Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хочаце купіць — калі ласка. Выганяць з майго дома гвалтоўна — ня маеце права» — менчукі кажуць, што іх зносяць незаконна


Горад павінен разьвівацца — так тлумачаць гарадзкія ўлады намер зьнесьці 11,2 га прыватнага сэктару ў Сельгаспасёлку. Але чаму дзеля разьвіцьця гораду людзі мусяць зьяжджаць зь месцаў, дзе яны пражылі 60 год? Чаму за дамы ў цэнтры гораду выплачваюць толькі 500 даляраў за кв. м? Жыхары Сельгаспасёлку так і не атрымалі адказаў на гэтыя пытаньні.

Тэрміны зносу ўжо выйшлі

Частку Сельгаспасёлку паміж вуліцамі Багдановіча, Бяды і Тыражнай зьнясуць ужо ў 2017 годзе — сьцьвярджаюць чыноўнікі. А да гэтага часу з жыхарамі павінны дамовіцца аб высяленьні. Пра захаваньне пасёлку гаворкі ня йдзе.

У гэтым, аднак, сумняюцца мясцовыя жыхары. Пляны наконт зносу яны называюць супрацьзаконнымі. У пацьверджаньне прыводзяць цэлы сьпіс парушаных законаў і ўказаў.

Перш за ўсё, ужо выйшлі ўсе тэрміны, якія заканадаўства адводзіць на прадстаўленьне праекту і знос пасёлку. 8 кастрычніка 2013 году прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Гарызонтпраекбуд» атрымала правы на забудову часткі Сельгаспасёлку.

Згодна з указам прэзыдэнта № 667 цягам аднаго году павінен быць прадстаўлены праект забудовы і цягам двух гадоў — зьнесены ўвесь пляц. Двухгадовы тэрмін заканчваецца ўжо праз два месяцы, а нават плян забудовы так і не прадстаўлены.

Пра тое, што забудоўшчыка могуць зьмяніць, на сходзе з жыхарамі 4 жніўня сказаў і Павал Лучыновіч, старшыня Камітэту архітэктуры і будаўніцтва Менгарвыканкаму.

«Мы над гэтым працуем. Калі не „Гарызонтпраектбуд“, будзе гарадзкі УКС», — сказаў ён.

Эканамічнага абгрунтаваньня ніхто ня бачыў

Пытаньне з тэрмінам — тэхнічнае. Жыхары Сельгаспасёлку дамагаюцца ад уладаў абгрунтаваньня зносу. На сустрэчы з жыхарамі Аляксандар Акенцьеў, галоўны архітэктар «Мінскграда», запэўніваў жыхароў пасёлку, што іхні раён неабходны для разьвіцьця гораду.

Архітэктар тлумачыць, што вуліца Багдановіча фармуецца як галоўны сталічны праспэкт, і гэта робіць яе зонай высокай горадабудаўнічай каштоўнасьці. Тэрыторыі на 400 мэтраў углыб ад праспэктаў маюць інвэстыцыйны інтарэс, а таму захоўваць сядзібную забудову там немэтазгодна.

«Любы пляц у Менску можа атрымаць высокую эканамічную каштоўнасьць, — кажа Вольга Дэйнэкіна, жыхарка Сельгаспасёлку і сябра ініцыятыўнай групы. — Калі забудоўшчык захоча нейкі кавалак, ён прыйдзе да чыноўніка, і гэты кавалак „зьменіць колер“ на каштоўны».

У чым заключаецца эканамічнае абгрунтаваньне, яна так і не змагла даведацца. Гэтых дакумэнтаў Дэйнэкіна не атрымала нават праз суд.

«Цяпер прыкрываюцца будаўніцтвам мэтро, — кажа Дэйнэкіна. — Але ж навошта весьці мэтро ў зону нізкай шчыльнасьці забудовы? Аказваецца, за кошт забудаванага пасёлку зьбіраюцца забясьпечыць пасажырапаток. Замест таго каб вырашыць транспартныя праблемы ў іншых раёнах, іх штучна ствараюць тут».

Мы пабачылі дэманстрацыю ўладнай структуры, але не дыялёг

Атрымліваючы адпіскі зь Менгарвыканкаму без адказаў на свае пытаньні, ініцыятыўная група Сельгаспасёлку напісала зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта. Неўзабаве жыхары атрымалі адказ: адбудзецца сустрэча з прадстаўнікамі ўлады.

Такіх сустрэч прайшло нават дзьве, але ніводная не праясьніла пытаньняў, якія маюць жыхары. Усе ахвотныя нават не змаглі на іх трапіць. Ведаючы, што на сход 4 жніўня прыйдзе шмат людзей, за тры дні папярэдзілі адміністрацыю, каб было прадугледжана месца прынамсі на 500 чалавек. Бо зарэгістравалася 438. Але ўсё адно сход правялі ў актавай залі школы на 200 чалавек.

«Мы пабачылі дэманстрацыю ўладнай структуры, але не дыялёг, — кажа Дэйнэкіна. — На ніводнае пытаньне нам не адказалі. У нас жа ёсьць падставы меркаваць, што ўсё гэта глыбока супрацьзаконна і не адпавядае асноўным законам Беларусі».

Выслухаўшы прэтэнзіі жыхароў, Павал Лучыновіч прапанаваў правесьці ў Сельгаспасёлку дэталёвае анкетаваньне. Ён прывёў прыклад сваёй сустрэчы з жыхарамі вуліцы Чыгуначнай, чые дамы кіраўніцтва гораду вырашыла ня зносіць.

У аб’ектыўнасьці вынікаў анкетаваньня, аднак, прысутныя на сходзе 4 жніўня сталі сумнявацца.

«Мяне ўжо адзін раз падманулі на рэфэрэндуме», — сказаў мужчына, які дачакаўся мікрафону.

«Без камэнтароў», — адказаў на гэта Лучыновіч.

Негенэральны плян

Чыноўнікі спасылаюцца на Генэральны плян Менску, які прадугледжвае знос прыватнага сэктару. Кажуць, што ў новым генпляне знос плянуецца яшчэ меншы, чым у папярэднім.

Па словах жа жыхароў, генэральны плян — рэч вельмі няпэўная. Адзін з жыхароў пасёлку прадаў кватэру на вуліцы Фрунзэ, што йдзе ўздоўж парку Горкага, і набыў дом на завулку Тыражным. Перад гэтым, у 2003 годзе, ён рабіў запыт у Камітэт архітэктуры й будаўніцтва, дзе яму сказалі што абраны ім пляц уваходзіць у зону захаваньня.

А калі ў 2007 годзе ён захацеў правесьці рэканструкцыю свайго дома, то выявілася, што гэты пляц ужо ідзе пад знос і рэканструкцыю на ім рабіць не дазваляецца.

«Дык чаго варты ваш генэральны плян, калі я не магу плянаваць сваё жыцьцё на 20 год? — абураўся мужчына. — І зараз вы кажаце, як будзеце ацэньваць маё жыльлё, куды я паеду. Вы прыйшлі і пытаеце, ці прадаецца. А я не прадаю, я нікуды не хачу адсюль зьяжджаць».

Лучыновіч тады стаў расказваць, што шмат у якіх раёнах прыватны сэктар захоўваецца. А на пытаньне пра зьменлівасьць генпляну адказаў:

«Навошта вы кватэру на Фрунзэ прадалі? Я б кватэру на Фрунзэ не прадаваў».

Ваш пляц забіраем, а іншых пляцоў для вас няма

Калі нават пасёлак будуць зносіць, застаецца пытаньне кампэнсацыі. Якім чынам яна будзе праводзіцца, людзі дагэтуль ня ведаюць.

Улады кажуць жыхарам: дамаўляйцеся з забудоўшчыкамі самі. Варыянтаў кампэнсацыі ва ўказе № 58 некалькі — гэта атрыманьне кватэры спажывецкіх якасьцяў, грашовая кампэнсацыя, атрыманьне раўназначнага дома.

Большасьць жыхароў пасёлку, што вырасьлі ў прыватным сэктары, хацелі б, калі іншага выйсьця ня будзе, пераехаць таксама ў асобныя дамы. Але такі варыянт «Гарызонтпраектбуд» не прапаноўвае, бо ў Менску «няма аб’ектыўнай мажлівасьці».

У той жа час выдзяленьне пляцоў пад прыватную забудову ў Менску працягваецца: у заходняй частцы Сельгаспасёлку, каля Цнянскага й Драздоўскага вадасховішчаў. А жыхарам, чые пляцы забіраюць, атрымаць пляц немагчыма.

«Хоць яшчэ ў 2009 годзе ўказам прэзыдэнта № 231 была прадугледжана рэзэрвацыя зямельных пляцоў для адсяленьня жыхароў, — кажа Дэйнэкіна. — Але Менгарвыканкам для гэтага ня бачыць «аб’ектыўнай мажлівасьці».

Не выдаюць пляцоў пад будоўлю і ў Менскім раёне. Менгарвыканкам штораз робіць запыты, але з адміністрацыі раёну прыходзяць адказы, што вольных пляцоў няма. Тым часам аўкцыёны па продажы пляцоў у Менскім раёне ладзіліся не адзін раз.

«Колькі ўжо выпадкаў, калі людзей высялялі ў кватэру, а яны яе прадавалі і набывалі дамы тут побач, — кажа Дэйнэкіна.

Нам неабходная рэформа ў дзяржаўнай структуры

Ні атрымаць новы пляц, ні прадаць кватэру па рынкавым кошце нельга. Праектны інстытут Белгіпразем ацаніў 1 кв. м у Сельгаспасёлку ў 500 даляраў, у той час як рынкавыя кошты кватэр, калі купляць іх на другасным рынку, перавышаюць 1000 даляраў за кв.м. А ўрадлівую глебу ўвогуле загадалі перадаць у «Менскзеленбуд».

«Але ж гэта мая ўласнасьць, — кажа Дэйнэкіна. — Хто, як ня я, магу вызначыць кошт свайго дома? Хочаце ў мяне купіць — прыходзьце, дамовімся наконт кошту. Але гвалтоўна выганяць мяне з маёй уласнасьці вы ня маеце права».

Жыхары Сельгаспасёлку называюць сытуацыю са зносам сапраўдным беззаконьнем. Але здавацца не зьбіраюцца.

«У нас вялікая ініцыятыўная група, і заканадаўства на нашым баку на 100%, — кажа Дэйнэкіна. — Мы будзем дабівацца свайго».

Яна спадзяецца ўнесьці таксама зьмены ў заканадаўства і прывесьці яго ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй.

«І яшчэ я ўпэўнілася ў тым, што нам неабходная рэформа ў дзяржаўнай структуры, дзе сёньня працуе шмат некампэтэнтных людзей, якія не адпавядаюць сваім пасадам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG