Паводле афіцыйнай інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі, а 18:50 у ЦВК «прадстаўлены дакумэнты аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па зборы подпісаў выбарцаў па вылучэньні Ўлаховіча Мікалая Дзьмітрыевіча кандыдатам на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік ініцыятыўнай групы — Міхаіл Образаў». У ягонай групе больш за 1000 чалавек.
Мікалай Улаховіч — старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, кіраўнік Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае казацтва», арганізацыі, якая падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. Улаховіч — былы вайсковец, выйшаў у запас у званьні палкоўніка. Цяпер працуе ў Менскім абласным спажывецкім саюзе.
У 19:00 наваполацкі фатограф Аляксандар Юдаеў таксама падаў дакумэнты аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы. У ягонай групе 108 чалавек. Кіраўнік групы — Тацяна Бурая.
Спадар Юдаеў скончыў Акадэмію мастацтваў, некалі працаваў фотакарэспандэнтам у газэце «Весьнік Нафтана», цяпер працуе ў наваполацкім Палацы культуры. Шматдзетны бацька, мае чацьвёра дзяцей. Ні да якіх палітычных партыяў і рухаў не належыць. Кажа, што адносіны з Расеяй павінны заставацца ў прыярытэце. Абураецца «навязваньнем эўрапейскіх каштоўнасьцяў». У інтэрвію «Народнай Волі» за 17 ліпеня заявіў, што гарантуе недатыкальнасьць Аляксандру Лукашэнку і гатовы прапанаваць яму пасаду прэм’ер-міністра. Калі стане прэзыдэнтам, паабяцаў «зладзіць усеагульны карнавал».
Такім чынам, ахвочых стаць прэзыдэнтам набралася 14 чалавек. У парадку паступленьня заяваў:
- Аляксандар Лукашэнка,
- Сяргей Калякін,
- Сяргей Гайдукевіч,
- Андрэй Канавец,
- Тацяна Караткевіч,
- Анатоль Лябедзька,
- Мікалай Статкевіч,
- Жанна Раманоўская,
- Ірына Першына,
- Сяргей Заблоцкі,
- Тамара Бірукова,
- Віктар Цярэшчанка,
- Мікалай Улаховіч і
Аляксандар Юдаеў.
Наступнае паседжаньне ЦВК — 20 ліпеня.