Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантраляваць праверку подпісаў за кандыдатаў апазыцыя ня зможа


Збор подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў на ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Менск, 15 жніўня 2015 году
Збор подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў на ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Менск, 15 жніўня 2015 году

Ад суботы 22 жніўня ў выбарчай кампаніі-2015 пачынаецца новы этап: праверка сапраўднасьці подпісаў, якія сабралі ў сваю падтрымку патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта. На гэтую справу тэрытарыяльным камісіям даецца 10 каляндарных дзён. Трэба будзе праверыць падпісныя лісты за Сяргея Гайдукевіча, Тацяну Караткевіч, Аляксандра Лукашэнку, Мікалая Ўлаховіча і Віктара Цярэшчанку. Каманды гэтых прэтэндэнтаў публічна заявілі. што яны сабралі неабходны мінімум для рэгістрацыі — 100 тысяч подпісаў.

Так званая выбракоўка, то бок, адсеў несапраўдных подпісаў, бывае рознай па колькасьці. Так, Сяргей Калякін згадвае, што на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году яго каманда здала на праверку каля 120 тысяч подпісаў. Аднак паводле вынікаў праверкі, сапраўднымі аб’явілі толькі 98 тысяч. З-за гэтага прозьвішча Калякіна і адсутнічала ў бюлетэнях на тых выбарах.

Экспэрты цьвердзяць, што найбольш лібэральна да якасьці подпісаў ставіліся на выбарах 2010 году. Тады ўлады хацелі паказаць, што ў краіне нібыта праводзіцца працэс лібэралізацыі. У выніку ў бюлетэні трапіла аж 10 прозьвішчаў.

Пра тэхналёгію падробкі подпісаў Свабодзе распавёў дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Павал Знавец:

Павал Знавец
Павал Знавец

«Подпісы для гэтых цярэшчанак часам перапісваюць самі камісіі. Ёсьць факт, калі перапісвалі подпісы для Гайдукевіча. Гэты факт я злавіў асабіста.

Былі выбары 2006 году. Я зайшоў у выканкам Маскоўскага раёну Менску, каб заверыць подпісы, якія зьбіраліся за Казуліна і Мілінкевіча. Быў абедзенны перапынак. Я зайшоў у пакой, дзе стаяў даўгі стол, як на вясельлі. І каля яго мітусіліся чалавек 12. Нешта там пішуць, пішуць. А я ўвайшоў ціхенька і стаю, чакаю. Яны мяне не бачаць. І з падпісных лістоў Лукашэнкі перапісваюць прозьвішчы ў падпісныя лісты Гайдукевіча. Мне гэта добра бачна было.

Яны спачатку не зьвярнулі на мяне ўвагі. Мабыць, падумалі, што гэта нейкі іхны хлапец зайшоў. Я ім кажу: як жа вам не сорамна? Яны мяне адразу адтуль выгналі».

Дарэчы, Павал Знавец лічыць, што ў выбарчых бюлетэнях абавязкова будуць два прозьвішчы — Аляксандра Лукашэнкі і Тацяны Караткевіч. Караткевіч патрэбная, каб паказаць Захаду, што і апазыцыя ўдзельнічае ў выбарах. А што тычыцца Гайдукевіча, Улаховіча і Цярэшчанкі, то іх могуць пакінуць альбо ўсіх, альбо аднаго кагосьці не прапусьціць на апошні этап.

Пераканацца ў тым, наколькі праўдзіва тэрытарыяльныя камісіі будуць правяраць подпісы, апазыцыя ня зможа. 93,5% гэтых структураў, паводле дадзеных кампаніі «Права выбару — 2015», ня маюць у сваім складзе апазыцыянэраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG