«Справа прызначаная на разгляд у судзе касацыйнай інстанцыі на 9 гадзінаў 30 хвілінаш у памяшканьні Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь па адрасе: Менск, вул. Леніна, 28», — паведаміў заснавальнік культурна-асьветніцкай установы «Плятформа інавэйшн» у лісьце да віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка.
Міхаіл Жамчужны прызнаны вінаватым у падбухторваньні службовых асобаў да сьвядомага разгалошваньня зьвестак, якія зьяўляюцца службовай таямніцай (пры адсутнасьці прыкметаў шпіянажу), у незаконным набыцьці з мэтаю збыту і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для патаемнага атрыманьня інфармацыі, у спробе даць хабар за атрыманьне інфармацыі.
Пасьля прысуду, абвешчанага 10 ліпеня гэтага году Міхаіл Жамчужны знаходзіцца ў СІЗА № 2 Віцебску. Судовы працэс над ім праходзіў у закрытым рэжыме, таму для праваабаронцаў і грамадзкасьці па-ранейшаму застаюцца нявысьветленымі абставіны крымінальнага перасьледу Міхаіла Жамчужнага. Знаходзячыся пад вартай, сам ён ня можа паведаміць зьвестак, якія б праясьнілі сутнасьць справы, і адвакат ня можа раскрыць абставіны справы, бо даў падпіску пра неразгалошваньне.
Пра палітычную матывацыю затрыманьня і арышту Жамчужнага можа сьведчыць тое, што ўстанову «Плятформа інавэйшн» ён заснаваў разам з Андрэем Бандарэнкам. «Плятформа інавэйшн» займалася абаронай правоў зьняволеных. І затрымалі спадара Жамчужнага неўзабаве пасьля арышту Бандарэнкі, у жніўні 2014 году. Як ён сам удакладняе ў апошнім лісьце, затрыманьне адбылося роўна праз тыдзень пасьля таго, як ён пабыў у судзе над Бандарэнкам.
Міхаіл Жамчужны піша, што прайшоў «юбілей» — год з часу затрыманьня, але ён пачуваецца добра і рыхтуецца да пасяджэньня ў Вярхоўным судзе. На гэтае пасяджэньне ён спадзяецца трапіць асабіста. Нядаўна яму споўнілася 60 гадоў, гэта быў яшчэ адзін юбілей за кратамі.
Што да стану здароўя, то спадар Жамчужны на самаадчуваньне ня скардзіцца, піша пра тое, што стараецца трымацца ў тонусе і спадзяецца «перажыць рэжым, а можа, і яго заснавальніка». Аднак прыгнятае «недаступнасьць інфармацыі пра тое, што робіцца ва Ўкраіне, як трымаюцца кандыдаты на прэзыдэнцкую пасаду». А таксама тое, што турэмная цэнзура не прапускае ягоныя лісты на волю і адказы праваабаронцаў.
Міхаіл Жамчужны, найхутчэй, не спадзяецца на задавальненьне ягонай скаргі Вярхоўным судом, бо піша, што разьлічвае праз пару месяцаў «трапіць на нейкую «зону», дзе будзе магчыма карыстацца тэлефонам, мець доступ да тэлебачаньня ды іншых сродкаў масавай інфармацыі. Таксама, спадзяецца заснавальнік «Плятформы», адтуль можна будзе паведаміць хоць якія зьвесткі пра акалічнасьці свае справы. На ягоную думку, ён трапіў у шэраг палітзьняволеных, бо бараніў правы людзей, безабаронных перад дзяржаўнай сыстэмай.