Кіраўніца ініцыятыўнай групы па вылучэньні Ірыны Першынай — Марыя Храмцова распавяла Радыё Свабода пра пляны на прэзыдэнцкую кампанію.
Дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы 36-гадовага спэцыяліста ў галіне рэклямы Ірыны Першынай паступілі ў Цэнтральную выбарчую камісію ўчора ўвечары.
Але Ірына Першына ўдзельнічае ў выбарах па дамове прадусаваньня. Яе асабістай пазыцыі ў выбарнай праграме няма, самастойна з прэсай яна не размаўляе. Сапраўдны лідэр кампаніі Ірыны Першынай — кіраўніца яе ініцыятыўнай групы, дырэктарка фірмы Imagemaker Марыя Храмцова.
— Ці правільна я разумею, што Ірына Першына — фігура тэхнічная, фіктыўная, і насамрэч гэта ваша кампанія, вы яе кіраўніца?
— Так.
— А навошта вам гэта трэба?
— Гэта трэба з прафэсійнага пункту гледжаньня. У нас каля паўгода таму была распрацавана праграма «Манаполіс» — праграма электроннага ўраду. Мы спрабавалі яе ўкараняць у Беларусі праз Савет міністраў, празь Дзяржстандарт, праз Адміністрацыю прэзыдэнта. Але гэтая праграма рэалізуецца, толькі калі цалкам памяняць дзяржаўныя інстытуты, дзяржаўнае кіраваньне. Таму я бачу гэта (прэзыдэнцкія выбары — РС) як унікальную магчымасьць, каб ня толькі праявіць сваю ініцыятыву, але і дамагчыся рэальных зьменаў.
— То бок вы разьлічваеце на перамогу?
— Ну... так.
— А чаму ж вы не вылучаеце сваю кандыдатуру?
— Ірына Першына выбрана проста як крэатыўны супрацоўнік, які прадстаўляе нашу кампанію. Я сябе прэзыдэнтам ня бачу і не адпавядаю патрабаваньням, якія выстаўляюцца кандыдатам у прэзыдэнты.
— Якім крытэрам, на вашу думку, павінен адпавядаць кандыдат у прэзыдэнты?
— На мой погляд, гэта крытэры зьнешняга выгляду і тыя патрабаваньні, якія ўтрымліваюцца ў заканадаўстве для ўдзелу ў выбарах. Справа ў тым, што праграма, якую прапануем мы (сыстэма электроннага ўраду), — яна не прадугледжвае асабістай прысутнасьці. Сыстэма электроннага ўраду — гэта безаблічны ўрад. Там няма Ірыны Першынай, Іванова, Пятрова... У сыстэме электроннага ўраду ня мае значэньня, хто і якую пасаду займае.
— А хто будзе сустракацца з грамадзянамі падчас выбарчай кампаніі? Вы ці Ірына?
— З выбаршчыкамі будзе сустракацца Ірына Першына. Але як такую выбарчую кампанію, як іншыя кандыдаты, мы праводзіць не плянуем.
— Тады як будзе выглядаць ваша выбарчая кампанія?
— Наша кампанія будзе праводзіцца праз паштовую карэспандэнцыю і праз інтэрнэт. Стаяць на вуліцах пад парасонамі з плякатамі мы пэўна ня будзем.
— А якім чынам вы плянуеце сабраць 100 тысяч подпісаў?
— Мы плянуем адправіць усю інфармацыю па пошце разам з блянкамі. І ўсе, хто атрымае гэтыя блянкі, павінны будуць вярнуць альбо падпісаныя, альбо пустыя лісты.
— А за што вы ў выніку плянуеце агітаваць? Якія лёзунгі будуць у вашых улётках?
— Дзякуючы свайму выгаднаму геаграфічнаму становішчу Беларусь можа стаць прыкладам новага дзяржаўнага ладу — «Манаполіс», што дазволіць ёй стаць у будучыні транспартнай сталіцай сьвету і бязьвізавай прасторай, з электроннай формай ураду. Сёньня Беларусь ідэальна падыходзіць для ўкараненьня гэтай праграмы.
Беларусь можа стаць прыкладам новага дзяржаўнага ладу — «Манаполіс»
— Праграму «Манаполіс» распрацавала ваша фірма?
— Так.
— А чым у прынцыпе займаецца ваша кампанія?
— Наша кампанія адкрыта з 2010 году. Пачала сваю дзейнасьць яна як іміджавае бюро, куды прыходзілі людзі публічныя і проста высокага матэрыяльнага становішча, каб атрымаць кансультацыі аб падборы прычоскі, колеру валасоў, адзеньня. Зь цягам часу ў нас сталі зьяўляцца новыя напрамкі працы. Чым далей мы разьвіваліся, тым больш наша праца сыходзіла ў напрамку IT-тэхналёгіяў.
— А з каго складаецца ваша ініцыятыўная група? Гэта ў асноўным супрацоўнікі вашай фірмы?
— Так, у нас удзельнічаюць людзі, якія працавалі раней у кампаніі, людзі, якія працуюць цяпер, і непасрэдна самі кліенты. Нават вялікая частка ініцыятыўнай групы — гэта кліенты.
— Паводле якіх крытэраў вы будзеце вызначаць пасьпяховасьць вашага ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі?
— Тут ёсьць два варыянты. Або наша праграма будзе ўкарэнена — цалкам, зь цягам часу, ці ўжо цяпер, ці хаця б улічана пры распрацоўцы далейшай дзяржаўнай стратэгіі. Або мы набяром 100 тысяч і будзем далей удзельнічаць у выбарах.
— Як вы ставіцеся да Аляксандра Лукашэнкі?
— Я да яго нармальна стаўлюся — інакш і быць ня можа. Чалавек знаходзіцца ля стырна ўжо 20 гадоў — гэта вельмі вялікі тэрмін. Калі ты аднаго і таго ж чалавека бачыш, ты ўспрымаеш яго так, што і дзяржава, і гэты чалавек становіцца адзіным цэлым.