачкоўскай і «Ружоўніцу» Валянціны Аксак.
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
Так, як на роднай, з адчуваньнем усіх стылістычных тонкасьцяў, ні на якой, а чытаць проста для разуменьня зьместу мне нецікава.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
Не люблю ніводную зь іх, лічу сябе пакуль што слабым пісьменьнікам.
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
Такую, якую буду любіць.
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?
Калі можна проста ісьці па вуліцы, ня маючы мэты.