14 ліпеня дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў у падтрымку патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта паступілі ў Цэнтральную выбарчую камісію толькі ад імя Лукашэнкі.
Такім чынам, Аляксандар Лукашэнка апярэдзіў канкурэнтаў. Праз тры гадзіны пасьля гэтага Цэнтравыбаркам паведаміў, што ў пятніцу, 17 ліпеня, адбудзецца паседжаньне, на якім разгледзяць дакумэнты аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў.
Сам Аляксандар Лукашэнка дакумэнты ў Цэнтравыбаркам не прыносіў. За яго гэта зрабіў Міхаіл Орда. Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі стаў кіраўніком ініцыятыўнай групы Лукашэнкі. У склад групы ўваходзіць каля 10,5 тысячы чалавек.
Паводле выбарчага заканадаўства ў ЦВК перадаюць два абавязковыя дакумэнты. Першы — заява аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, другі — асабовы сьпіс гэтай групы.
Справа нашай камісіі — праверыць гэтыя дакумэнты, — кажа сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:
«У чым заключаецца праверка? Спачатку правяраем, ці адпавядае заканадаўству тая кандыдатура, за якую ініцыятыўная група хоча зьбіраць подпісы. Патэнцыйны кандыдат павінен быць грамадзянінам Беларусі, які пражывае на тэрыторыі рэспублікі як мінімум 10 апошніх год. Ён таксама павінен быць грамадзянінам Беларусі па нараджэньні і ня мець нязьнятай судзімасьці.
Другое, што мы правяраем, — адпаведнасьць асобаў, якія маюць зьбіраць подпісы, заканадаўству. Напрыклад, ці не зьяўляецца хто зь іх грамадзянінам іншай краіны, бо замежнаму грамадзяніну нельга быць чальцом ініцыятыўнай групы. Другая распаўсюджаная памылка, з досьведу ранейшых выбараў, — гэта ўключэньне ў склад групы непаўналетніх. Нельга, каб у групу ўваходзілі людзі, якім на дзень яе рэгістрацыі няма 18 гадоў».
Фармальна тое, што кандыдат здаў дакумэнты ў ЦВК раней за іншых, перавагі яму не дае. Усе патэнцыйныя прэтэндэнты, чые ініцыятыўныя групы Цэнтральная выбарчая камісія зарэгіструе, пачынаюць збор подпісаў у адзін дзень — 23 ліпеня. Так прапісана ў Выбарчым кодэксе, з разьліку, каб усе прэтэндэнты былі на старце ў аднолькавых умовах.
Але Лукашэнка сёньня атрымаў псыхалягічную перамогу над магчымымі канкурэнтамі — лічыць палітоляг Аляксандар Класкоўскі:
«Відаць, у камандзе дзейнага прэзыдэнта бяруць пад увагу псыхалягічны чыньнік — той, хто здае дакумэнты першым, дэманструе тым свой вялікі патэнцыял, сваю ўпэўненасьць. Не сакрэт жа, што для некаторых альтэрнатыўных прэтэндэнтаў сфармаваць ініцыятыўную групу — вялікае пытаньне. І ёсьць, відаць, людзі з той абоймы, якая цяпер пералічваецца, якія ўжо на гэтым этапе адпадуць ад выбарчай гонкі. А хтосьці прынясе дакумэнты аж пад самую заслону. І на гэтым тле тое, што прадстаўнікі дзейнага прэзыдэнта першымі прыносяць неабходныя паперы ў ЦВК, становіцца дадатковым чыньнікам. Ён паказвае электарату, хто сапраўды мае сілу, рэсурс, аўтарытэт і патэнцыял».
Каб перайсьці з разраду «патэнцыйны кандыдат» у разрад «кандыдат», трэба, каб ініцыятыўная група перадала ў ЦВК як найменей 100 тысяч сапраўдных подпісаў грамадзянаў Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам. На збор подпісаў аддаецца 30 дзён ад 23 ліпеня па 21 жніўня 2015 году ўключна.