Спадар Цярэшчанка — вэтэран прэзыдэнцкіх кампаніяў: вылучаецца чацьвёрты раз, пачынаючы ад 1994 году. Зрэшты, кандыдатам яго зарэгістравалі толькі аднойчы — у 2010 годзе. Тады ён стаў адзіным, ня лічачы Лукашэнкі, каго не затрымалі за «арганізацыю беспарадкаў».
Яшчэ на мінулым тыдні 65-гадовы Цярэшчанка не выказваў намеру чарговым разам паспрабаваць сябе ў прэзыдэнцкай гонцы. А сёньня ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што мяркуе сфармаваць ініцыятыўную групу колькасьцю да 3 тысяч чалавек:
«Дзесьці ў чацьвер-пятніцу прыняў канчатковае рашэньне, цяпер актыўна зьбіраем ініцыятыўную групу, штаб сядзіць за кампутарам, людзі сочаць за сытуацыяй. Так што буду вылучацца. Я ўжо сустракаўся і перагаварыў і з Калякіным, і з Караткевіч, і нават з Гайдукевічам праз тэлефон. У прынцыпе, мы аднадушна разумеем цяперашняе становішча, бо калі валіцца эканоміка, сядзець і маўчаць проста немагчыма. Гэта калі мякка выказвацца, без эмоцыяў. Але пра эканоміку трэба гаварыць найперш.
Будзем падтрымліваць адзін аднаго адназначна. Я даў прапановы і гатовы ўвайсьці — сам асабіста і мае калегі — у іхнія групы, іхнія групы запрашаем у нашы, у справе збору подпісаў дзяліць нам пэўна няма чаго. З улікам таго, што грамадзянін можа падтрымаць і аднаго, і другога прэтэндэнта, будзем у гэтым пытаньні адкрытымі. Так што з майго боку жаданьне зарэгістравацца ёсьць, нягледзячы на розныя нюансы. Але для мяне ўсе калегі зразумелыя, я іх паважаю як асобаў, як прафэсіяналаў, ніякай барацьбы пад дываном ня будзе. Але сумесна, як кажуць, і бацьку можна надаваць».
Хто стане на чале ягонага перадвыбарнага штабу, спадар Цярэшчанка яшчэ вызначаецца. Затое ўжо ведае, на якой плятформе будзе грунтавацца ягоная праграма патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты. Цікаўлюся, ці такі ж выразны акцэнт на эканамічныя пераўтварэньні, як падчас кампаніі пяцігадовай даўнасьці?
«Так, будуць, зразумела, нюансы, але ў аснове працэнтаў на 70 — гэта эканоміка. Бо як няма эканомікі — адпаведна, і мы — як дзяржава, як насельнікі — нічога ня вартыя. Таму, яшчэ раз кажу, дзесьці 70% застанецца за неабходнасьцю эканамічных пераўтварэньняў, астатнія 30% — эфэктыўнае супрацьстаяньне пагрозам і выклікам новага часу. Я ўсё ж зыходжу з таго, што сам эканаміст і ўсё жыцьцё гэтым займаюся. Цяпер у мяне ў выдавецтве знаходзіцца кніга, прысьвечаная нашым эканамічным праблемам. Па сутнасьці, усё тое, пра што я казаў летась на міжнароднай канфэрэнцыі ў Акадэміі навук, шматразова зьвяртаўся да прэзыдэнта і ўраду, але так ніводнага разу і ня быў пачуты. Нікому ні халеры не патрэбна: людзі ў выканаўчай уладзе сядзяць, у носе калупаюцца, ня хочуць ні пра што думаць. Нават з Акадэміі навук не атрымаў адказу.
На жаль, такое стаўленьне — рэальнасьць, што ёсьць, тое ёсьць. Я ж рэальна бачу: калі няма разуменьня ў людзей, якія сядзяць на пасадах і мусяць прыняць кіроўнае рашэньне, дык, адпаведна, і заўтра нічога прынцыпова новага ня будзе. Апрача хіба што масіраванай ідэалёгіі, у якой яны сапраўды „чэмпіёны“. Толькі і хочацца сказаць: хачу жыць у Беларусі, якую паказваюць па тэлевізары».
Пэўныя сілы дэмакратычнай супольнасьці групуюцца вакол ідэі вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты палітвязьня Міколы Статкевіча. Ці мяркуе далучыцца да гэтай ідэі і Віктар Цярэшчанка?
«Так, я ў курсе такой ініцыятывы, сустракаўся з кіраўніком гэтай групы Сяргеем Скрабцом, зь іншымі актывістамі. Яны заявілі пра намер увайсьці ў склад нашай групы, гэтаксама як і я даў згоду на падтрымку Статкевіча. Хоць я і разумею, што, на жаль, у юрыдычным сэнсе тут нічога не атрымаецца. Але, зыходзячы ўжо з таго, каб людзі не засталіся ўбаку, я ім прапанаваў увайсьці ў склад нашай ініцыятыўнай групы. І ўжо атрымаўшы права голасу, цалкам натуральна пра гэта гаварыць. Ну, а як інакш? Я прапанаваў гэта ўсім — і Калякіну, і Караткевіч. На жаль, зь Лябедзькам яшчэ не сустрэўся, але такая сустрэча бліжэйшым часам будзе. Справа ў нас, як кажуць, справядлівая, таму наперад — разам».
Віктар Цярэшчанка нарадзіўся ў 1950 годзе ў вёсцы Дуброўка Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці ў сялянскай сям’і. Скончыў эканамічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Навучаўся ў Міжнародным інстытуце мэнэджмэнту (Кіеў, Украіна), а таксама ў University of Delaware (USA). Атрымаў навуковую ступень МВА — Master of Business Аdministration in International Business Activities. Генэральны дырэктар «Міжнароднага інстытуту мэнэджмэнту». Дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня. Аўтар больш як 70 навуковых працаў па эканамічным разьвіцьці Беларусі, кандыдат эканамічных навук. Узначальваў Міжнародны інстытут мэнэджмэнту, экс-старшыня Беларускай народнай партыі. Жанаты, выхоўвае дзьвюх дачок.