Дырэктар Інстытуту мяса-малочнай прамысловасьці Аляксей Меляшчэня пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды выказваньні прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева пра беларускае малако.
«Як я магу такога паважанага чалавека камэнтаваць? Звычайна ж камэнтуе той, што нешта сказаў», — такая была першая рэакцыя Аляксея Меляшчэні на пытаньні.
— Насамрэч, чаму адноўленае малако таксама называецца малаком, а не якім-небудзь малочным напоем?
— Я паглядзеў гэты камэнтар, і мне здаецца, што на роўным месцы з мухі зрабілі слана. Я прачытаў, што недзе робяць там, напрыклад у Казахстане, адноўленае малако, напісана, што парашок разбаўляецца і прадаецца. Ёсьць тэхналёгіі аднаўленьня малака. Гэта зусім нармальны працэс, як вам узяць і дадаць цукар у гарбату. Я чытаю і наагул ня бачу прэтэнзіяў да беларускага малака.
Там зайшла размова, што парашок там разбаўляецца і прадаецца. Гэта «малочны напой». Ёсьць тэхнічны рэглямэнт, дзе ёсьць выразная трактоўка, што такое адноўленае малако і што такое «малочны напой». Адноўленае малако — гэта менавіта малако, у якое дабаўленая вада і якое даведзена да патрэбнай кандыцыі. Што такое сухое малако — гэта малако, зь якога прыбраная вада. То бок дэ-факта мы атрымліваем ідэнтычны прадукт. І нават вопытны дэгустатар не адрозьніць малако адноўленае ад малака пастэрызаванага з сырога малака. Гэта ў цэлым нармальны прадукт. Ёсьць такое агульнае меркаваньне дыетолягаў, што любая сыравіна, каб яна трапіла на стол максымальна карыснай, яна павінна быць перапрацавана мінімальную колькасьць разоў.
— Але Назарбаеў кажа, што гэтае адноўленае малако прадаюць па тых жа цэнах, як і цэльнае.
— Але якія пытаньні могуць быць да нас адносна цэнаўтварэньня ў Казахстане? Я нават так шырока не агучваў бы, што ў Казахстане так зусім спакойна хто як хоча, так і прадае. Ёсьць сыстэма дзяржаўнага кантролю за якасьцю і бясьпекай прадукцыі, і пры неабходнасьці — за цэнаўтварэньнем. Рынкавая эканоміка — ёсьць попыт і ёсьць прапанова.
— А чаму ў нас ня пішуць, што гэта «малочны напой», як ёсьць кефір і «кефірны прадукт»?
— Кефір гатуецца на кефірных грыбках. А кефірны прадукт вырабляецца на заквасцы, якая блізкая па смаку. Але там дрожджы, а тут закваска. Гэта розныя тэхналягічныя асаблівасьці. Тое самае, малако пітное — гэта гарантавана, што яно зробленае з сырога малака. Гэта ў тэхрэглямэнце прапісана. Тут вытворца гарантуе, што малако сухое ня выкарыстана. На любым пакунку павінна быць пазначана, якія інгрэдыенты выкарыстаныя — малако сырое, малако сухое, адноўленае і гэтак далей. Калі ёсьць і нядобрасумленныя вытворцы, то гэта крымінальная справа. Хто-хто, а нашы беларускія прадпрыемствы тэхрэглямэнт вядуць ад «а» да «я». Занадта дорага нам абыходзіцца, калі ўзьнікае пытаньне вяртаньня і так далей.
— Але ўсё ж — чаму пішуць «малако», а не «малочны прадукт», напрыклад?
Нашы вытворцы не вырабляюць малако з сухога малака
— У Рэспубліцы Беларусь апошнія тры-чатыры гады ня бачыў, каб было напісана «малочны прадукт» альбо «малако адноўленае». З той простай прычыны, што нашы вытворцы не вырабляюць малако з сухога малака. Бо, залежна ад віду прадукцыі, гэта даражэй на 15–20%. Які ідыёт будзе рабіць сабе на страту? У былыя часы, калі ў нас быў вялікі дэфіцыт і была вялікая сэзоннасьць, мы такое выкарыстоўвалі. Але тады не было такой жорсткай градацыі тэрміналёгіі. І тады пісалі, што малако «з выкарыстаньнем сухога малака». Але гэтыя часы для нас скончыліся гадоў 5-6 таму дакладна.
— А што тычыцца масла? Яно 62% тлустасьці, а пішуць, што яно масла.
— Зноў жа, існуюць тэрміналягічныя стандарты, дзе выразна разьмежавана, што адносіцца да масла, які павінен быць працэнт тлустасьці. У Эўропе гэта, як правіла, 82% тлустасьці. У нас ад часоў Савецкага Саюзу гэта 72,5%. І ў нас увесь час было бутэрброднае масла, у якім тлустасьць была больш нізкая. Гэта амаль што з 30-х гадоў, калі нам нібыта масла трэба было многа, а з такой тлустасьцю атрымаць яго было цяжка.
Ёсьць свае нюансы ў гэтым, чыста тэхналягічныя. Але, тым ня менш, ніхто ж не падманвае і нават даволі вялікімі лічбамі пазначае, якое ўтрыманьне тлушчу ў гэтым прадукце, у масьле.
То бок гэта зусім нармальны прадукт, тэхналягічна абгрунтаваны. І як у нас ёсьць малако 1,5% альбо 6% тлустасьці, то чаму ня можа быць масла рознай тлустасьці?
Гэта на спажыўца — кожны выбірае тое, што лічыць магчымым і патрэбным. Бо гэта і розныя смакавыя характарыстыкі. Так, 82% — яно больш шчыльнае, і на бутэрброд горш намазваецца, і гэтак далей. То бок гэта на спажыўца. Але на пакунку выразна пазначана, які гэта менавіта прадукт.
— То бок, вяртаючыся да першага пытаньня: тое, што было сказана, што ў малако шпараць парашок, які потым разводзіцца і прадаецца як цэльнае малако, — гэта не пра нас?
Я лічу, што тут указана, што мы пастаўляем у Казахстан сухое малако, а там яго аднаўляюць і прадаюць
— Вы чытаеце гэтую фразу так, што ў Беларусі нехта разбаўляе парашок і вязе ў Казахстан. А я чытаю гэтую фразу інакш. Ну, няхай там такім неафіцыйным тонам было сказана «шпараць парашок». То бок Беларусь пастаўляе ў Казахстан ці ў Расею сухое малако.
Сухое малако — адзін з самых значных прадуктаў у міжнародным гандлі сярод малочных прадуктаў. Сыр, сухое малако і масла. Усё астатняе практычна не гандлюецца.
Я лічу, што тут указана, што мы пастаўляем у Казахстан сухое малако, а там яго аднаўляюць і прадаюць. Гэта ў кампэтэнцыі нашых партнэраў у Казахстане — рэгуляваць пытаньне цэнаўтварэньня, рабіць нейкую зьніжку ці надбаўку ў гандлі ў выпадку выкарыстаньня малака, вырабленага з сырога малака, ці малака, вырабленага з сухога.
Я не магу ацаніць Казахстан. Але я быў у Банглядэш і ў Віетнаме. Там дэфіцыт, сухое малако — імпартнае, і там малако, вырабленае з сухога малака, лічыцца больш якасным, чым тое, якое вырабляецца мясцовымі фэрмэрамі. Таму тут яшчэ трэба вельмі ўважліва разьбірацца.
Мне здаецца, тут зрабілі з мухі слана. Чамусьці ўсе вырашылі, што вельмі крытычна паставіліся да беларускага малака. Ня бачу ніводнага крытычнага слова ў бок беларускай малочнай прамысловасьці ці беларускага сухога малака.