Прэсавая канфэрэнцыя лідэраў беларускай апазыцыі, якія не падтрымліваюць кандыдатуру Т.Караткевіч — М.Статкевіча, У. Някляева, А. Лябедзькі і П. Севярынца, стала знакам кансалідацыі гэтай плыні айчыннай палітычнай думкі. У наяўнасьці арганізацыйнае адзінства, адзіны плян і адзіны лідэр — Мікалай Статкевіч.
Калі вельмі коратка, то плян такі — дамагацца перавыбараў, ігнараваць афіцыйныя выбары. З заяваў самога Статкевіча вынікае, што ён асабіста не выключае і Плошчы, як спосабу дасягненьня пастаўленай мэты.
Пытаньне палягае ў тым, наколькі шырокую і рашучую грамадзкую падтрымку атрымае гэты плян, абнародаваны на прэсавай канфэрэнцыі 28 жніўня.
Фактычна галоўным абвінавачваньнем на адрас афіцыйных выбараў зьяўляецца тое, што ў іх ня ўдзельнічае Мікалай Статкевіч. Для народу, ды і ня толькі для яго, невідавочна, што Някляеву, Мілінкевічу, Севярынцу нехта перашкаджаў балятавацца, а Лябедзьку і Калякіну — сабраць належную колькасьць подпісаў. Варта заўважыць, што чыста юрыдычныя аргумэнты не занадта моцна матывуюць народныя масы. Адсутнасьць свабодных і справядлівых выбараў — ня той дэфіцыт, які спараджае масавы пратэст.
Не далі ўдзельнічаць у выбарах сапраўднаму лідэру, выразьніку народных спадзяваньняў, народнаму герою і заступніку — гэта куды цяплей. Але ўзьнікае пытаньне — ці многія беларусы разглядалі і разглядаюць Мікалая Статкевіча ў такой якасьці? Прынамсі, сацыялягічныя дадзеныя сьведчаць аб тым, што нямногія. Праўда, згодна з чэрвеньскім апытаньнем НІСЭПД тагачасны палітвязень (гл. табліцу 2) апынуўся на другім месцы пасьля дзеючага прэзыдэнта, але 6.5% рэйтынгу, як уяўляецца, недастатковая велічыня для факусоўкі магутнай кампаніі народнага пратэсту.
Цяпер, праўда, жнівень, а ня чэрвень, Статкевіч выйшаў з турмы, зрабіў некалькі важных заяваў, здолеў літаральна за некалькі дзён сфармаваць кааліцыю са значных фігураў апазыцыі, якія да яго вызваленьня асаблівага імкненьня аб’ядноўвацца не дэманстравалі. Усё гэта можа прыцягнуць да палітыка дадатковыя сымпатыі. Аднак ад сымпатый да дзеяньня шлях ня вельмі кароткі.
Дарэчы, калі прымяраць да Статкевіча ролі Нэльсана Мандэлы і Вацлава Гаўла, то, выносячы за дужкі параўнаньне асобаў і палітыкаў, варта сказаць, што сытуацыі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы і ў Чэхаславаччыне, якія вынесьлі Мандэлу і Гаўла на вяршыню ўлады, былі іншымі, чым у Беларусі цяпер. Не Мандэла прымусіў улады ПАР дэмантажаваць сыстэму апартэіду, ня Гавэл вывеў сотні тысяч людзей на плошчы гарадоў камуністычнай Чэхаславаччыны. Мандэла і Гавэл бліскуча скарысталіся сытуацыяй, але спарадзілі яе не яны і не сымпатыі да іх. А якой сытуацыяй у Беларусі можа скарыстацца Статкевіч?
Эканамічным крызісам? Крызіс у наяўнасьці, але ці канвэртуецца ён у пратэст і, тым больш, у пратэст за Статкевіча? Крызіс, мяркуючы па ўсім, сусьветны, што яшчэ больш абцяжарвае канвэртаваньне — беларускі рубель упаў, так і тэнге ўпаў, і юань упаў, і сусьветныя біржы ўпалі. Худы год на Зямлю прыйшоў. Каго вінаваціць? Лукашэнку? Абаму? Лёс? Цыклічнасьць капіталістычнай эканомікі? Неадназначнасьць адказаў спараджае і неадназначнасьць магчымых рэакцый.
Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі шмат увагі надавалі вонкаваму непрызнаньню выбараў. Напрыклад, на думку Някляева, пакуль правы Статкевіча, у тым ліку і магчымасьць абірацца, не адновяць, «ніякія выбары ня могуць быць законнымі, і тым больш — прызнанымі заходнімі дэмакратычнымі краінамі».
Гэта выглядае незвычайна сьмелай гіпотэзай, асабліва ў сьвятле прайшоўшай незаўважанай заявы кіраўніка групы назіральнікаў АБСЭ Жака Фора. На пытаньне, ці зьбіраюцца чальцы групы сустракацца са Статкевічам, ён адказаў — так, у выпадку калі ён будзе ўдзельнічаць у выбарчым працэсе, скажам, у якасьці даверанай асобы. Такім чынам, назіральнікі АБСЭ ня лічаць, што нерэгістрацыя Статкевіча ўжо робіць выбары незаконнымі. Яны могуць прызнаць выбары справядлівымі ці ня надта, але няўдзел у іх Статкевіча ў якасьці кандыдата ня толькі не вызначае ацэнку, але і ня моцна на яе ўплывае.
«Мы шчыльна працуем зь міжнароднай супольнасьцю — калі цяпер не правесьці працу па делегітымізацыі вынікаў выбараў, то Лукашэнка ўпершыню стане легітымным прэзыдэнтам пасьля 1996 году», — заявіў Анатоль Лябедзька.
У інтэрвію Радыё Свабода Статкевіч заявіў, што для яго адной з галоўных, калі ня самай галоўнай, мэтай Плошчы-2010 было забесьпячэньне непрызнаньня выбараў. Паводле яго, мэтай і гіпатэтычнай Плошчы-2015 зьяўляецца менавіта гэта.
Але што такое прызнаньне выбараў, што такое міжнародная легітымнасьць? Каму паслы заходніх краінаў і амбасадар ЭЗ уручалі даверчыя граматы і да выбараў 2010 году, і пасьля іх? Па чыім запрашэньні сёлета ў лютым канцлер ФРГ Мэркэль і прэзыдэнт Францыі Алянд прыяжджалі ў Менск на перамовы па Ўкраіне? Чамусьці ўручаюць граматы Лукашэнку, прыяжджалі па запрашэньні ягоным жа. Дык хіба гэта не прызнаньне легітымнасьці?
А як там, дарэчы, зь міжнароднай легітымнасьцю прэзыдэнта Казахстану Назарбаева пасьля сёлетніх выбараў з цудоўным вынікам у 98%? А ўсё ў парадку ў яго зь ёй. І ў Пуціна, дарэчы, у парадку. Так, Пуцін (як і Лукашэнка) пад візавымі санкцыямі, але візавыя санкцыі не эквівалентныя непрызнаньню.
Так, ёсьць нейкія тонкасьці, дэталі дыпляматычнага рытуалу, якія зьяўляюцца наступствамі той ці іншай ацэнкі выбараў. Невыпадкова беларуская ўлада зацікаўленая ў станоўчых ацэнках. Але наколькі яна зацікаўленая ў такіх ацэнках і якіх ахвяраў вартае дасягненьне адмоўных, якія ўплываюць толькі на згаданыя тонкасьці рытуалу?
Не, калі пратэсты ахопяць усю Беларусь, улада захістаецца, то Захад, зразумела, кідацца на выратаваньне Лукашэнкі ня будзе. Тады, магчыма, і згадаюць, нароўні зь іншым, што поўнага прызнаньня выбараў 2010 году не было. Гэта, зрэшты, ня моцна на нешта ўплывае. Улада Бакіева мела ў 2010 годзе сумнеўную з пункту гледжаньня Захаду легітымнасьць, законнасьць улады прэзыдэнта Эгіпту Мурсі ў 2013 годзе і прэзыдэнта Ўкраіны Януковіча ў 2014 сумневаў у Захаду не выклікала. Мурсі і Януковічу прызнаньне не дапамагло, няпоўнае прызнаньне прычынай паразы Бакіева ня стала. Нават у сытуацыі з Кадафі прычынай міжнароднага ўмяшаньня была не прырода яго ўлады, а ў першую чаргу спосаб абыходжаньня з паўсталым народам.
Гэта значыць, парадак менавіта такі: калі ў нейкай краіне адбываецца канфлікт, крызіс улады, тады міжнародны статус кіроўнага рэжыму мае некаторае значэньне ў фармаваньні адносінаў Захаду да гэтага крызісу. Уяўленьне, што Захад будзе ствараць гэты крызіс на падставе сваіх ацэнак тамтэйшай улады, выглядае крыху наіўным.
Калі кааліцыя на чале са Статкевічам здолее падняць беларускае грамадзтва на масавы пратэст, Захад, хутчэй за ўсё, паглядзіць на гэта прыхільна. На плян зладзіць такі пратэст, хутчэй за ўсё, не паглядзіць ніяк.
Для ацэнкі гіпатэтычнай эфэктыўнасьці кампаніі, заяўленай Статкевічам і яго саюзьнікамі, варта згадаць і іншую лінію, іншы шлях, які абрала іншая частка апазыцыі. Я маю на ўвазе Тацьцяну Караткевіч і яе каманду. Цікавым чынам улада і Статкевіч разам зь яго паплечнікамі рознымі спосабамі імкнуцца «разжалаваць» яе з апазыцыі. Чаму? А таму што выбары, незалежна ад іх характару, гэта поўнае нечаканасьцяў рандэву палітычных актывістаў і наогул палітызаванай публікі з народам. Пад палітызаванай публікай я маю на ўвазе прыхільнікаў ня толькі апазыцыі, але і актыўных прыхільнікаў улады з артыкуляванымі палітычнымі поглядамі. Пераважная частка народу палітыкай звычайна не цікавіцца, але гэта ня значыць, што ніякіх палітычных уяўленьняў у гэтых людзей няма. Проста яны іншыя, значна менш выразныя, менш абумоўленыя ўласна палітычнымі матывамі.
Чаму экспэрты заўсёды раяць апазыцыі ва ўсіх краінах аб’ядноўвацца? Акрамя ўсяго іншага, з улікам асаблівасьцяў электаральных паводзінаў непалітызаваных масаў. Калі ў бюлетэні два ці больш імёнаў апазыцыянэраў, галасы ня толькі раскладваюцца паміж імі, іх у суме атрымліваецца менш, чым было б за аднаго, таму што выбар для простага выбаршчыка цяжкі, і каб пазьбегнуць гэтай цяжкасьці, ён часта прагаласуе за звыклае.
А Караткевіч у бюлетэні ад апазыцыі будзе адна. Ці адзіная. Аўтара гэтых радкоў адэпты апазыцыйнай чысьціні папракалі ў шкодным зьмяшаньні гэтых важных паняцьцяў. Але яны на самой справе будуць зьмяшаныя не ў маім, а ў масавым разуменьні. Масавы беларус пра палітыку ведае, што ёсьць Лукашэнка, што ёсьць такая апазыцыя, зь вялікай напругай прыгадае пару імёнаў. Нагадаюць пра Статкевіча — скажа, а, так, ёсьць такі, чуў. І забудзе праз хвіліну.
І вось прыходзіць такі беларус або беларуска на выбарчы ўчастак і разважае: «Нешта „бацька“ ўсё ж ня тое робіць. Заробак стаў зусім сьлёзы, дэвальвацыі адна за адной, пазвальнялі колькі, глядзіш, і мяне. Ну, і хто там ёсьць? Гэтыя нешта наагул ніякія. Ні пра што. Ага, вось баба. Нешта яна там супраць уладаў казала. І не за Майдан. Не хапала яшчэ кроў нам ліць. А вось і прагаласую за яе, „бацька“ як быў „бацькам“, так і застанецца, ясная справа, але „солі яму на хвост“ насыпаць варта».
Такім можа быць палітыка-псыхалягічны мэханізм галасаваньня не традыцыйнага апазыцыйнага электарату, а масавага пратэстнага галасаваньня людзей, для якіх Караткевіч і Статкевіч на самой справе на адзін твар, якія раззлаваныя крызісам дастаткова, каб выказаць свой пратэст галасаваньнем за альтэрнатыву, але недастаткова, каб змагацца за справядлівыя выбары, практыкаваць «ігнор» і тым больш выходзіць на плошчу.
Менавіта гэты мэханізм і хочуць разбурыць і Ярмошына сваёй нібыта нязграбнай «абаронай» Караткевіч ад альтэрнатыўнай праверкі подпісаў і «заклятыя сябры» Караткевіч па апазыцыі. Калі атрымаецца ў вачах і апазыцыйнага, і галоўнае — масава незадаволенага электарату — зрабіць яе неадрознай ад Гайдукевіча, Цярэшчанкі і Ўлаховіча, то эфэкт «адной-адзінай» зьнікне або прынамсі зьменшыцца. Можа і атрымаецца — да задавальненьня як Лукашэнкі, так і Статкевіча.
А калі не, то што гэта дасьць? Сыстэма падліку галасоў у нас своеасаблівая — скажа чытач. Ну, ёсьць апытаньні, а галоўнае — ёсьць народная пагалоска, меркаваньне народнае. Чалавек наогул — гуртавая жывёла. А любыя гуртавыя жывёлы — малпы, ваўкі, людзі — умеюць адчуваць агульны настрой гурту, зграі.
Так што калі мэханізм масавага пратэстнага галасаваньня спрацуе, то ў Беларусі зьявіцца новы палітык зь вельмі значнай, прычым «сьвежай», народнай падтрымкай. А ў чым сіла палітыка, як ня ў гэтым? Ужо ў што потым здолее гэтую падтрымку канвэртаваць Караткевіч — гэта іншае пытаньне. Але вышэй я казаў пра магчымасьці, якімі ў свой час скарысталіся Мандэла і Гавэл. Нечакана вялікі вынік на выбарах — гэта магчымасьць.
Сцэнары сфармаваліся і выразна сфармуляваныя. Тацьцяны Караткевіч і Міколы Статкевіча. Ну і Аляксандра Лукашэнкі, зразумела.
Перадрук з парталу TUT.BY