Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэгіструюцца дзівакі — гэта сьведчыць, што ў грамадзтве паменела страху», — Панкавец


Ці можа стаць цяперашні «парад незвычайных кандыдатаў» фонам для ўсёй прэзыдэнцкай кампані альбо гэта толькі эпізод, які забудзецца празь некалькі дзён? Ці дае колькасьць ініцыятыўных групаў падставы меркаваць, хто здолее сабраць сто тысяч подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць намесьнік рэдктара газэты «Наша ніва» Зьміцер Панкавец і палітоляг Юры Чавусаў.

Цыганкоў: За апошнія дні падачы заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў адбыўся парад патэнцыйных кандыдатаў. Прэса накінулася і сакавіта апісвае матывы і біяграфію кожнага з тых, хто падаў дакумэнты ў ЦВК. Ці стане гэта заўважным фонам для ўсёй кампаніі ці застанецца эпізодам, які забудзецца празь некалькі дзён?

Зьміцер Панкавец
Зьміцер Панкавец

Панкавец: Я думаю, што пасьля рэгістрацыі і збору подпісаў застануцца 3-4 кандыдаты, максымум 5. Тое, што рэгіструюцца дзівакі, гарадзкія вар’яты — сьведчыць, што цяпер у грамадзтве ня надта высокі ўзровень страху. Бо калі ў 2006 годзе напярэдадні выбараў саджалі палітактывістаў, адбываліся арышты, ператрусы — то такіх кандыдатаў-фрыкаў не было. Калі вольнай атмасфэры становіцца крышачку больш — тады яны зьяўляюцца, гэта прыкмета таго, што страху крыху паменела.

Цыганкоў: А вы не разглядаеце вэрсію, што гэта праект улады, каб яшчэ больш сапсаваць уражаньне пра праціўнікаў Лукашэнкі?

Панкавец: Калі б іх вылучала ўлада — то іх бы актыўней раскручвалі ў СМІ, давалі б ім слова — маўляў, глядзіце, якая гэта апазыцыя. І навошта ўладзе рабіць нейкіх дадатковых спарынг-партнэраў, калі ў іх заўсёды ёсьць Гайдукевіч і Цярэшчанка?

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

Чавусаў: Мне здаецца, гэта толькі эпізод, які выкліканы тымі даволі простымі патрабаваньнямі, якія вылучае беларускае заканадаўства для падачы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Так што нават тыя, хто ня мае неабходных ста чалавек, падалі на рэгістрацыю. Для некаторых людзей гэта магчымасць прэзэнтавацца ў статусе калі не кандыдата, то прэтэндэнта на кандыдата. Напрыклад, спадар Рыжкоў у сваіх інтэрнэт-допісах вельмі доўга карыстаўся гэтым стасусам.

Я б ня стаў надаваць вялікае значэньне гэтаму факту, бо і раней дастакова шмат ініцыятыўных групаў падавалі на рэгістрацыю. Мне нават здаецца, што цяпер колькасьць зарэгістраваных групаў будзе меншая, чым на папярэдніх выбарах.

Цыганкоў: Калі разглядаць патэнцыйна сур’ёзных кандыдатаў, то ў групе Тацяны Караткевіч каля 1700 чалавек, у Сяргея Калякіна —1500, Анатоля Лябедзькі — тысяча. Ці дае колькасьць ініцыятыўнай групы нам падставы казаць, што сабраць сто тысяч подпісаў для рэгістрацыі будзе ня так і складана?

Панкавец: Думаю, ва ўсіх трох апазцыйных кандыдатаў рэсурсаў хапае, каб сабраць неабходныя сто тысячаў. У прынцыпе, даволі сьціплыя лічбы колькасьці ініцыятыўных групаў яшчэ не гавораць, што апазыцыі ня ўдасца разварушыць людзей. У 2010 годзе таксама адпачатку здавалася, што атмасфэра вельмі неспрыяльная для апазыцыі. Але ёй удалося мабілізаваць вялізную колькасьць людзей — і падчас збору подпісаў, і пасьля на Плошчы.

Чавусаў: Збор подпісаў — дастакова складаная рэч. Але ёсьць прафэсійныя зборшчыкі, якія зьбіраюць па 2-3 тысячы подпісаў, і зараз заканадаўства дазваляе аплачваць такую працу. Колькі такіх «профі» ў ініцыятыўных групах — мы пабачым, калі будуць апублікаваныя сьпісы. Зь іншага боку, сама колькасьць сябраў ініцыятыўнай групы псыхалягічна даволі важная рыса, якая дазваляе адсеяць несур’ёзных кандыдатаў.

Я чакаў, што сёлета колькасьць ініцыятыўных групаў будзе меншая за папярэднія выбары. Бо тут спрацоўваюць два чыньнікі. Першы — зараз у адпаведнасьці з новымі папраўкамі ў Выбарчы Кодэкс трэба ўносіць ня толькі прозьвічша і месца жыхарства, але і пашпартныя дадзеныя. Гэта прымусіла некаторыя партыі перагледзець свае старыя сьпісы. Другі чыньнік — у 2010 годзе ЦВК раптоўна вырашыў апублікаваць сьпісы ініціятыўных групаў, і гэта таксама спарадзіла пэўныя складанасьці. Урэшце, апазыцыя з гэтымі выкілкамі справілася, і ініцыятыўныя групы выглядаюць дастакова моцнымі.

Цыганкоў: Сярод апазыцыйнай, палітычна актыўнай публікі як ніколі папулярныя ідэі няўдзелу. Паводле вашых назіраньняў, ці можа гэта паўплываць на збор подпісаў, бо многія актывісты выступаюць за байкот ці запісаныя ў ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча?

Панкавец: Кожныя выбары ёсьць такія групы ці партыі, якія заяўляюць пра байкот. Думаю, і цяпер гэта ўсё ў рамках дапушчальнага. Пытаньне хутчэй у нявер’і людзей у прэзыдэнцкія выбары, што яны могуць нешта зьмяніць. Гэта будзе ствараць пэўныя праблемы пры зборы подпісаў, тым больш што ўсё гэта будзе адбываца летам.

Чавусаў: Відавочна, што сярод дэмакратычнага актыву ідэі байкоту больш папулярныя, чым раней. Іншая справа, наколькі гэтыя ідэі будуць рэтрансьляваныя ў шырокае грамадзтва. За байкот можна паставіць лайк у Фэйсбуку, але выйсьці з улёткамі за байкот на вуліцы, пад страхам адміністратыўнага пакараньня — зусім іншая справа.

Сапраўды, цікавая роля, якую будзе адыгрываць ініцыятыўная група Міколы Статкевіча, куды запісалася шмат прыхільнікаў байкоту. Будзе цікава паглядзець, якія дзеяньні будуць з боку гэтай групы пасьля прадказальнай адмовы ў рэгістрацыі ў ЦВК — гэта адна з інтрыгаў гэтай кампаніі.

Урэшце, значную частку насельніцтва сама наяўнасьць выбарчай кампанія так ці іначай закране. Зьмест гэтай выбарчай кампаніі будуць вызначаць тыя некалькі сур’ёзных кандыдатаў, якія будуць здольныя сабраць сто тысячаў. А тыя кандыдаты-фрыкі, пра якіх мы пачалі размаўляць —даволі хутка забудуцца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG